В акции «Чистый лес» приняли участие жители Лепельщины

dsc_0570Ужо стала традыцыяй праводзіць кожны год акцыю “Чысты лес”. Лясны фонд прыбіраецца ад бытавога смецця і захламленасці, асабліва паблізу населеных пунктаў. Мерапрыемствы праходзяць па ініцыятыве Міністэрства лясной гаспадаркі. Упершыню акцыя была праведзена ў 2010 годзе.
Галоўная задача — прыцягнуць увагу людзей да неабходнасці беражліва ставіцца да прыроды, лесу, не засмечваць яго. Часта людзі, адпачыўшы, забываюць за сабой прыбраць. У выніку прыгожае, папулярнае месца адпачынку ператвараецца ў непрывабную звалку. Сутыкалася сама з такой сітуацыяй: прыехаўшы на прыроду сям’ёй адпачыць, спачатку прыбіраем пасля папярэдніх наведвальнікаў. Аднак жа ва ўсіх месцах адпачынку стаяць кантэйнеры для смецця ў крокавай даступнасці.
…У час акцыі ва ўсіх быў добры настрой, і надвор’е ў гэты дзень не падвяло. Коратка расказана аб задачах. Узброіўшыся пальчаткамі і пакетамі для смецця, актыўна прыняліся за працу. Побач заўсёды знаходзіўся транспарт, куды скідвалі бытавыя адходы. Па тварах добраахвотнікаў, асабліва дзяцей, было відаць, што праца такая ім не ў цяжар. Часам дарослым можна ў іх павучыцца. І калі цяпер маладое пакаленне прызвычаіцца берагчы прыроду, то ў будучыні нашы лясы будуць чыстымі.
Пасля працы дзяцей чакаў сюрпрыз — салодкі стол. Удзельнікі атрымалі сувеніры, а таксама памятныя падарункі.
Гутарым з намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Лепельскі лясгас” Аляксандрам Клундуком.
— Колькі зарэгістравалася ўдзельнікаў?
— Запісалася 136 добраахвотнікаў, прысутнічаў 161 чалавек, а таксама 254 работнікі лясгаса.
— Ці павялічваецца колькасць жадаючых дапамагчы прыродзе з кожным годам?
— Ёсць людзі, якія штогод удзельнічаюць у акцыі. І, вядома, хтосьці дабаўляецца. Радуе, што ўдзельнічаюць дзеці. Ад іх залежыць чысціня лесу ў будучыні.
— Якія арганізацыі папрацавалі на навядзенні парадку?
— Лепельскі РАНС, раённы аддзел унутраных спраў, Лепельскі РГС філіяла ВУ “Чашнікігаз”–, усе школы раёна, гімназія ім. І. Ерашова, дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж і іншыя ўстановы.
— На якіх пляцоўках працавалі добраахвотнікі і работнікі ДЛГУ “Лепельскі лясгас”?
— Пляцоўкі былі арганізаваны па ўсім раёне. Прыбіралі прыгарадны лес, які больш за ўсё засмечваецца. Радуе тое, што з кожным годам смецця становіцца менш. Калі толькі гэтая акцыя пачыналася, было нашмат больш.
— Колькі ўбрана смецця? Якое часцей за ўсё сустракаецца?
— Вывезена каля 26 кубоў смецця. Часцей за ўсё даводзіцца прыбіраць пластык — гэта сляды адпачынку нашых турыстаў. Вырабы з пластыку вельмі распаўсюджаны ў нашым сучасным жыцці, але на разлажэнне іх ідзе вельмі шмат часу. Наносіцца вялікая шкода прыродзе, лесу. Сустракаюцца і несанкцыянаваныя звалкі. Людзі лянуюцца данесці смецце да кантэйнера.
Чалавек без прыроды не можа існаваць, а чысціня прыроды залежыць ад нас. Таму не варта захламляць сваё жыццё!
Наталля ХРАПАВIЦКАЯ.
На здымку: удзельнікі акцыі ў Заазерскім лясніцтве.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>