Цену калорий тепла обсудили участники областного семинара, который прошел на Лепельщине

img_3289З чаго складаецца цана калорый цяпла, якое паступае ў кватэры гараджан і вяскоўцаў, якія чыннікі на яе ўплываюць, як яе зменшыць, не страціўшы пры гэтым эфектыўнасці? На гэтыя і іншыя пытанні шукалі адказы ўдзельнікі абласнога семінара, які прайшоў на базе КУВП “Бароўка”. На мерапрыемстве сабраліся прадстаўнікі амаль усіх прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці. Удзельнікі семінара прайшлі па галоўнай базе прадпрыемства, наведалі клас па ахове працы, участак у Заслонаве, кацельні ў Старым Лядне, Чарэйшчыне і Бароўцы.
Пра парадак працы распавядае дырэктар КУВП “Бароўка” Уладзімір Аксяновіч:
— Аптымізацыю ацяпляльнай гаспадаркі пачалі некалькі гадоў таму. Да працы падыходзілі сістэмна, у першую чаргу скіравалі ўвагу на немэтазгодныя страты цяпла ў канчатковых спажыўцоў — у дамах і кватэрах. Уцяпленне тарцовых сцен будынкаў пенапластавымі панэлямі, узвядзенне на бітумных дахах двухскатных шыферных канструкцый, цеплавая рэабілітацыя — гэтыя і шматлікія іншыя мерапрыемствы па першым часе выглядалі дзіковінкай, інавацыяй. Аднак цяпер яны — норма жыцця. Зараз капітальны рамонт немагчымы без мерапрыемстваў па цеплавой мадэрнізацыі. Другі важны напрамак — момант перадачы цяпла ад генерацыі да канчатковага спажыўца. Прасцей кажучы, стан цеплатрас і водаправодаў. Усе памятаюць, па якіх стандартах вяліся цеплатрасы, у зямлю, часта без усялякага ўцяплення, закладваліся жалезныя трубы. Зімой такія трасы былі добра бачныя па расталым снезе. На накрыўках люкаў, на выведзеных на паверхню трубах грэліся бадзяжныя жывёлы, трубы абагравалі неба. І, нарэшце, мы прыйшлі да трэцяга важнага ўчастка — цеплагенерацыі. Усе памятаюць, як выглядала ўнутры кацельня 10 — 20 год таму: вялізныя катлы, складзеныя з цэглы, стаялі шэрагам. Унутры былі металічныя цеплаабменнікі, па якіх прабягала-награвалася вада. У іх спальвалі каменны вугаль, торфабрыкет, дровы, пілавінне. Кожны год летам на месяц-паўтара такія катлы ставіліся на капітальны рамонт, пад час якога цагляная кладка амаль цалкам разбіралася, перараблялася. Даводзілася і замяняць некаторыя металічныя канструкцыі, каласнікі. Усё гэта вымагала перыядычных капіталаўкладанняў. Магутнасць такіх катлоў складала паўкілавата. Зараз жа ў кацельнях выкарыстоўваюцца імпартныя катлы магутнасцю ў сярэднім па два кілаваты.
img_3318На галоўнай базе ўдзельнікам семінара была прадэманстравана кагенерацыйная ўстаноўка, якая дае электраэнергію і цяпло. Дзякуючы ёй у кватэрах лепяльчан у летнія перыяды з’явілася цёплая вада. А даходы ад рэалізацыі электраэнергіі істотным чынам папаўняюць бюджэт прадпрыемства.
Дарэчы, электраэнергію вырабляюць не толькі ў Лепелі. На даху кацельні ў Бароўцы зманціраваны сонечныя батарэі. Абсталяванне дастаўлена ў рамках сумеснага з Еўрасаюзам праекта. Аднак даволі шмат часу і намаганняў было затрачана на эфектыўнае ўключэнне іх у агульную энергасістэму, сінхранізацыю. Толькі нядаўна яны запрацавалі на поўную магутнасць.
З дапамогай сонечнай энергіі ацяпляюцца некалькі дамоў на артбазе. Устаноўкі таксама прадастаўлены ў рамках еўрапейскіх праектаў, у Беларусь прыбывалі прадстаўнікі фірмаў-вытворцаў, займаліся мантажом, наладкай, навучаннем абслуговага персаналу. На сёння эфектыўнасць такога абсталявання даказана, яно дае рэальную грашовую эканомію.
На вытворчым участку ў Заслонаве ўдзельнікаў семінара зацікавілі лініі па вытворчасці паліўных пелетаў з драўніны і брыкетаў з саломы. Пра першую не аднойчы расказвалася на старонках газеты, а вось другая прывезена і запушчана зусім нядаўна, пра яе варта распавесці больш падрабязна.
Салома здаўна лічыцца адным з самых пажаранебяспечных матэрыялаў, аднак мала хто разглядаў яе ў якасці паліва. Такому негаспадарліваму стаўленню спрыяў шэраг фактараў, адзін з самых галоўных — рыхласць. Кілаграм саломы выдзяляе цяпла прыблізна столькі ж, колькі і кілаграм дроў, аднак пры гэтым мае большы аб’ём. Топка катла, запоўненая саломай, згарае нашмат хутчэй, цяпла выдзяляе менш і г.д. Аднак еўрапейцы змаглі вырашыць гэтую праблему. Яны распрацавалі тэхналогію прасавання саломы ў брыкеты, у выніку чаго паліва набывае форму і шчыльнасць драўніны і становіцца прыгодным для выкарыстання ў цвердапаліўных катлах.
img_3304КУВП “Бароўка” ўдалося ўключыцца ў адзін з праектаў супрацоўніцтва з Еўрасаюзам, у рамках якога быў пастаўлены камплект абсталявання па вырабе паліўных брыкетаў з саломы. На месцы ўстаноўку дэманстраваў майстар участка Вячаслаў Храмцоў, яшчэ трое работнікаў завіхаліся вакол устаноўкі, пагрузчык падаваў рулоны саломы, якая драбнілася. Здробненая маса награвалася і прасавалася ў брыкеты пад высокай тэмпературай і ціскам. Побач гулі дызель-генератары, якія падавалі на ўстаноўку электраэнергію, на электрычнасці працавалі награвальныя элементы.
— Награвальныя элементы па вызначэнні спажываюць вельмі шмат электраэнергіі. Няўжо нельга абыходзіцца якім-небудзь іншым чынам? — паступіла пытанне да Вячаслава Храмцова.
— Такая тэхналогія, вытворчасць брыкетаў магчымая толькі пры награванні, у адваротным баку спрасаваная салома развальваецца, рассыпаецца.
— А нельга было абысціся без дызель-генератараў, браць электраэнергію непасрэдна з электрасетак?
— Можна. Аднак ёсць дзве важныя абставіны на карысць дызель-генератараў. Першая. Эканамісты падлічылі, што кілават-гадзіна электраэнергіі з нашых дызель-генератараў на тры капейкі танней, чым з электрасетак. А ўстаноўка спажывае гэтых кілаватаў шмат — вось вам і эканомія. Другая абставіна: устаноўка з самага пачатку праектавалася і выраблялася мабільнай. Зараз яна стаіць на зямлі, але яе можна паставіць на спецыяльны прычэп і вывезці ў поле, дзе ляжыць мноства рулонаў з саломай, і перапрацоўваць іх непасрэдна на месцы. Скажыце, да кожнага поля падыходзіць электралінія? Вось таму мы маем магчымасць працаваць аўтаномна, незалежна.
— На прадстаўленым плакаце чытаем, што перавага павінна аддавацца саломе азімых культур: пшаніцы, жыта, трыцікале, выкарыстоўваецца салома яравой пшаніцы. Аднак жа гэтая салома актыўна выкарыстоўваецца і ў саміх сельгасарганізацыях як корм для жывёлы, для падсцілання.
— Як паказвае практыка, не ўсю вырашчаную салому выкарыстоўваюць гаспадаркі па прызначэнні, не паспяваюць. Чаму б не прадаць лішкі, не зарабіць? Акрамя гэтага, у гаспадарках амаль не выкарыстоўваюць салому рапсавую, яе можам перапрацаваць і мы. Як, дарэчы, і сцяблы кукурузы, якія застаюцца пасля абмалочвання культуры на зерне.
Для аўтара ж адным з галоўных было пытанне фінансавай эфектыўнасці. З прадстаўленых на стэндзе матэрыялаў вынікала, што сабекошт адной тоны брыкетаў з саломы складае 180,4 рубля, у той час як рыначная цана іх знаходзіцца ў сярэднім на ўзроўні 196 рублёў.
Пры наведванні кацельняў у Старым Лядне, Чарэйшчыне і Бароўцы ўдзельнікам семінара дэманстраваліся розныя варыянты мадэрнізацыі цеплагенеруючага абсталявання. У асноўным КУВП “Бароўка” пераводзіць кацельні на выкарыстанне ў якасці паліва пелетаў, пілавіння, трэсак. Выступаючыя звярталі ўвагу на такія фактары, як эканомнасць, практычнасць, энергаэфектыўнасць.
— У старалядненскай кацельні стаялі чатыры савецкія катлы, якія спажывалі неверагодную колькасць дроў, — кажа Уладзімір Аксяновіч. — Мы ўстанавілі два імпартныя катлы, якія працуюць на пелетах, трэсках, пілавінні. Самі толькі дадумвалі і канструявалі сістэму падачы паліва ў катлы. У выніку паліва спажываецца менш, менш патрэбна і персаналу для абслугоўвання абсталявання, якое можа працаваць нават у аўтаматычным рэжыме.
Аўтара ж непакояць наступныя разважанні: чаму пры ўсіх дасягненнях КУВП “Бароўка”, пры пастаянных мерах па аптымізацыі расходаў і зніжэнні сабекошту тарыфы на цеплавую энергію як для насельніцтва, так і для прадпрыемстваў рэгулярна растуць?
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: Уладзімір Аксяновіч паказвае кабінет аховы працы; дэманструецца сістэма загрузкі бункера паліўнай масай на кацельні ў Старым Лядне; устаноўка па брыкетаванні саломы ў дзеянні.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>