Юные спортсмены Лепельщины — на пути к новым вершинам

1439019565Кожны год юныя спартсмены Лепельшчыны, якія займаюцца ў вопытных трэнераў спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву Лепельскага раёна, раённым фізкультурна-аздараўленчым цэнтры, абараняюць гонар раёна ў абласных, рэспубліканскіх мерапрыемствах, праслаўляюць Беларусь на міжнародным узроўні. Каб заняткі юных спартсменаў праходзілі ў камфортных умовах, паступова паляпшаецца і матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў. Аб тым, як вядзецца гэта работа, пойдзе наша размова ў інтэрв’ю з загадчыкам сектара спорту і турызму райвыканкама Аленай Скорба.
— Алена Фёдараўна, вядома, што многія навучэнцы школ з задавальненнем праводзяць вольны час за спартыўнымі гульнямі, развіваюць сваю фізічную загартоўку ў спартыўных секцыях. Раскажыце, калі ласка, аб рабоце ў гэтым накірунку.
— На спартыўнай базе ўстаноў адукацыі ў вольны ад вучобы час арганізавана работа аддзялення гандбола спартыўнай школы. Найбольш здольныя навучэнцы агульнаадукацыйных школ запрашаюцца на прагляд у спартыўную школу. Пераможцамі і прызёрамі абласных спаборніцтваў сярод юнакоў і дзяўчат за 2016-2017 гады стала 98 навучэнцаў школ, сёлета ж — 66 хлопцаў і дзяўчат. На працягу 2016-2017 гадоў было прысвоена 78 юнацкіх і спартыўных разрадаў і 105 — сёлета. З 2016 па 2018 год было перададзена ў вышэйшае звяно пяць навучэнцаў.
Шмат увагі ўдзяляецца і абнаўленню матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. У мінулым годзе на закупку гандбольных мячоў для школы выдзелена адна тысяча 651 рубель. Сёлета было адкрыта дзве групы пачатковай падрыхтоўкі па гандболе ў аграгарадку Слабада. Акрамя таго, пройдзена атэстацыя школы на прадаўжэнне статусу “Спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву”. 65 працэнтаў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння школы складае аддзяленне гандболу і дваццаць працэнтаў — цяжкай атлетыкі.
У кожны канікулярны год на базе дзяржаўнай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву працуе спартыўна-аздараўленчы лагер. На працягу года тут праходзяць аздараўленне 240 навучэнцаў.
Значныя вынікі дасягнуты выхаванцамі дзяржаўнай установы “Лепельскі раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр”. Паспяхова выступаюць зборныя каманды раёна ў спаборніцтвах разнастайнага ўзроўню. У мінулым годзе на чэмпіянаце вобласці па міні-футболе наша каманда заняла другое месца. Другой наша каманда была і на “Кубку Віцебскай воласці па футболе”. На абласных спаборніцтвах па футболе “Скураны мяч” сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба нашы футбалісты сталі пераможцамі. Першае месца нашы спартсмены занялі таксама ў абласной спартакіядзе “Каласок” для дзяцей і юнацтва аграгарадкоў, сельскіх населеных пунктаў. Зборныя каманды шахматыстаў нашага раёна — дзіцячая і дарослая — неаднаразовыя прызёры абласных спаборніцтваў. На Чэмпіянаце Віцебскай вобласці па футболе сярод дарослых каманд 2017 года нашы ігракі сталі першымі. Юныя баксёры, якія ўдзельнічаюць у абласных і рэспубліканскіх турнірах па боксе, займаюць толькі прызавыя месцы.
Добрых вынікаў нам удалося дасягнуць і сёлета. На абласных спаборніцтвах па футболе “Скураны мяч” сярод дзяцей і падлеткаў па месцы жыхарства на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба наша каманда стала пераможцай. Першае месца лепяльчане занялі і ў абласной спартакіядзе “Каласок” для дзяцей і юнацтва аграгарадкоў, сельскіх населеных пунктаў.
— Алена Фёдараўна, як бачна, дасягненнямі нашых спартсменаў можна толькі ганарыцца. Аднак паспяховым заняткам садзейнічаюць і належныя ўмовы…
— Вядома. У нашым раёне ёсць 27 спартыўных залаў, 34 прыстасаваныя памяшканні для заняткаў фізкультурай, чатырнаццаць спартыўных ядраў і 62 плоскасныя збудаванні.
Неабходную спартыўную базу мае і дзяржаўная ўстанова “Лепельскі раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр”. Гэта спартыўная зала памерам 60х18 метраў у г. Лепелі, спартыўная зала памерам 30х18 у аграгарадку Камень, тры трэнажорныя залы (дзве мужчынскія і адна жаночая), більярдная, саўна з міні-басейнам, стадыён на паўтары тысячы пасадачных месцаў, абсталяваны гімнастычны гарадок. У зімовы час функцыянуе каток памерам 60х40 метраў, хакейная каробка 40х20, дзве асветленыя лыжныя міні-трасы, размешчаныя ў гарадскім парку і на стадыёне. Для правядзення раённых і абласных спаборніцтваў у раёне аўтадрома абсталявана неасветленая лыжная траса працягласцю тры кіламетры.
На балансе дзяржаўнай установы “Лепельскі раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр” знаходзяцца комплексныя спартыўныя пляцоўкі аграгарадкоў Вялікі Поўсвіж, Старое Лядна, Чарэйшчына, Стаі і Слабада.
Толькі за 2017-2018 гады створаны і ўведзены ў эксплуатацыю спартыўныя пляцоўкі па месцы жыхарства: па вуліцы Караленкі, у раёне возера Святое, па вул. Калініна (у раёне магазіна “Ганна”), па вул. Віцебская, ля ДУ “Сацыяльна-педагагічны цэнтр г. Лепеля”. Адрэстаўраваны пляцоўкі па вул. Аршанская (раён прадпрыемства меліярацыйных сістэм), па вул. Барысаўскі тракт (у раёне філіяла “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”), а таксама аграгарадках Камень і Чарэйшчына.
Штогод дзяржаўнай установай “Лепельскі раённы фізкультурна-аздараўленчы цэнтр” праводзіцца 70 спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Гэта раённыя, абласныя, рэспубліканскія спаборніцтвы: чэмпіянаты, кубкі па гульнявых відах спорту, летнія і зімовыя спартакіяды сярод прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, аграгарадкоў і сельскіх саветаў, занальныя абласныя і рэспубліканскія галіновыя спартакіяды. Гэтыя мерапрыемствы дазваляюць ахапіць каля 22 працэнтаў насельніцтва раёна і прыцягнуць іх да заняткаў фізічнай культурай і спортам, а гэта больш за сем тысяч чалавек.
Спартыўная інфраструктура раёна пастаянна ўдасканальваецца. Райвыканкам выдзяляе ўсё больш фінансавых сродкаў для стварэння аптымальных умоў развіцця спорту і прыцягнення да яго моладзі. Плённая работа па развіцці спартыўных здольнасцей моладзі працягваецца.
Інтэрв’ю правяла Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>