Лепельскому районному краеведческому музею — 65 лет

muzej4Лепельскі раённы краязнаўчы музей створаны па рашэнні Савета Міністраў БССР ад 4 лістапада 1953 г. №1283, у якім было адзначана “адкрыць у 1953 годзе раённы краязнаўчы музей у горадзе Лепелі Віцебскай вобласці”. Першая экспазіцыя пачала працаваць у 1954 годзе ў драўляным будынку Бярэзінскай воднай сістэмы, размешчаным на беразе Лепельскага возера. Была і перасоўная выстава, прымеркаваная да ўборачнай кампаніі. Прысвечана яна была развіццю сельскай гаспадаркі.
У 1956 годзе музей складаўся з адной залы “Сацыялістычнае будаўніцтва”. Ствараўся аддзел “Прырода”. У 1950 — 60 гады працавалі Л. Лях, М. П. Гардзюк. Дырэктарам музея была ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны Н. Ф. Шыпуля, якая адпрацавала 10 гадоў і шмат зрабіла для развіцця музейнай справы на Лепельшчыне. Пасля завяршэння будаўніцтва Лепельскай ГЭС узровень вады ў Лепельскім возеры падняўся, вуліца Бярэзінская сістэма была затопленая, і ў сярэдзіне 1950-х будынак музея перанеслі на скрыжаванне вуліц Калініна (Мопраўская) і М. Горкага, у якім з 1959 года працягвае сваю дзейнасць. Некаторы час, пакуль вялося будаўніцтва, музей размяшчаўся ў адным пакоі раённай бібліятэкі па вуліцы К. Маркса.
У 1967 годзе ў краязнаўчым музеі налічвалася 3272 прадметы асноўнага фонду. Тады былі перааформлены экспазіцыі ўсіх залаў, праведзены рамонт будынка. У зале прыроды ўстанавілі дыярамы, прайгравальнік з пласцінкамі. Зрабілі макет партызанскай зямлянкі, які і цяпер знаходзіцца ў экспазіцыі музея. Працягваўся збор музейных прадметаў, абнаўляліся экспазіцыі, рабіліся прыбудовы да будынка музея. Пазней з’явіліся залы прыроды, дарэвалюцыйнага мінулага, гісторыі савецкага перыяду, пасляваеннага будаўніцтва, зала Вялікай Айчыннай вайны. У 1978 годзе музей быў зачынены на рэканструкцыю экспазіцыі і рамонт будынка. Сучасная экспазіцыя адкрыта ў лістападзе 1983 года. Мастаком-афарміцелем працаваў Уладзімір Кандрацьеў. Работы праводзіліся пад кіраўніцтвам дырэктара Анатоля Ханяка, завершаны пры Вользе Ланікінай. В  2000 годзе  абнавілася экспазіцыя зала гістарычнага мінулага.
З 2001 года дырэктарам працуе А. У. Стэльмах. Гутарым з Алінай Уладзіміраўнай аб сённяшніх справах установы.
— Што ўяўляе сабой музей у нашы дні?
— У цяперашні час у музеі налічваецца шэсць экспазіцыйных залаў: прыроды, гістарычнага мінулага, гісторыі краю ў 1920-1930-х гадах, Вялікай Айчыннай вайны, перамогі, развіцця культуры і выставачнай залы.
Наведваючы музей, можна даведацца, як на працягу стагоддзяў на беразе Лепельскага возера жылі людзі, што рабілі, у што верылі, як змяняліся іх погляды, якія тут адбываліся падзеі. Актыўна вядзецца праца па зборы музейных прадметаў. Рэгулярна нашы навуковыя супрацоўнікі адпраўляюцца ў гісторыка-этнаграфічныя экспедыцыі па раёне.
— Вы таксама займаецеся выданнем навуковых кніг, брашур…
— У 1995-1996 гадах праведзена гісторыка-краязнаўчая экспедыцыя па Бярэзінскай воднай сістэме. Быў вывучаны сучасны стан гідратэхнічных збудаванняў. У 2009 годзе выдадзена брашура “Бярэзінская водная сістэма”.
Праведзена восем навукова-практычных канферэнцый «Лепельскія чытанні». Выдадзена сем зборнікаў дакладаў удзельнікаў канферэнцыі. У 2008 годзе выйшаў у свет набор паштовак “Лепель на старых паштоўках”, створаны на аснове работ пачатку 20 ст. Лепельскага фатографа Фідэльмана з фондаў музея. Вынікам удзелу супрацоўнікаў у краязнаўчых экспедыцыях стала выданне брашуры “Паданні Лепельшчыны” (2008 г.). У кнізе “Нарысы гісторыі Лепельшчыны” (2012 г.) паказана жыццё Лепельшчыны на розных этапах яе развіцця. У 2015 годзе Лепельскім раённым краязнаўчым музеем выдадзены гістарычны нарыс “Лепельскае мінамётнае вучылішча”. Кніга прысвечана гісторыі стварэння Лепельскага мінамётнага вучылішча і яго дзейнасці па падрыхтоўцы афіцэрскіх кадраў у 1940 — 1946 гадах.
— У музеі таксама праходзяць выставы…
— Адзін раз у два гады праходзіць вялікая выстава работ “Фарбы Лепельшчыны”, у якой удзельнічае каля 30 майстроў, а таксама рыхтуюцца выставы работ мясцовых мастакоў, калекцыянераў.
У год праводзіцца 10 — 14 розных выстаў. Сабрана велізарная калекцыя жывапісу і графікі. Тут захоўваюцца працы вядомых самадзейных мастакоў Васіля Жарнасека, Анатоля Бухаркiна, прафесійных мастакоў Анатоля Iльiнова, Алега Скавародкі, Рыгора Шауры, Аляксандра Саўчанкi, Івана Будзіча і іншых. Штогод гэтая калекцыя папаўняецца працамі мясцовых мастакоў.
— Музейная дзейнасць — гэта і захаванне гістарычных помнікаў…
— Так, у канцы 1990-х гадоў у музей быў дастаўлены адзін з двух калісьці вядомых камянёў з надпісам на латыні з вёскі Пышна.
— Які фонд музея ў апошнiя часы?
— На першага студзеня 2018 года ў Лепельскім краязнаўчым музеі налічваецца 20956 прадметаў асноўнага і 10550 прадметаў навукова-дапаможнага фондаў.
— Да чаго наведвальнікі праяўляюць асаблівую цікавасць?
— Апошнім часам карыстаецца папулярнасцю экспазіцыя, у прыватнасці зала Вялікай Айчыннай вайны. Нямала ўдзельнікаў збіраюць штогадовае мерапрыемства “Ноч музеяў”, вялікі праект “Вясельны перапалох, або Вяселле па-лепельску”… З зацікаўленасцю разглядаюць паштоўкі з відамі Лепеля, зробленыя ў 20 стагоддзі лепельскімі фатографамі, бацькам і сынам Барысам і Рафаілам Фiдэльманамi, а таксама нашым земляком, гісторыкам і калекцыянерам Міхаілам Кусцiнскiм, выкладчыкам Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа Мікалаем Другаковым.
— Што ўяўляе сабой зала Вялікай Айчыннай вайны?
— Матэрыялы, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне, займаюць значнае месца ў экспазіцыі музея. Тут прадстаўлены фотаздымкi, дакументы, асабістыя рэчы, зброя, газеты, улёткі, кнігі, якія распавядаюць аб барацьбе лепяльчан з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
— Калі ласка, некалькі слоў аб зале прыроды…
— У зале прыроды экспануюцца чучалы жывёл і птушак, якія жывуць у нашым рэгіёне, распавядаецца аб Бярэзінскім біясферным запаведніку.
— У раёне праводзяцца археалагічныя раскопкі. Што было перададзена ў музей?
— У Лепельскім раённым краязнаўчым музеі захоўваюцца матэрыялы археалагічных раскопак А. Мітрафанава, Л. Дучыц, У. Ксяндзова, А. Вайцяховіча, М. Клімава, М. Чарняўскага і іншых. Яны прадстаўлены прыладамі працы (каменныя сякеры, сярпы, нажы), жаночымі ўпрыгожваннямі са шкла і косткі, глінянымi гаршкамi і інш.
Таксама ёсць калекцыя манет. Яны паступілі ў музей ад жыхароў Лепельскага раёна і датуюцца ХVІ — ХХ стагоддзямі.
Асаблівую групу складаюць памятныя медалі. Гістарычную і мастацкую каштоўнасць прадстаўляюць калекцыі пячатак, значкоў і жэтонаў.
— А як прадстаўлены ў музеі побыт нашых продкаў?
— Значнае месца ў экспазіцыі займае побыт лепяльчан у ХІХ-ХХ стагоддзях. Тут прадстаўлены прылады працы, драўляны посуд, жорны, ткацкі станок, сурвэткі, абрус, куфар, прасы і самавары, вырабы з фарфору.
Для маладых, якія жадаюць заключыць шлюб, праводзіцца заснаванае на народных традыцыях мерапрыемства “Вяселле ў музеі”.
Кожны год праводзяцца святы народнага календара “Каляды ў музеі”, “На Грамніцы нап’ецца мядзведзь вадзіцы”, “Велікодныя забавы” і іншыя.
— Чым папоўніўся фонд музея ў апошнія гады?
— Да нас паступілі такія прадметы, як электрычная брытва, кнігі, часопісы, радыёпрыёмнiк, фатаграфіі, магнітафон…
Акрамя гэтага, папаўняецца калекцыя фотаапаратаў і фотапрыладаў.
Паступілі ў музей прадметы культавага прызначэння: вопратка праваслаўнага і каталіцкага святароў, іконы, кнігі. Калекцыя музычных інструментаў прадстаўлена цымбаламі, дудой, скрыпкай, паляўнічым рогам, а таксама баянам, патэфонам…
У 2006 годзе рашэннем Лепельскага райвыканкама музею перададзены будынак былога вiнаачышчальнага склада 1897 годзе па вуліцы Савецкай у г. Лепелі, у якім пасля завяршэння рэстаўрацыі размесціцца Лепельскі раённы краязнаўчы музей.
— Ну i, канечне, некалькі слоў аб калектыве…
— У нас вельмі дружны, згуртаваны калектыў. Працуюць добрасумленныя, мэтанакіраваныя людзі. Кожны — цікавая асоба, якая ўносіць уклад у нашу агульную справу. Мастаком працуе Анастасія Нядбальская, наглядчыкамі — Ала Ладзік і Уладзімір Баранаў, падтрымлівае чысціню і парадак Святлана Хватынец, незаменны і рабочы Іван Томскіх. Хочацца павіншаваць наш выдатны калектыў з юбілеем, пажадаць поспехаў, шчасця, дабрабыту і стабільнасці.
— Прафесіяналізмам работнікаў музея можна толькі захапляцца.
Жадаем вам шмат новых цікавых экспанатаў, усмешак на тварах наведвальнікаў, зацікаўленых поглядаў і добрага настрою!
Наталля ХРАПАВIЦКАЯ.
На здымку: калектыў Лепельскага раённага краязнаўчага музея.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>