Умеет держать своё слово начальник цеха ГЛХУ «Лепельский лесхоз» Елена Гречная

dsc_0631У наш час, калі кіруе жанчына, — справа ўжо нярэдкая, а вось у мужчынскім  калектыве… Якімі ж якасцямі трэба валодаць, каб атрымаць аўтарытэт у моцнай паловы нашага грамадства? Напэўна, здольнасць дасягаць вынікаў, інтэлект, дзелавыя навыкі і, канечне, уменне трымаць сваё слова.

Лічу, што жанчына больш сіл скіроўвае на падыход да кожнага чалавека паасобку. А гэта дапамагае дасягнуць высокіх вынікаў у працы і калектыве.
Менавіта ўсе гэтыя якасці мае начальнік дрэваапрацоўчага цэха ДЛГУ “Лепельскі лясгас” Алена Грэчная.
Нарадзілася ў вёсцы Дубраўкі Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці. Пасля заканчэння школы паступіла ў Полацкі дзяржаўны лясны тэхнікум (цяпер філіял БДТУ “Полацкі дзяржаўны лясны каледж”), які скончыла з адзнакай.
— Аднак як апынуліся ў Лепельскім раёне?
— Па накіраванні трапіла ў 1987 годзе ў Домжарыцы на працу ў Бярэзінскі біясферны запаведнік. Вучылася ў Полацку разам з будучым мужам, які быў старастам у групе, а я — камсоргам. Разам і прыехалі на Лепельшчыну. Працоўную дзейнасць пачынала з майстра лесу Домжарыцкага лясніцтва. У гэтым жа годзе з мужам паступілі на завочнае аддзяленне Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Падчас вучобы на першым курсе нарадзіўся сын, на апошнім — дачка. Аднак з дапамогай маці абышліся без акадэмічных водпускаў. Прыйшлося ёй за гэты перыяд, канечне, пажыць і ў Домжарыцах, і ў Мінску. Некалькі гадоў я была бухгалтарам. У 1997-м была пераведзена на пасаду начальніка дрэваапрацоўчага цэха. З лістапада 2006-га і да 2013 года працавала галоўным інжынерам, потым зноў начальнікам цэха. З 30 мая гэтага года — у ДЛГУ “Лепельскі лясгас”.
— Чым прыцягнуў лясны каледж?
— З дзяцінства люблю прыроду. Прываблівае сваёй прыгажосцю, багаццем колераў, дарункамі. Вакол маёй роднай вёскі — лес, нават у дзяцінстве не даводзілася позна спаць. А пятай гадзіне раніцы ўжо бегала за грыбамі, ягадамі. Без лесу, увогуле, не ўяўляю свайго жыцця. Пашчасціла, што і на Лепельшчыне жывём у прыгожым месцы.
Мой старэйшы брат пасля васьмі класаў пайшоў вучыцца ў лясны тэхнікум. З яго слоў мела ўяўленне пра спецыяльнасці, установу, асаблівасці навучання. Там жа вучыўся і стрыечны брат.
— Ці вялікі ў вас тут калектыў? І як працаваць з мужчынамі, кіраваць імі?
— У цэху працуе каля 70 чалавек, аднак не адчуваю ніякіх складанасцяў. Разумеем адзін аднаго з паўслова. У наш час ужо не глядзяць на жанчыну, якая кіруе, з асцярогай, здзіўленнем. Галоўнае — паказаць, што ты маеш дастатковы досвед у дадзеным накірунку. Кожны выконвае сваю працу. Лічу, што кіраўнік заўсёды павінен выслухаць, зразумець і прыняць правільнае рашэнне. Вельмі не люблю падману. Хлопцы гэта ведаюць.
Імкнуся разумець тэхніку, да якой маем дачыненне на вытворчасці, і гэта мне ўдаецца. Хочацца ведаць станок да падшыпніка.
— Адкуль такая цікавасць да тэхнікі? Гучыць не зусім звыкла…
— Маю двух старэйшых братоў. З дзяцінства заўсёды была цікавасць да тэхнікі. Калі выхоўваешся з хлопцамі, замест лялькі звычайна гуляеш з машынкамі… У 1987 годзе атрымала правы на матацыкл, стаж ужо больш за 20 гадоў.
— А які быў любімы прадмет у школе?
— Любіла многія прадметы, аднак больш цікавіла хімія. Яна мне потым спатрэбілася і пры паступленні. Напэўна, мая цікавасць да гэтага прадмета перадалася і дачцэ. Яна скончыла медыцынскі ўніверсітэт, зараз працуе намеснікам загадчыцы аптэкі ў Мінску. Лічылі, што сын пойдзе па нашых слядах, аднак ён выбраў выратавальную службу — скончыў камандна-інжынерны інстытут МНС РБ.
— Адчуваецца, што вы па жыцці лідар. Гэта набытая ці закладзеная ў дзяцінстве якасць?
— З гэтым ніколі не мела праблем. У сям’і было прынята паважаць старэйшых, шмат працаваць, таму мэтанакіраванасць суправаджае мяне з малых гадоў. Па гараскопе я — леў. Заўсёды ў класе была лідарам. З дзяцінства была спартсменкай — імкнулася перамагчы. З задавальненнем хадзіла на лыжах, займалася лёгкай атлетыкай. Нават пад час працы ў Бярэзінскім запаведніку актыўна гуляла ў валейбол. Увечары не даводзілася праводзіць час каля тэлевізара. Калі толькі пачынала працаваць, у раёне былі вядомыя моцныя каманды Лепельскага гідрамеліярацыйнага тэхнікума, райвыканкама і Бярэзінскага запаведніка. Заўсёды праходзілі спаборніцтвы.
— А ў сям’і вы таксама лідар?
— З мужам заўсёды знаходзім паразуменне. Вырашаем усе пытанні разам, сумесна. Не адчуваю ніякага лідарства. Лічу, што ў сям’і яго і не павінна быць. Галоўнае — узаемапавага, сяброўства.
— Чым займаецеся ў вольны час?
— Канечне, працую на прысядзібным ўчастку. Не ўяўляю сабе жыцця без зямлі. Забяспечваем сябе і дзяцей прадуктамі, робім шмат нарыхтовак на зіму. Хатняя агародніна чыстая, смачная. У магазіне такой няма. Люблю і па лесе пахадзіць, як толькі з’яўляецца вольная хвіліна. Адпачываю там душою. Ахвотна збіраю грыбы, розныя ягады, асабліва журавіны. Іх карысць цяжка пераацаніць.
— Некалькі слоў аб працы…
— У першую чаргу, канечне, працую з насельніцтвам. Шмат заказваюць піламатэрыялаў для рамонту і будаўніцтва. Людзі пачалі вяртацца да карыснага матэрыялу — дрэва. Звяртаюцца з Чашніцкага, Ушацкага і Лепельскага раёнаў. Трэба растлумачыць, параіць чалавеку, потым — падлічыць. Працуем таксама з арганізацыямі і прадпрыемствамі, для якіх заўсёды ёсць інфармацыя на нашым сайце.
У нашай працы існуюць сур’ёзныя патрабаванні да якасці прадукцыі. Прамысловасць уключае ў сябе распілоўку дзелавой драўніны, якая ажыццяўляецца на круглапільнай лініі польскай фірмы «Brodpol». dsc_0633Часцей гэта прадукцыя накіроўваецца за межы Рэспублікі Беларусь. Усталяваны лінія па перапрацоўцы танкамернай драўніны, акорачнае абсталяванне і станкі для ацыліндроўкі бервяна.
З лістапада пачала працаваць новая лінія фірмы “Mebor” (Славенія), дзе праводзіцца распілоўка дзелавой драўніны дыяметрам 26 і больш сантыметраў.
Пакуль размаўлялі з Аленай Паўлаўнай, у яе кабінет бясконца прыходзілі заказчыкі альбо работнікі. Кожнаму знайшла адказ, падказала, дала параду. Энергіі гэтай жанчыны можна толькі пазайздросціць. На пытанне, як усё паспявае, толькі ўсміхаецца і кажа: “А як іначай, працэс павінен быць няспынным”.
Заўважаю на сцяне ў рамцы пасведчанне аб занясенні на Дошку гонару працоўнага калектыву дрэваапрацоўчага цэха ДЛГУ “Лепельскі лясгас”.
— Гэта адна з нашых апошніх узнагарод.
Працу сваю вельмі люблю. Яна дае магчымасць развівацца, фарміруе пэўны круг зносін.
І як жа без рамантыкі… Гэтая слабая моцная жанчына вельмі любіць ружы. Хоць і шмат часу забірае праца, аднак вырошчвае любімыя кветкі на сваім участку. А як жа без іх!? Дзелавая, працалюбівая, але адчуваецца, што яна яшчэ каханая жонка, клапатлівая маці і бабуля. Не можа нацешыцца любімымі ўнучкамі Мар’янай і Ілонай, песціць іх ва ўсім.
А па вечарах яна любіць паглядзець улюбёны серыял і паперажываць за герояў.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымках: Алена Грэчная; у цэху.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>