Экспертиза — фундамент в ведении уголовного дела

dsc_0668У Лепелі асабісты прыём грамадзян па пытаннях, што датычацца дзейнасці Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, з адначасовым правядзеннем прамой тэлефоннай лініі ажыццявіў намеснік начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці — галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт па Віцебскай вобласці Дзмітрый Рабаў.

Аб прыёме грамадзян і прамой тэлефоннай лініі было паведамлена загадзя ў раённай газеце “Лепельскі край”. Лепяльчане мелі магчымасць пракансультавацца з вопытным спецыялістам. Трэба адзначыць, што многія пытанні, якія прагучалі, былі даволі няпростыя.
— Дзмітрый Міхайлавіч, вы з’яўляецеся галоўным дзяржаўным судова-медыцынскім экспертам па Віцебскай вобласці. Чым займаюцца судовыя медыкі?
— Задачы, якія вырашаюць судовыя медыкі, вельмі разнастайныя. Акрамя даследаванняў трупаў, з якімі ў асноўным у людзей і асацыіруецца наша дзейнасць, судовыя медыкі праводзяць экспертызы па ўстанаўленні характару ступені цяжару цялесных пашкоджанняў. Гэты від экспертыз праводзіцца ў дачыненні да грамадзян, што атрымалі цялесныя пашкоджанні ў ДТЗ, на вытворчасці, у побыце.
У цяперашні час маюць вялікае развіццё генетычныя даследаванні, якія дазваляюць усталёўваць па слядах біялагічнага характару (крыві, сліне) датычнасць той альбо іншай асобы да здзяйснення злачынства. Дакладнасць вынікаў складае больш за 99,99 працэнта. Ёсць у нас медыцынскія крыміналісты. Іх высновы дапамагаюць усталёўваць прыладу злачынства, а па слядах крыві на прадметах і вопратцы — рэканструяваць падзею.
Неацэнная і дзейнасць судова-медыцынскіх экспертаў-хімікаў пры падазрэнні на атручванне. Эксперты-гістолагі вызначаюць даўнасць прычынення пашкоджанняў, што вельмі важна для ўстанаўлення ісціны па справе. Ну і, вядома, гістолагі вызначаюць мікраскапічныя прыкметы захворванняў, якія пры жыцці былі ў чалавека. Нашы спецыялісты прымаюць удзел у следчых дзеяннях (агляды месцаў здарэнняў пры падазрэнні на гвалтоўную смерць, следчыя эксперыменты з мэтай высвятлення магчымасці прычынення цялесных пашкоджанняў пры тых ці іншых абставінах), мы ажыццяўляем нагляд за якасцю аказання медыцынскай дапамогі арганізацыямі аховы здароўя ў рамках праводзімых судова-медыцынскіх экспертыз.
— Па якіх траўмах часцей за ўсё праводзяцца экспертызы?
— Часцей за ўсё пры судова-медыцынскай экспертызе праводзіцца медыцынскае абследаванне фізічнай асобы з мэтай устанаўлення характару і цяжару такіх цялесных пашкоджанняў, як сінякі і раны, атрыманыя ў ходзе бытавых канфліктаў. У час такога даследавання аглядаецца не толькі твар чалавека, які прыйшоў на экспертызу, але таксама вывучаюцца медыцынскія дакументы (гісторыі хваробы, індывідуальныя карты амбулаторнага хворага, рэнтгенаўскія здымкі і г.д.), матэрыялы справы.
— За правядзеннем якіх даследаванняў больш за ўсё звяртаюцца людзі па ўласнай ініцыятыве?
— Некаторыя віды экспертыз могуць быць праведзены па заявах грамадзян, такія даследаванні праводзяцца на платнай аснове. У цяперашні час досыць запатрабавана экспертыза сваяцтва або, іншымі словамі, «устанаўленне бацькоўства». Даследаванні па ўсталяванні спрэчнага бацькоўства або мацярынства ў нас праводзяць ужо больш за чатыры гады. Але раней гэта рабілі па рашэнні суда (часцей, калі разглядалася справа аб выплаце аліментаў) альбо добраахвотна на дагаворнай аснове. У абодвух выпадках трэба было, каб у лабараторыі знаходзіліся ўсе зацікаўленыя людзі: маці, дзіця і меркаваны бацька. Год таму гэтую экспертызу сталі праводзіць і ананімна. Юрыдычнай сілы ў судзе вынікі ананімнай экспертызы не маюць, але чалавек можа атрымаць інфармацыю аб бацькоўстве ўпотай ад другога з бацькоў, і ўжо як ён ёю распарадзіцца, залежыць ад жыццёвай мудрасці кожнага.
Звяртаюцца да нас грамадзяне для правядзення судова-псіхіятрычных даследаванняў па ўстанаўленні здзелказдольнасці грамадзян. Перш чым купіць кватэру ці дачу ў пажылога, які пакутуе псіхічнымі захворваннямі, або чалавека, што злоўжывае алкаголем, мэтазгодна атрымаць заключэнне псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы аб яго здольнасці або няздольнасці разумець значэнне сваіх дзеянняў і кіраваць імі пры афармленні грамадзянскага акта. Гэта зберажэ ад неапраўданай рызыкі пасля пазбавіцца маёмасці. Судова-псіхіятрычныя падраздзяленні працуюць у Віцебску, Наваполацку, Оршы і Паставах.
Бывае, што людзі звяртаюцца з мэтай устанаўлення характару і ступені цяжару цялесных пашкоджанняў, пры атрыманні траўмаў у побыце альбо пры ўзнікненні страхавых выпадкаў (напрыклад, пры траўмаванні ў транспарце).
— Падкажыце, куды звяртацца ў выпадку смерці сваяка?
— Перш за ўсё неабходна звярнуцца ў хуткую дапамогу па тэлефоне “103” і міліцыю па тэлефоне “102”. У гэтым выпадку супрацоўнікі хуткай дапамогі канстатуюць смерць, а затым супрацоўнік праваахоўных органаў сумесна з медработнікам павінны пераканацца ў адсутнасці прыкмет гвалтоўнай смерці. Калі прыкмет гвалту няма, памерлы сваяк назіраўся ва ўчастковага ўрача ў сувязі з цяжкім хранічным захворваннем, то судова-медыцынская экспертыза можа не прызначацца. Калі ўсё ж такі СМЭ прызначаецца, асобе, якая ўзяла на сябе абавязкі па пахаванні, для атрымання медыцынскага пасведчання аб смерці належыць звяртацца ў тое структурнае падраздзяленне Дзяржкамітэта судовых экспертыз, дзе праводзілася экспертыза памерлага. Пры сабе неабходна мець свой пашпарт і пашпарт памерлага.
— Куды трэба звяртацца нашым грамадзянам па пытаннях вытворчасці медыцынскіх судовых экспертыз?
— Грамадзяне могуць звярнуцца з пісьмовымі заявамі па пытаннях вытворчасці медыцынскіх судовых экспертыз да начальніка Лепельскага міжраённага аддзела ДКСЭ Рэспублікі Беларусь Дзяніса Казлова.
— Ці можам мы сцвярджаць, што экспертыза на сённяшні дзень — падмурак у вядзенні крымінальнай справы?
— Цалкам дакладна. Ні адзін суд на сённяшні дзень не вынесе абвінаваўчы прысуд, калі ў справе няма заключэння эксперта. Усе бакі справы, як правіла, аб гэтым добра праінфармаваны. Часам па адной справе выконваюцца дзясяткі рознага кшталту судовых экспертыз. Нярэдка менавіта заключэнне эксперта з’яўляецца асновай для рашэння суда. Хачу звярнуць увагу, што пры правядзенні экспертызы эксперт з’яўляецца працэсуальна незалежнай асобай, ён не зацікаўлены ў зыходзе справы і нясе крымінальную адказнасць за дачу заведама лжывага заключэння.
Наталля ХРАПАВІЦКАЯ
На здымку: Дзяніс Казлоў (злева) і Дзмітрый Рабаў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>