Татьяна Гоголева — передовой работник фермы

img_3687Аператар стайскай фермы філіяла “Дражна” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” Таццяна Гогалева сёлета адзначана ў ліку лепшых работнікаў галіны. Менавіта дзякуючы працы яе і калег Лепельскі раён займае сёлета сёмае месца ў рэспубліцы па прывагах свіней. У дамоўлены час мы сустрэліся на прахадной фермы.

Перада мной — маладая, прывабная, невысокага росту жанчына. Каб распачаць гутарку, заўважаю:
— Гогалева — не лепельскае прозвішча…
— Прозвішча не лепельскае, але сама я карэнная мясцовая жыхарка. Муж мой Віталь Гогалеў родам з Невельскага раёна Пскоўскай вобласці. А я да замужжа была Баранавіцкая, бацькі мае жывуць у Стаях. Яны абодва працавалі ў калгасе “Салют”, і я, як закончыла ў 1994 годзе дзевяць класаў Стайскай сярэдняй школы, пайшла працаваць сюды ж, на ферму. Гэтая ферма, дзе мы зараз знаходзімся, з самага пачатку была малочнай, тут даглядаліся каровы, цяляты. Мяне спачатку ўзялі прыбіральшчыцай. Потым перайшла на такую ж працу ў краму райспажыўтаварыства. А пяць гадоў таму вярнулася на старую ферму. Праўда, цяпер тут утрымліваюцца ўжо не каровы з цялятамі, а свінні.
Так атрымалася, што Таццяна Уладзіміраўна больш не атрымала ніякай адукацыі, акрамя базавай школы. Затое дзве яе дачкі цвёрда крочаць па адукацыйнай сцяжынцы. Малодшая, Вікторыя, скончыла ўніверсітэт, працуе настаўніцай геаграфіі ў Бароўскай сярэдняй школе. Старэйшая ж, Кацярына, паступіла на юрыдычны факультэт, паспяхова вучылася, але карэктывы ў жыццё ўнясло каханне. Дзяўчына выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачок і зараз давучваецца завочна.
— Таццяна Уладзіміраўна, колькі галоў свіней пад вашым доглядам?
— 1500, — быў сціплы і будзённы адказ.
Паўтары тысячы! Цэлы рой думак праляцеў. Адразу ўспомніліся вяскоўцы, якія трымалі да дзесяці свіней, свінаматак з парасятамі. Усе яны ў адзін голас расказвалі, якая цяжкая гэтая праца, патрабуе пастаяннай увагі, часам трымае ў напружанні. І няхай сабе многія працэсы, такія, як падача корму, гноевыдаленне, на сучаснай ферме аўтаматызаваныя, усё ж такі значная доля ручной працы прысутнічае.
— Распавядзіце пра сваю працу больш.
— На ферму паступаюць парасяты, аднятыя ад свінаматак, вагой каля сямі кілаграмаў. Мы іх тут адкормліваем да поўнай убойнай вагі, 140 —150 кг. Да такой масы свінні вырастаюць за пяць месяцаў.
— Даволі хутка… У вёсках, ведаю, свінні гадуюцца па годзе, часам і даўжэй.
— Але ў вёсках людзі кормяць пагалоўе тым, што вырошчваюць на сваіх участках. Тут жа жывёлы кормяцца толькі камбікормам, даюць яго ўволю. Таму свінні на ферме растуць, хутка набіраюць вагу. Ад нас яны вывозяцца адразу на мясакамбінат.
І ўсё роўна, нават пры механізацыі, часта даводзіцца і ўручную дзесьці падаць корм, выдаліць гной. Але самы галоўны абавязак — сачыць за здароўем жывёлы. За дзень некалькі разоў трэба абысці свінак і парсючкоў, агледзець, выявіць хворых.
— Дзе вучыліся ветэрынарыі?
— Ніякай спецыяльнай падрыхтоўкі не атрымлівала, усяму вучылася тут жа, на ферме. Ды з цягам часу навучылася з першага погляду, па сукупнасці прыкмет выяўляць хворых жывёлін. Яны паводзяць сябе па-іншаму: апатычныя, ад корму адмаўляюцца, рохкаюць асабліва — так і даведваюся. А далей — справа тэхнікі.
— Самі лечыце?
— Навошта? Для гэтага ёсць спецыяліст, ветурач Жанна Сільвановіч. Яна жанчына дасведчаная, з адпаведнай адукацыяй і кваліфікацыяй. Яна ж і прымае рашэнне, лячыць парася ці адразу накіраваць на забой.
— Раскажыце пра людзей, якія вучылі вас працы на свінаферме.
— У першую чаргу гэта Жанна Васільеўна. Калі я толькі прыйшла працаваць на ферму, яна была брыгадзірам. Жанна Васільеўна і вучыла нас працаваць. Цяпер яна ветурач. Яшчэ была даглядчыца Алена Жарнасек, якая зараз працуе на свінакомплексе ў Дражне.
Так складваецца, што сучасная моладзь не вельмі жадае працаваць у сельскай гаспадарцы. Не часта сустрэнеш выпускнікоў, якія, як Таццяна Уладзіміраўна, пасля школы ідуць на фермы, у рамонтныя майстэрні. Ды і нават пасля профільных сярэдніх спецыяльных, прафесійных навучальных устаноў не многія застаюцца ў прафесіях. Чаму такое адбываецца, у чым прычыны? Розныя даюцца адказы. Хтосьці кажа пра нелюбоў да фізічнай працы, хтосьці шукае больш прэстыжную прафесію, іншых адштурхоўваюць невысокія заробкі. Хаця ведаю, што той, хто не лянуецца ўстаць раней, не баіцца працы, нават у сельгасарганізацыях мае прыстойны заробак, часам нават істотна большы, чым у некаторых гарадскіх установах.
На развітанне павіншаваў Таццяну Уладзіміраўну з надыходзячым прафесійным святам, пажадаў поспехаў, удачы і моцнага здароўя.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Таццяна Гогалева.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>