Чудесные пояса лепельчанки Татьяны Размыслович

razmyslovich-7Скажыце, чаму сапраўдныя творцы часцей маўклівыя і задуменныя? Аб чым думае талент, ведаць аднаму яму,
а яшчэ — Богу. Адзін Бог ведае, каго пацалаваць, а каму адмовіць.
Ці можна рамеснікаў аднесці да ліку творцаў — пытанне, вядома, спрэчнае. Адны кажуць — так, іншыя адмаўляюць рамесніку ў праве звацца творцам. Аргументуюць гэта прыкладна так: маўляў, рамяство — тое, чаму можна навучыцца, а творчасці ж не навучышся, яна дадзена чалавеку ад Бога, ці як узнагарода, ці, можа, наадварот, як пакута. А з іншага боку, чуеш — Божы промысел. Так што, магчыма, і рамяство бывае розным. Адны рамёствы для ўсіх даступныя, другія ахутаныя таемнасцю творчага пачатку.
Язык не паварочваецца назваць пляценне ці ткацтва паясоў простым рамяством. З глыбінь народных прыйшло, песнярамі слова апетае (памятаеце, яшчэ Багдановіч пісаў: “Цямнее край зубчаты бора, і тчэ, забыўшыся, рука заміж персідскага ўзора цвяток радзімы васілька”), славу народу здабыўшае — якое ж яно рамяство! Якія ж яны рамесніцы — дзяўчаты, што кланяюцца штодня не ў пояс, а поясу!
Вядома, калі Таццяна Размысловіч была вучаніцай СШ №1 і наведвала гурток вышыўкі, яна была звычайнай дзяўчынкаю. Але з таго часу, як трапіла ў Цэнтр рамёстваў на “Ткацтва паясоў” да першай сваёй творчай настаўніцы Вольгі Фрыдрых, усё пайшло па-іншаму…
А жыццё тым часам цякло ў звыклым рэчышчы. Пасля адзінаццаці вырашыла стаць швачкай, дзеля чаго і паступіла ў Віцебскае ПТВ №19, пасля вучылася ў каледжы. Размеркавалі на швейную фабрыку, і быць бы ёй носьбітам звычайнай масавай прафесіі — на карысць лёгкай прамысловасці. Ды — Божы промысел.
Таццяна вяртаецца на радзіму. У ёй прачынаецца творчы пачатак, які бярэ выток яшчэ ад прабабулі, што век свой пражыла ў роднай вёсцы Ассё на Пышняншчыне. Старой Бог даў доўгі і плённы век — сто два гады пражыла. Ці не дзеля таго, каб паспець перадаць свой творчы пачатак нашчадкам. І вось ужо Таццяна, як кажуць, “усе кропелькі пабрала”, яна — майстар: шые, вяжа, вышывае крыжыкам і, вядома, тчэ. Не толькі сама тчэ паясы, але і вучыць свайму майстэрству іншых. У гуртку “Паясы”, які яна вядзе тройчы на тыдзень для дзяцей з групы падоўжанага дня, ад ахвотнікаў не адбіцца. Вядома, задаволіць жаданні ўсіх яна не можа, але навучыць азам рамяства чалавек каля дзесяці — цалкам магчыма.
Першы свой пояс зрабіла гадоў дванаццаць таму. Ён і да гэтага часу захоўваецца ў яе калекцыі, дастаткова ўжо багатай і разнастайнай, хаця рамяством займаецца параўнаўча нядаўна. У калекцыі — вялікая колькасць паясоў, сукенка, тканая посцілка, утвораная з… сямідзесяці шасці паясоў.
Мне рамяство Таццяны падаецца верхам творчага майстэрства. Дастаткова толькі пабачыць тую цуд-тэхніку, на якой нараджаюцца паясы, паназіраць, як спрытна дзяўчаты, нібы гуляючы, перакладваюць, перакідваюць тыя дошчачкі з ніткамі, каб не пераставаць здзіўляцца іх спрыту і здольнасці. Для мяне, дылетанта, гэта “кітайская грамата”, а для іх — звычайная штодзённая справа, якой яны маўкліва займаюцца. Маўчанне — золата, бо талент размаўляе маўкліва. Ці не таму ўсе яны такія сціплыя і засяроджаныя.
Пояс — працяглы творчы працэс. Перш чым з’явіцца на свет, трэба нарадзіць яго ва ўяўленні, пасля намаляваць схему на звычайнай паперы ў клетачку, падабраць каляровую гаму, стварыць “рапарт” (фрагмент карунка, які пасля паўтараецца) і толькі затым прыступіць да працы. Нездарма ж і радуешся нараджэнню пояса — як нараджэнню дзіцяці.
Так адбываецца на працы. А дома — яшчэ адна радасць, чатырохгадовая дачушка Аляксандра. Таццяна — маладая маці, хіба можа быць большая радасць у жыцці! Дачушка кажа, што будзе… пажарным, калі вырасце — і з чаго б гэтак прыдумала! А насамрэч усё пільней тым часам прыглядаецца да матчынага занятку. Ці не расце яшчэ адна ткачыха?
У кветніку, ля бацькоўскага дома на Барысаўскім тракце, улетку красуюцца лілеі — любімыя кветкі Таццяны. У адрозненне ад тых, якія малюе па квадраціках у “рапарце”, гэтыя — жывыя. І таму яны адцвітаюць, згасаюць, даюць шанец іншым пакрасавацца, а пасля, наступнай вясною, нараджаюцца зноў, каб жыць. Кветкі ж на паясах — квадратныя, нараджаюцца па пэўнай схеме, затое жывуць вечна. Павінна ж быць у жыцці разнастайнасць.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: майстар Таццяна Размысловіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>