Праздник работников села прошёл в Лепельском РДК

img_3752Па традыцыі напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу ў раённым Доме культуры быў арганізаваны святочны канцэрт, на які былі запрошаны перадавікі сельгасвытворчасці. Незадоўга да пачатку сталі прыязджаць госці: лепшыя механізатары, даглядчыкі жывёлы і аператары машыннага даення, кіраўнікі і спецыялісты сельгасарганізацый. Гэта была, як і ў ранейшыя гады, сустрэча старых сяброў, добрых знаёмых, калег, якія разам працуюць на зямлі, ствараюць агульны дабрабыт.

img_3953Лепель сустрэў старых сяброў абноўленай залай РДК.
— Памятаю ранейшую залу, — дзяліўся ўражаннямі механізатар, — яна была аформлена ў барвовых танах. Гэта было велічна, урачыста. Леташні Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі праводзіўся ў актавай зале школы мастацтваў. Яна меншая і таму ледзьве ўмяшчала ўсіх запрошаных. Цяперашняя ж зала амаль запоўненая, усім хапае месца. Афармленне выканана ўжо ў светла-зялёным, салатавым колерах. Лёгкіх. Мне так больш падабаецца.
Сёлета з цяперашнімі перадавікамі палёў на свята завіталі і лепшыя работнікі мінулых гадоў. Разам з дырэктарам СВП “Пражэктар” Аляксандрам Дзямко і старшынёй Слабадскога сельсавета Валерыем Садоўскім у Лепель прыехаў Іван Лях, былы механізатар, кавалер ордэна “Знак Пашаны” і медаля “Ветэран працы”. Успамінае Іван Маркавіч:
— Увесь мой працоўны шлях быў звязаны з калгасам “Пражэктар”. Прыйшоў туды працаваць у канцы 1950-х — пачатку 1960-х гадоў. Тады пачалі расфарміроўвацца машынна-трактарныя станцыі, а іх тэхніка перадавалася ў калгасы. Я пачынаў працаваць на трактары МТЗ-1. Потым былі МТЗ-2, МТЗ-50, заканчваў на МТ-82. Пашчыраваў на гусенічніках ДТ-54 і ДТ-74, падчас жніва быў камбайнерам, асвоіў усе мадэлі, толькі “Дон-1500” не паспеў. Ордэнам быў узнагароджаны ў 1971 годзе, пазней атрымаў і медаль.
— Іван Маркавіч — ганаровы ветэран нашага працоўнага калектыву, — дадае дырэктар СВП “Пражэктар” Аляксандр Дзямко, — механізатары старэйшага пакалення яго памятаюць. Многіх ён вучыў асабіста, перадаваў свой багаты вопыт.
img_3876Вось яшчэ адзін ветэран. Калі мужчына зняў куртку, медалі і ганаровыя знакі на яго пінжаку так засвяціліся, што ў холе стала яшчэ ярчэй. Аляксей Іванавіч Глухаў, былы механізатар саўгаса “Лепельскі”, — кавалер ордэна Працоўнага Чырвонага сцяга, медаля “Ветэран працы”, неаднаразовы пераможца сацыялістычных спаборніцтваў. У свой час ён працаваў на ўсіх мадэлях корманарыхтоўчай тэхнікі, якія эксплуатаваліся ў БССР, на розных мадэлях трактароў.
— Эх, якая ж магутная тэхніка зараз эксплуатуецца ў гаспадарках! — кажа Аляксей Іванавіч. — Зайздрошчу цяперашнім механізатарам. Калі б у наш час была падобная тэхніка, мы б яшчэ лепш, больш прадукцыйна працавалі. Маглі б больш зямлі ўзараць, засеяць, больш кармоў нарыхтаваць…
Святочны канцэрт пачаўся з віншавальнага слова. Старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч адзначыў, што праца хлебароба, жывёлавода заўсёды была самай шануемай у Беларусі, і сёння харчовая бяспека з’яўляецца адным з галоўных прыярытэтаў дзяржавы. Лепельшчына ўдзячная ўсім, хто сее, даглядае пасевы, убірае збожжа, нарыхтоўвае кармы, хто пасе і доіць жывёлу, адкормлівае яе. Сёлета нам ёсць чым ганарыцца. Камбайнеры СВФ “Заазер’е” Леанід Аляксеенка і Павел Ханяк на прайшоўшай уборачнай кампаніі сталі лепшымі ў вобласці і аднымі з лепшых у рэспубліцы. Па прывагах свіней Лепельшчына трывала ўваходзіць у дзясятку лепшых ва ўсёй краіне. У далейшым сельскагаспадарчая галіна мае вялікія перспектывы, важна толькі не зніжаць тэмпаў працы, не збаўляць абаротаў.
Старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Сяргей Марціновіч павіншаваў усіх, хто прыйшоў у залу, выказаў словы шчырай падзякі працаўнікам палёў і фермаў. Сёлета земляробы і жывёлаводы адпрацавалі няблага, дзейнасць па ахове працы праводзілася на належным узроўні.
Зоркамі сцэны на святочным канцэрце сталі выхаванцы дзіцячых творчых калектываў. Іх танцавальныя і вакальныя нумары кожны раз завяршаліся гучнымі апладысментамі залы. Адметнымі былі выступленні артыстаў Каменскага, Старалядненскага, Домжарыцкага Дамоў культуры, артыстаў народнага драматычнага тэатра “Пошук” Віктара Джамілашвілі і Віталя Хватынца, якія паказалі сцэнічны эцюд паводле ўрыўка з аповесці Аляксея Дударава “Вечар”.
Аднак сапраўднай залацінкай канцэрта стала дэфіле ў лепельскіх строях. Касцюмы былі ўзятыя з калекцый ДУК “Лепельскі Цэнтр рамёстваў”. Дарэчы, у якасці мадэляў выступілі і майстрыхі Цэнтра. Па сцэне праходзілі дзяўчаты ў паўсядзённых і святочных уборах, летніх і зімовых. Хлопцы паказвалі, як апраналіся лепельскія мужчыны сто, дзвесце гадоў таму. Яркім момантам стаў выхад пары ў вясельных уборах. Пабранне шлюбам лічылася самай значнай падзеяй у жыцці, адпаведна, і адзенне для яе павінна было быць выключным.
Адгучалі апошнія апладысменты. Артысты пакінулі сцэну, гледачы ў фае дзеляцца ўражаннямі ад выступленняў, абменьваюцца апошнімі навінамі. Гэта іх свята. Можна крыху адпачыць. У чаканні наступнай вясны, укрытыя снегам, спяць палеткі. Толькі на фермах і комплексах кіпіць штодзённая карпатлівая праца.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: яркія эпізоды свята.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>