Шестой школьный день в СШ №1 г. Лепеля

dsc_0563Многія бацькі задаюцца пытаннем, ці абавязкова трэба ў суботу дзецям наведваць школу. Часам не атрымліваецца, бо запланаваны сямейныя мерапрыемствы, наведванне бабуль…
З гэтым і іншымі пытаннямі звярнулася да намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце УА «Сярэдняя школа №1 г. Лепеля» Таццяны Грыгаровіч.
— Таццяна Вітальеўна, ці абавязкова дзіця павінна наведваць шосты школьны дзень?
— Вядома ж, не. Абавязковага наведвання дзяцей мы не патрабуем. У суботу арганізуецца добраахвотная дзейнасць навучэнцаў. Дзеці прыходзяць у аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі, праводзяцца розныя класныя мерапрыемствы, агульнашкольныя. Аднак стараемся зацікавіць школьнікаў, каб іх прыходзіла як мага больш, і гэта ўдаецца. Ідуць з задавальненнем, добрым настроем.
— А ці могуць бацькі пагутарыць з настаўнікамі ў суботу? У буднія дні не заўсёды атрымліваецца, усё на працы.
— Настаўнікі ў гэты дзень знаходзяцца ў школе. Важнай часткай настаўніцкай прафесіі з’яўляюцца ўзаемаадносіны з бацькамі. Педагог з вялікім задавальненнем абмяркуе з імі любыя пытанні, бо мэта ў іх адна — выхаванне. Хочацца, каб дзецям было камфортна ў школе. І часцей за ўсё наладжаны добры кантакт з тымі дзецьмі, бацькі якіх цікавяцца школьным жыццём. Можна пагутарыць з настаўнікамі-прадметнікамі, класнымі кіраўнікамі, а таксама работнікамі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы (СППС).
— А як гэтая служба працуе ў шосты дзень?
— Менавіта на суботу запланаваны розныя кансультацыі педагога-псіхолага і педагога сацыяльнага. Яны працуюць і з дзецьмі, і з бацькамі.
— Калі ласка, некалькі прыкладаў…
— Для навучэнцаў арганізаваны такія кансультацыі: «Як перажыць няўдачу», «Мяняем калектыў», «Ці патрэбны мозгу цукар, або Ежа для розуму», «Як выбраць сапраўдных сяброў?» і многія іншыя. Для законных прадстаўнікоў, напрыклад, — «Новы этап у жыцці вашага дзіцяці і вашай сям’і, або Як дапамагчы дзіцяці адаптавацца».
— Як арганізуецца праца ў гэты дзень з дзецьмі, якія стаяць на прафілактычным уліку?
— Акцэнт у класе абавязкова робіцца на такіх дзяцей. Класны кіраўнік у першую чаргу ўключае такіх дзяцей у розныя мерапрыемствы, грамадскае жыццё класа. Яны ў шосты школьны дзень заўсёды занятыя ў школе. А гэта значыць, што не будуць проста хадзіць па вуліцы. Педагог-псіхолаг і педагог сацыяльны таксама для іх арганізуюць мерапрыемствы. У нас чацвёртая субота — дзень СППС. Служба працуе ў розных напрамках: прававое выхаванне, здаровы лад жыцця і іншыя. Ёсць добрыя вынікі. Вучань, які стаяў на прафілактычным уліку, у мінулым годзе на раённай алімпіядзе прававых ведаў заняў другое месца. У 2016-м — стаў пераможцам, ездзіў на абласную алімпіяду.
— І колькі такіх дзяцей?
— Два дзіцяці знаходзяцца на прафілактычным уліку.
— А як працуеце з дзецьмі, у якіх праблемы з паводзінамі?
— Галоўнае — навучыць дзіцяці правільна распараджацца сваім вольным часам. Звычайна яны гэтага не ўмеюць рабіць. Калі дзіця, часцей падлетак, заняты цікавай справай, у яго не будзе часу на якія-небудзь правіны. Найбольш цікавыя для такіх дзяцей спартыўныя секцыі. Яны працуюць кожную суботу. Робім усё, каб быў 100-працэнты ахоп падлеткаў заняткамі ў секцыях і аб’яднаннях. І зноў жа, мы стараемся актыўна супрацоўнічаць з бацькамі.
— А чым займаюцца старшакласнікі? Іх таксама шмат у школе ў гэты дзень.
— Для 9 — 11 класаў працуюць факультатывы. Ёсць таксама платныя факультатывы для сярэдняга звяна. Настаўнікі пачатковых класаў займаюцца з дзеткамі, якія прыйдуць ужо ў наступным вучэбным годзе ў першы клас.
— Праводзіцца разнастайная праца. А які ж асноўны напрамак дзейнасці ў шосты школьны дзень? Дзеці пяць дзён вучылі ўрокі…
— Вядома ж, гэта фізкультурна-аздараўленчая і спартыўна-масавая работа. Праводзяцца дні здароўя для розных узроставых груп навучэнцаў, спартыўныя спаборніцтвы, фізкультурныя святы, спартландыі, турніры…
— Якая наведвальнасць дзяцей у гэты дзень?
— Прыкладна 80 працэнтаў навучэнцаў 2 — 11 класаў у суботу з васьмі раніцы і да 13.00 у школе актыўна занятыя ў розных мерапрыемствах.
…Назірала, як вучні бегалі па класах і выконвалі заданні. Па тварах было бачна, што вельмі цікавыя. У гэты момант зразумела, што менавіта так адбываецца згуртаванне класа як калектыву, працавалі адной камандай. Гэта праходзіла квэст-гульня «Формула здароўя», прымеркаваная да дэкады здаровага ладу жыцця. Праводзіла яе педагог-арганізатар Алена Унуковіч.
Наталля
ХРАПАВІЦКАЯ.
На здымку: Алена Унуковіч уручае грамату капітану каманды 5 «А» класа Анатолю Корсаку.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>