Расписание на каникулы учащихся СШ №3 г. Лепеля

sam_2469Незаўважна праляцела першая вучэбная чвэрць. У школах — зноў канікулы, непрацяглыя, гэтым разам крыху болей за тыдзень, але такія жаданыя і, як заўсёды, поўныя розных цікавых спраў. На пачатку канікулаў я завітаў па службовых справах у родную школу. Хоць і не было заняткаў, нельга было сказаць, што ў СШ №3 “і лягла цішыня”. Працавалі настаўнікі, ужо з раніцы збіралася ўсё болей дзяцей. Зрэшты, чаму ж не было заняткаў? Калі не звініць званок, гэта яшчэ не азначае, што школа адпачывае. Заняткі бываюць розныя, вось якраз пра гэта — пра расклад на канікулы — мы і пагутарылі з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Святланай Драбышэўскай.
— У нас — аздараўленчы лагер, — распавядала Святлана Ільінічна, — і, як заўсёды, ён завецца “Сонейка”. Так што наша сонейка свеціць і грэе аднолькава ўсе чатыры пары года, і пад яго промнямі дзеці маюць магчымасць аздаравіцца і адпачыць.
— Колькім дзецям так пашанцавала?
— Гэтым разам адпачываюць трыццаць пяць чалавек з малодшых класаў, прычым больш паловы з іх — вучні першага і другога класаў. Ёсць дзеці з няпоўных і шматдзетных сем’яў, а таксама з сям’і, якая знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
— Абмалюйце, калі ласка, хаця б агульнымі штрыхамі, што чакае дзяцей у “Сонейку”.
— Чаму ж, можна і падрабязна. Вялікую ўвагу надаём спартыўным заняткам, бо менавіта яны — спадарожнікі здароўя. Таму спартыўныя мерапрыемствы абавязковыя штодня. Гуляем у футбол, праводзім розныя эстафеты, конкурсы накшталт гульнявой праграмы “Хутчэй, вышэй, смялей!”, “Дня здароўя” і г.д. Глядзім па надвор’і: калі дождж, хаваемся ў спартыўнай зале, калі разлагодзіцца на вуліцы, абавязкова выйдзем пагуляць на свежае паветра.
— А што прапануеце творцам і інтэлектуалам?
— Таксама не пакрыўдзім. У нас ёсць гадзіна творчых спраў. Займаемся майстэрствам арыгамі, ладзім конкурсы малюнкаў. Дзяцей чакае віктарына “Зарадка для кемлівых”, запланаваны паход у раённую бібліятэку і, вядома ж, глядзім кіно — пазнавальныя фільмы “мульцікі”. Знойдзецца час і для таго, каб проста пагутарыць, пачытаць вершы. Напрыклад, на “гадзіне стасункаў” у “Дзень восені” паразважаем на тэму “Што нам восень прынесла?”. Абавязкова адправімся і ў падарожжа па казках, як жа без казкі ў “Сонейку”! Казачныя эстафеты, віктарына “Тут цуды, лясун тут блукае”, не сумняваюся, спадабаюцца нашым маленькім адпачывальнікам.
— А ці будзе дыскатэка?
— Своеасаблівая, разлічаная на самых маленькіх танцораў. Дарэчы, дыскатэкі і вечары адпачынку праводзім у школе, як правіла, кожны другі тыдзень. А вось на канікулах збярэцца савет старшакласнікаў, каб абмеркаваць пытанне правядзення тэматычных вечароў адпачынку. Будзем думаць, як зрабіць іх яшчэ болей інфармацыйна насычанымі, каларытнымі, карыснымі і цікавымі.
— Чым зоймуцца іншыя дзеці на канікулах?
— Шмат спраў. Звяртаем увагу класных кіраўнікоў, і ў першую чаргу восьмых — адзінаццатых класаў, на шэфскую дапамогу ветэранам. Хтосьці прасіў дапамагчы спарадкаваць ураджай садавіны, камусьці трэба агарод ускапаць, а то і проста завітаць, каб усцешыць добрым словам. Шаснаццаць аб’яднанняў па інтарэсах, усе працуюць і на канікулах. Не пустуюць ні спартыўная зала, ні школьныя майстэрні. Аліна Корсак працягвае заняткі клуба “Спадчына”, які працуе на базе школьнага музея. Запрошаны ў школу ветэраны педагагічнай працы Ларыса Скавародка, Святлана Кляцкова. Піянеры аб’явілі збор дружыны. Працуе рэдакцыя вучнёўскага часопіса “Школьны дазор”. Кожны дзень па раскладзе — факультатывы па прадметах.
— Для дзяцей канікулы — час адпачынку, а педагогі — на працы. Скажыце, а ці адпачываюць настаўнікі на канікулах?
— Памятаеце, пад час мінулай сустрэчы мы гаварылі пра планы стварэння на базе школы платнага спартыўнага гуртка для настаўнікаў? Дык вось, ён працуе ўжо. Займаюцца дваццаць чалавек — не толькі нашы настаўнікі, але і шэфы з філіяла “Лепельскае ДРБУ-202” КУП “Віцебскаблдарбуд”.
— Дзякую. Плённа вам папрацаваць і прыемна адпачыць перад пачаткам другой чвэрці.
Гутарыў
Уладзімір МІХНО.
На здымку: адпачынак у СШ №3.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>