Жизненное кредо лепельчанки Марии Смажевской

imageМая знаёмая бабуля пераехала на зіму ў цёплую гарадскую кватэру. Зірнула ў вокны — замаркоцілася. На вуліцы — занудлівая асенняя імжа. Ужо не выйдзеш на ганак, так, як улетку выходзіла з дома, у вёсцы — дыхнуць свежага паветра. Сілы пакідаюць з кожным днём, ужо за восемдзесят і ўжо многае позна. А жыць хочацца, і хочацца жыць паўнавартасна, свежым паветрам дыхаць, быць у курсе падзей. А тут — мокры асфальт адразу ж за дзвярыма пад’езда, слота. Чужое.

Хоць газеты сесці пачытаць, пакуль яшчэ вочы бачаць. А газеты, як на тое, сюды, па новым адрасе, не выпісала. Ужо і не выпіша, напэўна, канец месяца, лічаныя дні засталіся. І ці купіш? Сацыяльны работнік у шапіку апошняга нумара “раёнкі” не знайшла, бо разбіраюць. Няўжо цяпер цэлы месяц сядзець без газеты? “Раёнка” для бабулі — як глыток свежага паветра. Бывала, пагартае спачатку, а пасля ўсю, “ад корачкі да корачкі”, і прачытае.
Пазваніла мне, падзялілася скрухаю. Паабяцаў дапамагчы. З падпіскаю, няхай сабе і канец месяца, думаю, справу ўладзім.
Назаўтра ж падаўся на пошту. Па гэтай, а заадно і па журналісцкіх справах, вырашыў зазірнуць да кіраўніцтва. Начальнік, як мне сказалі, паехаў на нараду, а іншыя без яго вырашаць мае справы не сталі. Выйшаў засмучаны, так і пайшоў бы ні з чым. Ды раптам спускаюся па лесвіцы з другога паверха, насустрач — жанчына:
— Вы да каго і па якіх справах? — ветліва, зычліва так пытаецца.
Расказаў. Неўзабаве мы ўжо сядзім у яе маленькім утульным кабінеце, размаўляем. З кіраўніцтвам звязаліся па мабільным тэлефоне праз тры хвіліны і ўсе бягучыя справы вырашылі. З “бабуліным горам” разабраліся літаральна хвілін за пяць-сем, у дадатак яшчэ адзваніліся самой бабулі, далажылі: любімую газету яна атрымае ўжо з першага чысла, а гэта значыць, наступны нумар пакладуць ёй у скрынку.
Пакідаю той маленькі ўтульны кабінет і думаю: як проста ўсё вырашаецца, калі на тваім шляху трапляецца добры чалавек. Выходжу на вуліцу — асенняя імжа, золь, сняжынкі першыя лятаюць, калючы вецер сцябае ў твар, а на сэрцы так лёгка і прыемна, нібы ўзышло сонейка.
* * *
Думаеце, гэта мілая жанчына працуе на пошце “намеснікам па ўсіх справах”? А вось і не ўгадалі. Марыя Смажэўская… кантралёр. А калі зусім дакладна — інструктар-інспектар па эксплуатацыйных і арганізацыйных пытаннях Лепельскага ўчастка паштовай сувязі Полацкага РВПС. Яе работа — правяраць як гарадскія, так і сельскія аддзяленні сувязі па дастаўцы-перасылцы паштовых адпраўленняў, кантрольна-рэвізійная дзейнасць. Будзем казаць шчыра, работа крыху “калючая”. У каго з нас не падымаецца адрэналінчык, калі сутыкаемся з кантралёрам, ці то на транспарце, ці ў іншых сферах? Ды і тут, прызнацца, Лепелю пашанцавала. Скажам, аўтобусным кантралёрам працуе такі добры, выхаваны, інтэлігентны, разумны чалавек, што сустракацца з ёю ў рэйсах не толькі не страшна — прыемна. Вось і ў гэтым выпадку, думаю, аддзяленням сувязі з кантралёрам пашанцавала таксама. Бо не важна, якую ты займаеш пасаду, важна, які ты чалавек.
На пошце Марыя Фёдараўна каля трыццаці гадоў. Нарадзілася на Гарадоччыне, але з дзяцінства жыве на Лепельшчыне. У вёсцы Катоўшчына, куды неўзабаве пераехала яе сям’я, прайшло маленства. Вясковае жыццё назаўсёды застанецца яе чалавечай сутнасцю, хаця і жыве зараз у гарадской кватэры ў шматпавярховіку. Качкі, трусы, свінні, карова. Вялікая гаспадарка дома ў Катоўшчыне забірала амаль увесь вольны час. Сушылі сена, секлі траву на ахрап’е. У школу далекавата было бегаць. У васьмігодку — бліжэй, у Губіна, а сярэднюю заканчвала ў Камені.
Паехала ў Віцебск паступаць. Як лёгка разгубіцца юным дзяўчаткам, іх лёс часам робіцца па волі выпадковасці. У горадзе вялікім загубілася-заблудзілася, куды хацела, з дакументамі не трапіла. А хацелася вучыцца там, дзе шыюць вопратку, ці нават мадэльерам стаць. Куды там! Вунь акурат ля самага віцебскага вакзала навідавоку стаіць будынак тэхнікума электрасувязі. Каб не вярнуцца з дакументамі дадому, пайшла і аддала. І неўзабаве стала спецыялістам шматканальнай электрасувязі. Калі паступала, тэхнікум быў яшчэ саюзнага значэння. Калі што, маглі б адправіць наладжваць каналы сувязі аж на поўнач. Ды, пакуль закончыла, размеркаванне было ўжо па Беларусі. А ёй захацелася ў родны горад.
У Лепелі па спецыяльнасці месца не знайшлося. Спачатку пайшла ў раённы вузел паштовай сувязі замяняць пад час адпачынкаў. Жылі з сяброўкай на кватэры яе брата. Далей становіцца аператарам страхавога ўчастка, аператарам па апрацоўцы зводна-грашовых справаздач аддзялення паштовай сувязі. І вось ужо каля дзевяці гадоў інспектуе паштовыя аддзяленні. Работа папяровая, ды не кабінетная. Як мінімум, тры разы за год бывае ў кожным аддзяленні — гэта толькі з планавымі праверкамі. А ў дадатак яшчэ і няпланавыя. Дабірацца, асабліва ў сельскую мясцовасць, па-рознаму даводзілася: і на аўтобусах, і “на перакладных”. Было, што зімою і цемра застане на дарозе, прыслухоўваешся да кожнага шэлесту. А калі раптам завыюць ваўкі?
Марыя ўсміхаецца, кажа, што неяк пра гэта не думалася і ніколі не было страшна. А яшчэ кажа, што ёй заўсёды ў жыцці шанцавала.
А я не згодзен. Гэта толькі на першы погляд. Насамрэч жа шанцуе не ёй, а тым людзям, з якімі звязаў яе лёс. Мужу, з якім сустрэліся яшчэ ў дзевяноста пятым і жывуць разам ужо амаль чвэрць стагоддзя. У Ігара Іванавіча і Марыі Фёдараўны заўсёды быў лад і мір у сям’і. І гэта не проста прыгожыя словы, а сутнасць іх сумеснага жыцця. Дочкам пашанцавала на маці, якая выхавала іх прыстойнымі і мэтанакіраванымі людзьмі. Ганна заканчвае Віцебскі медуніверсітэт, будзе ўрачом-псіхіятрам. Алена вучыцца ў Полацкім эканамічным каледжы, дзе асвойвае правазнаўства. Думае паступаць далей. Пашанцавала свёкру, хата якога стала другім домам у сына з нявесткаю. Тыя і старога аднаго не кінулі, а заадно і агарод даглядаюць, гаспадарку там завялі. Без гаспадаркі ў наш час цяжка пражыць, асабліва калі дзве студэнткі ў сям’і. Усюды паспявае Марыя: і ў лесе ў грыбах ды ягадах, і на кухні за плітою. Больш таго, лічу, пашанцавала ўсёй іх шматлікай радні, вельмі дружнай, якая часта збіраецца разам і на ўрачыстасці сямейныя, і проста так, адпачыць. Збіраюцца за сталом у Марыі і Ігара Смажэўскіх, дзе ім камфортна і весела.
Марыя Фёдараўна захоплена распавядае і пра свой працоўны калектыў, перажывае за сваіх калег, клапоціцца аб іх. Падаецца, што калектыву таксама вельмі пашанцавала мець такога прафсаюзнага лідара — кампетэнтнага, зычлівага і шчырага.
Рэдка якой жанчыне не падабаюцца кветкі, і бадай у кожнай ёсць нейкая свая, што кладзецца на душу. Вось і ў Марыі Фёдараўны на двары квітнеюць улетку клумбы. Ды ўзгадала яна чамусьці не пра тыя яркія, што ў кветніку, а пра сціплыя палявыя рамонкі. І ўявіў я луг зялёны ля Катоўшчыны, пыльную палявую дарогу, уздоўж спавітую кветкамі ў белых пялёстках з жоўтымі “сонечкамі” ўсярэдзіне. На такіх хоць лёс угадвай, хоць загадвай жаданні. Жадае Марыя аднаго: каб былі стабільнасць, праца і добрыя людзі вакол. А лёсу што ўгадваць? Добраму чалавеку — шчаслівы лёс.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Марыя Смажэўская з роднымі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>