«Урок начинается с улыбки», — считает директор Полсвижской БШ Светлана Карабань

img_6588Прынята казаць, што тэатр пачынаецца з вешалкі. А з чаго бярэ пачатак школа? Адказы на гэта і іншыя пытанні мы высвятлялі ў размове з новым дырэктарам Поўсвіжскай базавай школы Святланай
Карабань.

Ранні зазімак паціху саступаў месца каляндарнай восені. Снег, што насыпаўся як порхаўка, на незакалянелай яшчэ зямлі хутка растаў. Дворык школы зноў ачысціўся, і рабочыя прадоўжылі ўкладваць плітку, якую не паспелі пакласці да зазімку. У кабінеце дырэктара сустрэў новага гаспадара, дакладней, гаспадыню. Ну, як новага! Святлану Анатольеўну, якая тут была намеснікам дырэктара, ведаю даўно, плённа супрацоўнічаем у інфармацыйным плане. Чалавек кампетэнтны і пунктуальны, з ёй заўсёды было лёгка працаваць. А зараз — наша першая размова з новым дырэктарам Поўсвіжскай базавай школы.
— Дык з чаго ж пачынаецца школа, Святлана Анатольеўна?
— Хіба не бачыце, з фасаду. Паднаўляем, гэта, дарэчы, наша даўняя мара, якую сёлета ўдалося здзейсніць. Дзякуй прадпрымальніку Ілью Малееву, які падарыў нам тратуарную плітку. Не новая, але цалкам прыгодная. І работы выконваюць работнікі УП “Малееў-Сэрвіс”.
— Колькі будуць каштаваць гэтыя работы?
— Пакуль яшчэ не падлічвалі.
— Вы ўжываеце множны лік, але ж гэта мена-віта ваша першая гаспадарская справа на дырэктарскай пасадзе.
— Я толькі працягваю ажыццяўляць задумкі і пачынанні свайго папярэдніка, з якім мы працавалі ў цесным тандэме. Анатоль Карпіцкі мяне шмат чаму навучыў і, прынамсі, апошнім часам, калі ўжо стала зразумела, што ён перадае мне справы. Так што тут якраз да месца слова “мы”. Прытым, мы зараз павінны трымаць планку, паднятую дастаткова высока і працягваць лепшыя традыцыі школы, што і робім.
— Пра гэта раскажыце, калі ласка, падрабязней.
— Практычна палова вучняў паспявае на сем —дзесяць балаў. Удзельнічаем у другім этапе рэспубліканскіх алімпіяд. Летась наша вучаніца Ірына Мулерава заваявала прызавое месца на раённай алімпіядзе па працоўным навучанні. Зараз яна навучэнка Віцебскага ветэрынарнага каледжа. І сёлета ўжо маем адзін дыплом. Васьмікласніца Валянціна Вараная дасягнула поспеху на алімпіядзе па рускай мове і літаратуры. Вельмі спадзяёмся на поспех і на алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, фізкультуры, працоўным навучанні. Шмат цікавага і карыснага праводзіцца і на ніве выхаваўчай працы. Арганізуем сустрэчы з цікавымі, творчымі людзьмі, з нашымі землякамі — прадстаўнікамі розных прафесій. Летась атрымалі новы аўтобус. Вопытны вадзіцель вельмі клапоціцца аб стане транспарту. Маем магчымасць наведваць экскурсіі. Толькі сёлета пабывалі ў трох музеях Слабадской сярэдняй школы, у віцебскім тэатры “Лялька”, наведалі Сафійскі сабор і іншыя гістарычныя помнікі Полацка.
— А з чаго вы пачыналі, заступіўшы на новую пасаду?
— Гэта было напрыканцы жніўня. Пачынала з арганізацыі падвозу дзяцей. Трэба было акрэсліць, узгадніць маршруты, графікі. На падвозе ў нас пяцьдзясят дзевяць дзяцей. Маршрут даволі складаны, вёскі раскіданыя, аддаленыя. Да таго ж сёлета падвозяцца трое дзяцей з Лепеля ў Поўсвіжскі дзіцячы сад. Пакуль трое, але спадзяёмся, жадаючых стане больш, калі бацькі ўбачаць, што ў нашым дзіцячым садку не горш, чым у гарадскіх. А там, магчыма, камусьці з гарадскіх і ў нашай школе захочацца вучыцца.
— Калі запытаўся, з чаго пачынаецца школа, вы ўсміхнуліся. І я падумаў, што, магчыма, школа якраз і пачынаецца з прыязнай усмешкі настаўніка. Што вы скажаце на гэты конт, а заадно і пра калектыў?
— Вы не памыліліся. Вельмі важна, з чым настаўнік прыйшоў на ўрок — ці толькі з пэўным багажом ведаў? А ці прыхапіў ён з сабою пазітыўны зарад энергіі? Таму калектыў, у якім працуеш, — вельмі важны складальнік поспеху. Я ў гэтым калектыве працую з 1992 года. За гэты час некаторыя звольніліся і застаўся моцны касцяк, які працуе не на разбурэнне, а на стварэнне.
— Аднак жа калектыў у многім стварае кіраўнік, ці не так?
— Так, і ён шукае сабе каманду, на якую можа разлічваць, на падтрымку якой можа спадзявацца. Так мы працавалі з Анатолем Міхайлавічам. Так зараз працуем з Аленай Яўсеевай, новым намеснікам, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Я вельмі ўдзячная Алене Мікалаеўне — у нас паразуменне і плённае супрацоўніцтва. Калектыў у асноўным жаночы. З пятнаццаці педагогаў толькі трое мужчын, ёсць яшчэ вартаўнікі, вадзіцель. Калектыў вопытны, сярэдні ўзрост — каля пяцідзесяці гадоў. Палова педагогаў мае вышэйшую катэгорыю. Атмасфера прыязная і цёплая…
— Аднак і ў кабінетах школы цёпла…
— Гэта мы зэканомілі цеплыню. Камунальныя службы прывялі ў гатоўнасць да зімы цеплатрасу, схавалі трубы пад зямлю. У школе стала значна цяплей.
— Нязвыкла вам у ролі гаспадарніка?
— Ведаеце, часткова зарабляць пазабюджэтныя грошы даводзілася і раней. Гатавалі клёцкі, прадавалі самаробкі. Зараблялі на платных гуртках. Сёлета вось абнавілі шторы ў сталовай, набылі новыя хлебніцы. Дзеці рады, кажуць, сталовая стала падобная да кафэ.
— Дзякуй за гутарку. Поспехаў вам і творчых, і гаспадарчых.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: дырэктар Поўсвіжскай базавай школы Святлана Карабань.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>