Секрет семейного счастья семьи Михно из Лепеля

img_4634Дзмітрый выглядае неяк больш акадэмічна — строгі, не надта ўсмешлівы і, мабыць, таму падаецца старэйшым за Кацярыну, дзяўчыну з лагоднай, хоць і крыху загадкавай, усмешкай і добрымі, светлымі вачыма. Зрэшты, я не пытаўся пра іх гады. У жанчын увогуле не прынята пытацца, яны — як дзеці, могуць і пакрыўдзіцца. Для мужчыны ж не ўзрост галоўнае — галава на плячах, адсюль — здольнасць забяспечыць сям’ю.
Якая розніца, колькі ім гадоў! Галоўнае — яны стварылі сям’ю. Сям’я маладая, толькі летам згулялі вяселле. У Дзмітрыя Міхно і Кацярыны Бараноўскай сям’я незвычайная — творчая.
Згулялі вяселле, а па-руску кажуць “сыграли свадьбу”. І тое, і другое ў іх выпадку гучыць забаўна, з падтэкстам, бо абодва музыкі і могуць табе “сыграть” што заўгодна, зрэшты, як і “згуляць”. Сцэна для іх — таксама жыццё. Работнікі культуры.
— Ну, і як вяселле? Мо самі ігралі? — працягваю іранізаваць з гумарам.
— Ды не, — усміхаюцца, — з Полацка ансамбль быў.
— Не фальшывілі хоць?
— А мы і не надта патрабавальныя. Ведаем, які гэта “лёгкі” хлеб.
Вяселле Кацярыны і Дзмітрыя было ўсё ж нетыповым. Не гарадское, калі кешкаюцца ў рэстаранах ці кафэ са строгімі меню, распарадкам, вызначаным часам. І не вясковае — з бабулькамі, падушкамі, гармонікам …Гэта было вяселле вольнае, як птушка ў палёце, — на свежым паветры, на беразе маляўнічага Поўсвіжскага возера. Тут жылі Дзімавы бацькі, якіх ужо, на жаль, няма. Тут жыў апошнім часам і ён сам. Тут, у Вялікім Поўсвіжы і збіраецца заставацца жыць маладая сям’я. І было ў тым вяселлі штосьці сваё, адметнае, ад прыроды, ад часін паганства яшчэ, калі абагаўлялі Сонца, Ваду, Вецер…
na-sceneДай жа Бог і іх маладому творчаму гняздоўю не толькі ладу і згоды, але і адметнасці ў далейшым.
Кацярына — з Пастаў. Дзяўчынку з маленства цягнула да музыкі. Хоць у сям’і і не было нікога з музыкаў, затое на шляху трапляліся добрыя педагогі, такія, напрыклад, як Ірына Рагіня, яе першая выкладчыца ў музычнай школе па класе баяна. Калі б не яна, магчыма, і не трапіла б дзяўчынка яшчэ школьніцай на Міжнародны конкурс выканаўцаў імя Жыновіча ў Магілёў, дзе заняла другое месца ў сваёй групе. Акрыленая, паступіла вучыцца далей — у Наваполацкі дзяржаўны музычны каледж.
Прыслалі маладзенькую баяністку ў Стаі, дзе на адным з “Агракруізаў” заўважыла маладога артыста з Лепеля. Эх жа, і саманадзейны быў той артысцік! А на каго яшчэ было спадзявацца Дзіму, хлопцу зухаватаму ды нежанатаму, як на самога сябе. І пасля, абы дзень да вечара, ганяў да яе прынц у Стаі рэгулярна, як па раскладзе. Хоць сабе і не на белым кані прыязджаў Дзмітрый, і нават не на чорным “мерсэдэсе”, ды з мілым і ў будане рай — гэту прымаўку пакуль ніхто не адмяняў. А калі Кацярына паехала працаваць у Бягомль, гэта было для іх стасункаў новым выпрабаваннем на трываласць. Урэшце, нікуды Кацярына не знікла, вярнулася ў Лепель ужо жонкаю Дзмітрыя.
Будуюцца. Дакладней, перабудоўваюцца. Бацькоўскай хаце Дзмітрый вырашыў надаць новае аблічча: памянялі вокны, дах, зрабілі прыбудову. Яно зразумела, некалі ж сям’я павялічыцца, трэба думаць, як жыць. Жыць у вёсцы? А чаму б і не! Асабліва калі гэта жывая прыгарадная вёска, калі ў суседзях такія ж, як сам, маладыя людзі, калі маеш аўтамабіль і не абцяжараны вялікай гаспадаркай. Жыві ў вёсцы па-гарадскому, дыхай свежым паветрам на прыазер’і і ездзі ў горад на працу.
Калі Кацярына з Дзмітрыем адпраўляюцца на працу, ніхто пакуль у іх у хляве не рохкае, не рыкае і нават не кудахча. Паслухмяна застаюцца вартаўнікамі сямейнага гнязда толькі сабака Грэй і кошка Ліза. Вартуюць таксама шчодры сёлета сад і невялікі агарод.
На працы — хоць і ў адной сферы, ды ў розных будынках. Ён — метадыст РДК і акампаніятар эстраднай студыі “Святлана” гэтай жа ўстановы, яна акампаніруе ў хоры народнага клуба “Ветэран”. За ўвесь дзень маглі б і не пабачыцца, калі б не сустракаліся за абедам. Затое на выхадных і ўвечары — іх час. Праўда, у культработнікаў паняцце выхадных дастаткова сімвалічнае. Але час разам палавіць рыбку на возеры ўсё ж знаходзяць. А пра доўгія зімовыя вечары, якія іх чакаюць неўзабаве, і гаварыць не даводзіцца. Кацярына не будзе выпускаць з рук вязальнага прутка ці іголкі. Вышывае крыжыкам, вяжа шкарпэткі, панчохі, тапкі, шапкі. Дзмітрыю працы на хатняй будоўлі таксама хопіць. Калі не рабіць сваімі рукамі, адной зарплаты далёка не заўсёды дастаткова, тым болей, калі абодва — работнікі невытворчай сферы. Але ж яны самі выбралі свой хлеб і сваёй работай задаволены.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: маладая сям’я ў жыцці і на сцэне.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>