Мелодыі “Белых Росаў”

Непаўторная летняя пара! Свежасць азёрных хваль, пяшчота сонечных промняў, зеляніна пышных дрэў, як і мілагучныя акорды музыкі, лашчаць сэрца і дораць незвычайную асалоду. Прыгажосць прыроды арганічна дапаўняе свет мастацтва, такі ж яркі і маляўнічы. І зусім не дзіўна, што менавіта летам, у гэты цудоўны час, па традыцыі ў нашым раёне праводзіцца раённы конкурс маладых выканаўцаў эстраднай песні “Белыя Росы”.

Сёлета гасцей мерапрыемства ўразіла арыгінальная выстава “Падарунак фестывалю”, падрыхтаваная творцамі сельскіх Дамоў культуры. Вясковыя артысты прадставілі сапраўдныя шэдэўры дэкаратыўна-прыкладной творчасці і кулінарнага майстэрства. Так, творцы Поўсвіжскага сельскага Дома культуры зрабілі арыгінальнае грашовае дрэва з невялікіх доларавых купюр і прыгожых кветачак, звязаных кручком. Работнікі Юркоўшчынскага сельскага Дома культуры спяклі прыгожы і апетытны торт “Фруктовы”. Немагчыма было адвесці вачэй ад яркага букета палявых кветак, падрыхтаванага Чарэйшчынскім сельскім Домам культуры. Артысты Чэрскага сельскага клуба спяклі для фестывалю прыгожы пірог “Юбі­лейны”, а работнікі Старалядненскага сельскага Дома культуры — пірог, выдатна ўпрыгожаны чарнікай і клубніцамі. Ніхто не праходзіў міма прыгожай і апетытнай стравы “Каляровая фантазія”, прыгатаванай артыстамі Стайскага сельскага Дома культуры. Як аказалася, пяшчотнымі зялёнымі лісточкамі стала ківі, пялёсткі кветак былі зроблены з клубніц і банана. Уразілі гледачоў сваёй арыгінальнасцю творцы Бароўскага цэнтра культуры і  вольнага часу. Іх падарункам пад назвай “З надзеяй у будучыню” стала прыгожая скрынка, у якой знаходзілася першая цаглінка для будаўніцтва амфітэатра для правядзення юбілейнага конкурсу “Белыя Росы”. З кукурузы і чыпсаў бараўчане прыгатавалі апетытны “Сланечнік”. Захапілі гледачоў і іншыя творы, прадстаўленыя на выставе.

…Пранікнёныя акорды музыкі абвясцілі аб пачатку конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні. Пад шчырыя апладысменты гледачоў на сцэну выходзяць маладыя спявачкі. Асаблівасцю сёлетняга конкурсу маладых выканаўцаў стала тое, што ўдзел у ім прынялі менавіта прадстаўніцы прыгожага полу. Пяцёра дзяўчат пажадалі праявіць сваё вакальнае майстэрства і артыстызм.

Святлана Пічкіна прыехала на фестываль з аграгарадка Баброва. Яна — творчая і рамантычная асоба, пастаянна ўдасканальвае сваё выканаўчае майстэрства. Сёлета Святлана стала пераможцай раённага дзіцячага конкурсу “Новая зорка”. Марына Дзёмка з аграгарадка Слабада — вельмі вясёлая і актыўная дзяўчына, ні адно клубнае мерапрыемства не абыхо­дзіцца без яе ўдзелу. Анастасія Стродава прадставіла на фестывалі аграгарадок Стаі. Дзяўчына захапляецца музыкай, вельмі любіць спяваць, а творы для выканання выбірае менавіта на мове арыгінала. Алеся Гайсёнак — са Старога Лядна, ужо не першы раз прымае ўдзел у конкурсе “Белыя Росы”, а яе выступленні заўсёды цікавыя і запамінальныя. З музыкай Алеся звязала і сваё жыццё — працуе мастацкім кіраўніком у Старалядненскім сельскім Доме культуры. Цёпла сустрэлі гледачы таксама Анастасію Краско з вёскі Бароўка. Творчасць стала для дзяўчыны надзейным спадарожнікам. Яна захапляецца музыкай і танцамі. Сваю будучыню жадае звязаць з медыцынай, марыць стаць урачом.

У першым аддзяленні конкурсу спявачкі выконвалі песні на роднай мове, беларускіх аўтараў. Пранікнёнымі акордамі са сцэны ліліся многім вядомыя творы, прысвечаныя прыгажосці і блізкасці роднай зямлі, вечнаму пачуццю кахання. У другім жа аддзяленні дзяўчаты спявалі сучасныя папулярныя хіты. Анастасія Стродава ўразіла гледачоў, членаў журы не толькі сваімі вакальнымі здольнасцямі, а і арыгінальнасцю. Яна выканала песню на сербскай мове “Малітва”, з якой у 2007 годзе спявачка з Сербіі Марыя Шэрыфавіч стала пераможцай міжнароднага песеннага конкурсу “Еўрабачанне”.

Выдатна дапоўнілі сцэніч­ную дзею яркія выступленні гасцей фестывалю. Добры настрой падарылі спевы Наталлі Кантур, Міхаіла Шалака з вёскі Матырына, Аляксандра Міхно, Анжэлы Пятрышча, Алесі Юніцкай і Люд­мілы Шыпулі. Музычныя творы ў стылі “рэп” удала выканалі Арцём Камека і Ірына Анышка.

Выступленні артыстаў суправаджаліся бадзёрымі воклічамі, гарачымі апладысментамі гледачоў. У гэты святочны вечар ад душы весяліліся і бараўчане, і шматлікія госці.

З асаблівым нецярпеннем гледачы чакалі падвядзення вынікаў конкурсу. Пераможцай на творчай выставе-прэзентацыі “Падарунак фестывалю” стала работа Баброўскага СДК. Конік і вазок з кветкамі, вырабленыя з саломы, нікога не пакінулі раўнадушным. Першае месца ў конкурсе маладых выканаўцаў заняла Анастасія Стродава. Аўтару самай прыгожай работы і лепшай спявачцы ўручаны Дыпломы аддзела культуры і памятныя падарункі.

Падыходжу да Анастасіі і выказваю ёй шчырыя пажаданні.

— Як пачынаўся ваш шлях у мастацтве?

— Спяваць я любіла заўсёды: і ў дзяцінстве, і ў школьныя гады, і зараз, калі ўжо набыла прафесію і стварыла сваю сям’ю.

— Ваша прафесія таксама звязана з творчасцю?

— Па спецыяльнасці я — тэхнолаг грамадскага харчавання. Пасля заканчэння дзевяці класаў Стайскай сярэдняй школы скончыла Лепельскі дзяржаўны прафесійны ліцэй, затым — Віцебскі індустрыяльна-педагагічны каледж. Зараз працую поварам у рэспубліканскім дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры “Жамчужына”, вельмі люблю спяваць. Лічу, што песня дапамагае чалавеку і ў працы, і ў жыцці.

— Выступілі вы проста цудоўна! Хто дапамог вам у падрыхтоўцы да конкурсу і падтрымаў вас у час выступлення?

— У распрацоўцы сцэніч­нага іміджу, падрыхтоўцы да конкурсу мне дапамагла кіраўнік эстраднага гурт­ка Стайскага СДК Наталля Іванова. Яна ж падтрымлівала мяне ў час выступлення. Акрамя таго, увесь час я адчувала цёплую пад­трымку дарагіх мне лю­дзей — маці і мужа Андрэя.

— Да ўдзелу ў конкурсе “Белыя Росы” вы займалі прызавыя месцы на іншых мерапрыемствах?

— Не. Гэта мая першая перамога.

— Няхай жа яна стане пачаткам да новых творчых вышынь і поспехаў!

Святлана СІЛЬВАНОВІЧ.

 На здымках: пераможца конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні Анастасія Стродава вітае гледачоў шчырай усмешкай.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>