Республиканский семинар прошел на базе КУПП «Боровка» Лепельского района

2018-10-05_094010Галоўнай тэмай рэспубліканскага семінара-вучобы, праведзенага на днях на базе вытворчых участкаў КУВП “Бароўка”, стала ахова працы на прадпрыемствах жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Узначальвалі прадстаўнічую дэлегацыю першы намеснік Міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла, старшыня рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў ЖКГ Сяргей Алейнікаў. Удзельнічала больш за 30 прадстаўнікоў прадпрыемстваў галіны з амаль усіх рэгіёнаў рэспублікі. Спачатку была прадэманстравана дыспетчарская КУВП “Бароўка”.
Як чытач уяўляе сабе працу дыспетчарскай? За сталом сядзіць чалавек. На стале — тэлефон, журналы, сшыткі, дзе занатавана, якія на прадпрыемстве ёсць работнікі, колькі тэхнікі, дзе яны ў дадзены момант задзейнічаны, куды іх трэба будзе накіраваць бліжэйшым часам. Звоніць тэлефон — на тым баку лініі паведамляюць, скажам, аб прарыве трубы ці працякаючым даху. Дыспетчар накіроўвае на праблемны аб’ект патрэбнага профілю брыгаду ці спецыялістаў.
На новай дыспетчарскай праца ладзіцца зусім іншым чынам. Не, ёсць і аператар, які прымае тэлефанаванні, але гэта крыху іншая служба. Заходзім у пакой. На сцяне вісяць тры вялікія маніторы, перад імі за сталом сядзіць інжынер Алег Падліпскі, збоку — начальнік участка па кантролі і эксплуатацыі прыбораў уліку Яўген Шыдлоўскі. Праца дыспетчарскай арганізавана наступным чынам. На балансе КУВП “Бароўка” дзясяткі кацельняў на розных відах паліва: газе, дрывах, пелетах. Сярод іх ёсць дзевяць кацельняў, цалкам аўтаматызаваных. Тлумачыць дырэктар КУВП “Бароўка” Уладзімір Аксяновіч:
— Ахова працы на прадпрыемстве вядзецца па некалькіх накірунках. Зараз разгледзім адзін з іх — скарачэнне працоўных месцаў са шкоднымі ўмовамі працы. Дапусцім, кацельня школы ў Камені працавала на дрывах. Для працы на ёй патрабаваліся чатыры чалавекі, якія падкідвалі дровы, брыкет у топкі, вычышчалі попел. Тры гады таму мы перавялі аб’ект на выкарыстанне паліўных пелетаў. Былі закуплены і ўстаноўлены новыя катлы, зманціраваны бункеры, куды загружаецца паліва, шнэкі і іншае абсталяванне. Катламі кіруе камп’ютар, для забеспячэння працэсу цяпер няма патрэбы ў тым, каб там пастаянна дзяжурыў работнік. У выніку тры адзінкі скарачаюцца, людзі не пакідаюцца без працы і заробку, пераводзяцца на іншыя ўчасткі, часта з менш шкоднымі ўмовамі. Застаецца адзін — як правіла, той, хто жыве блізка да кацельні. Аб’ект працуе ў аўтаматычным рэжыме, чалавек толькі час ад часу наведваецца, правярае, каб усё працавала належным чынам, прыходзіць, каб прыняць у бункер новую партыю пелетаў. Калі адбыўся збой, камп’ютар пасылае аператару СМС-паведамленне. Ён прыходзіць, глядзіць. Непаладка невялікая — выпраўляе яе сам, значная — выклікае адпаведную рамонтную брыгаду. Гэта першы этап. Другі этап прадстаўлены ўвядзеннем дадзенай дыспетчарскай. Дзевяць кацельняў цалкам аўтаматызаваны, усе параметры іх працы па каналах сувязі выводзяцца сюды: тэмпература вады на паступленні ў кацёл, тэмпература на выхадзе, тэмпература паветра каля кацельні, колькасць пелетаў у запасе, якое полымя ў топцы, які каэфіцыент карыснага дзеяння, колькі гігакалорый цяпла выкарыстоўваецца… Аператар ужо адсюль можа кіраваць працэсам: павялічваць або памяншаць, у залежнасці ад патрэбы, падачу паліва, выпраўляць невялікія збоі. Вось такім чынам аператары кантралююць працу кацельні ў Домжарыцах. Уявіце сабе: нават той адзіны чалавек, які працаваў у шкодных умовах, цяпер можа быць пераведзены на іншы ўчастак з няшкоднымі ўмовамі працы. На дадзены момант замест дзевяці аператараў у шкодных умовах працуюць двое… у няшкодных. І да гэтай сістэмы мы будзем падключаць як мага больш кацельняў, усе, па магчымасці.
img_3080Гэта толькі адзін з прыкладаў, напрамкаў дзейнасці ў галіне аховы працы. Увогуле, у КУВП “Бароўка” даволі шмат робіцца ў гэтым накірунку, і ўдзельнікі семінара маглі ў гэтым пераканацца. Напрыклад, паказальнай з’яўляецца вытворчая база прадпрыемства, размешчаная на вуліцы Калініна. Раней там былі вытворчыя і навучальныя майстэрні дзяржпрафліцэя, летась іх перадалі “Бароўцы”. Зыходзячы з таго прынцыпу, што спачатку работнікам трэба стварыць належныя ўмовы працы, а потым патрабаваць ад іх вынікаў, кіраўніцтва найперш прыступіла да рамонту. Кабінеты, рамонтныя цэхі, майстэрні — усё даводзіцца да ладу, робіцца для зручнасці работнікаў. Узяць хаця б адзін момант: на тэрыторыі майстэрні зроблена паркоўка для асабістага аўтатранспарту. Не сакрэт, што многія работнікі “Бароўкі” жывуць далёка, ім нязручна прыязджаць на працу грамадскім транспартам. Куды паставіць сваю машыну, пакуль працуеш на рабочай? Стаянка прадпрыемства — аптымальнае выйсце.
Выдатна аформлены і кабінет аховы працы, рэгулярна заняткі ў ім праводзіць вядучы інжынер па ахове працы Сяргей Юрэвіч. Напамінае вадзіцелям аб бездакорным выкананні правілаў дарожнага руху, слесарам — аб бяспецы пры правядзенні тых ці іншых работ на аб’ектах.
Вынікам усёй дзейнасці можна лічыць безаварыйную працу. За апошнія гады на аб’ектах “Бароўкі” не зафіксавана значных інцыдэнтаў і няшчасных выпадкаў, атрымання траўмаў.
Удзельнікі рэспубліканскага семінара адзначылі вялікі прагрэс КУВП “Бароўка”. Кіраўнікі і спецыялісты іншых прадпрыемстваў удакладнялі нюансы, задавалі пытанні, каб у сваёй далейшай працы пераймаць перадавы вопыт.
Васіль МАТЫРКА.
На здымках: удзельнікі рэспубліканскага семінара; Яўген Шыдлоўскі і Алег Падліпскі ў дыспетчарскай.
Фота аўтара і з архіва КУВП “Бароўка”.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>