Кормов в Лепельском районе заготовлено много

img_3275Якая праца ў цяперашні момант самая важная ў земляробстве? Давайце разважаць. Ураджай сабраны з палёў, высушаны і звезены ў сховішчы. Зараз застаецца толькі пільна захоўваць насенны фонд ды выдзяляць збожжа з фонду фуражнага на корм жывёле. Кармоў у гаспадарках раёна таксама нарыхтавана дастаткова, апошняй была закладзена ў сіласныя траншэі кукуруза. Азімыя засеяны і ўзышлі, радуюць вока ярка-зялёнай рунню. Ажно да вясны самыя адказныя аграномы будуць перыядычна прыходзіць на палеткі і правяраць, як адбываецца зімоўка. Да таго, як зямлю пакрые снег, перад земляробамі стаіць адна важная задача — пераараць зямлю.
Яўген Шамшур, механізатар ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя, якраз і займаецца ўказанымі справамі. Вясной сеяў збожжа на трактары МТЗ-3022, летам працягваў працу на корманарыхтоўчым комплексе КВК-800, нарыхтоўваў зялёную травяную масу. Заўважым, што гаспадарка мае невялікую ферму па адкорме буйной рагатай жывёлы, на якую трэба нарыхтаваць корм. Ліпень — пачынаецца жніво. У гэтай працы Яўген — зноў у лідарах. Летась ураджай быў больш багаты, таму хлопцу ўдалося пераадолець рубеж у тысячу тон збожжа, сёлета збожжа было аб’ектыўна меней, тысячатонная планка не скарылася, хаця да яе адолення заставалася зусім трошкі. Потым Яўген зноў шчыраваў на КВК-800, убіраў кукурузу, сеяў, а ў дзень прыезду карэспандэнта пераворваў глебу.
Магутны трактар метадычна ездзіў з аднаго краю поля ў другі, прыворваючы новыя і новыя палосы. Яўген дазволіў праехаць разам з ім у кабіне, там і адбылася гутарка.
— Бачу, цяжка трактар едзе, у некаторых месцах колы прабуксоўваюць.
— А што вы хацелі!? Сухмень больш за месяц стаяла, зямля спрасавалася. Гэтае поле яшчэ нічога, глеба крыху пясчаная, а што робіцца на гліне…
— А калі яшчэ і з камянямі…
— Чаго-чаго, а камення на нашых палях хапае. Зноў жа, на гэтым полі камянёў няшмат, а вось суседняе мы неафіцыйна называем Камянічкай. Думаю, зразумела, чаму. Прыедуць людзі ўвесну ці восенню, збяруць каменне. Здаецца, чыстая зямля. Пераарэш адзін раз — зноў глеба каменнем усеяная.
Праехалі круг, пакуль трактар разварочваецца, гідраўліка пераварочвае карпусы плугоў. Звярнуў увагу, што лемяшы і адвалы адпаліраваныя да люстранога бляску. Здаецца, што ў іх можна ўбачыць сябе. Гэта азначае, што тэхніка не прастойвае.
— Перад пачаткам ворыўнага сезона памяняў амаль увесь камплект: па 16 лемяшоў, долатаў, грудак і адвалаў. Як правіла, камплектуючыя выходжваюць каля 70 — 90 гектараў, у залежнасці ад якасці металу, з якога зроблены. Бывае, што даводзіцца некаторыя мяняць раней — калі на камень наскочыш.
Заўважаю, што, дзякуючы надвор’ю ў апошні час, вымачка высахла, стала магчымым пераараць яе. Мясціна бачная здалёк, вакол — поле, дзе летам рос рапс, а там — трава па пояс.
— Зараз пераараць можна, — заўважае механізатар, — а ўвесну сітуацыя будзе адваротная, з-за пераўвільготненасці на вымачку не заедзем, зноў яе будзем пакідаць, а з гэтага месца пустазелле насяваецца. Паблізу праходзіць меліярацыйны канал. Ад вымачкі да канала пракладзена дрэнажная сістэма. Калісьці яна спраўна працавала, лішняя вада сцякала па трубах, але апошнія гады два-тры, відаць, трубы заплылі, заіліліся, вада не сцякае. Меліяратарам трэба папрацаваць.
— Яўген, на гэтым полі сёлета рос рапс?
— Так, яравы. Я яго ўбіраў, а зараз гэта поле пераворваю.
Рухавік трактара натужна гудзе, машына спакойна рухаецца па палетку, як карабель, толькі крыху замаруджваючыся на былой вымачцы, дзе зямля парэзана каляінамі. Трактар новым дзесяць гадоў таму атрымліваў механізатар. З таго часу толькі ён на ім і працуе, нікому іншаму не давярае. Года паўтара таму памянялі рухавік, стары цалкам выпрацаваў свой мотарэсурс, яго танней аказалася замяніць, чым рамантаваць. У кабіне парадак. Пасядзеўшы ў ёй, звярнуў увагу, што адзенне не запылілася, як бывае часта ў іншых трактарах.
— У савецкія часіны норма выпрацоўкі за васьмігадзінную змену на ворыве вызначалася па простай і зразумелай формуле — па гектары на корпус. Сюды ж уключаўся і час, які механізатар траціць на абслугоўванне тэхнікі.
— Магчыма, так і было калісьці, — адказвае Яўген, — зараз норма для трактара МТЗ-3022 з васьмікорпусным плугам — 12 гектараў. Колькі я за дзень пераару, залежыць ад канфігурацыі поля. Калі гоні доўгія, за дзень — а пачынаю я араць а восьмай гадзіне і заканчваю каля 18-19 гадзін, а то і пазней — магу заараць да 20 гектараў. Калі ж палеткі маленькія, то і дзесяць га цяжка будзе выдаць. А звычайна за дзень закрываю 12-14 гектараў.
Звярнуў увагу, што плугі вельмі роўна пераворваюць, што кажа пра выдатную рэгуліроўку. Часта, калі агрэгат дрэнна адрэгуляваны, першы корпус пакідае заўважны след, каляіну або грэбень, і наступнымі апрацоўкамі іх вельмі цяжка выправіць. Таму механізатары імкнуцца загадзя старанна адрэгуляваць плугі, каб потым ворыва было якаснае, роўнае. Бывала, што да паловы дня трацілася на гэтую аперацыю.
— Я і плугі атрымліваў новымі, — кажа Яўген, — іх ні за які трактар у нашай гаспадарцы, апрача майго, зачапіць нельга, таму імі ніхто, акрамя мяне, і не арэ. Аднойчы настроіўшы, іх не трэба зноў рэгуляваць.
Акрамя Яўгена, на палетках сартастанцыі шчыруюць яшчэ трое трактарыстаў з плугамі, але іх тэхніка меншая, таму ім выдзяляюцца і адпаведныя палі, не такія вялікія. Усім разам ім, па прыблізных падліках, досыць будзе каля дзесяці дзён, каб завяршыць ворыва. Затым — памыць агрэгаты, тэхніку, і можна спакойна сустракаць зіму. Механізатары пойдуць у водпуск, адпачнуць пасля напружанага сезона, а потым можна будзе брацца за рамонт. У першую чаргу будуць рыхтавацца да веснавой пасяўной кампаніі.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Яўген Шамшур.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>