Районная ярмарка в Лепеле

img_3197Другая палова кастрычніка — заўсёдная пара кірмашоў. Не стаў выключэннем і бягучы год. Раённы кірмаш сабраў на пляцы перад універмагам амаль усіх сельгасвытворцаў Лепельшчыны, завіталі і госці з іншых гарадоў. Аднак пра ўсё па парадку.
Хоць аб’ява аб кірмашы была дадзена амаль напярэдадні, усё ж многія прадаўцы паспелі падрыхтавацца належным чынам. На месца прыбыў а палове дзясятай гадзіны, гандаль ішоў бойка, некаторыя прадаўцы паспелі рэалізаваць палову прывезенага.
* * *
Што шукалі лепяльчане на кірмашы? Найперш пакупнікі набывалі збожжа. Калі ў звычайныя базарныя дні людзі куплялі ячмень, пшаніцу па адным-два вядры, то на кірмашы закупляліся мяхамі. Так, напрыклад, ля МАЗа “Заазер’я” сабралася вялікая чарга, каля 15 чалавек. Грузчыкі ледзьве паспявалі насыпаць мяхі.
Таксама выключна збожжа прывезла і сельгаспрадпрыемства “Пражэктар”. Самы пік продажаў адбываўся з васьмі да адзінаццаці гадзін. Ячмень, пшаніца — усё збожжа прадавалася па тры рублі за вядро.
Як заўсёды, больш разнастайны асартымент быў прадстаўлены на гандлёвай кропцы КУВСГП “Лепельскае”. Там акрамя ячменю, пшаніцы, трыцікале, аўса можна было набыць насенне траў. Канюшына, цімафееўка, рапс карысталіся хоць і не такім устойлівым попытам, як збожжавыя, аднак набывалі і іх даволі шмат. Гандлявала загадчыца склада Ірына Скібская. Завязаўся дыялог:
— Прывітанне, даўно не бачыліся, што прадаяце?
— Як бачыце, збожжа, насенне траў.
— Якія цэны? Зерне прапануем па тры рублі за вядро. Дарэчы, нашы пакупнікі разам з таварам атрымліваюць і тару — мех.
Для сябе адзначу, што мяхі ў асабістай гаспадарцы — вельмі патрэбная рэч. У ранейшыя часы іх бераглі, калі ўтваралася дзірка — зашывалі. Нават цукар у краме набывалі мехам, каб і яго потым выкарыстоўваць.
— Якія цэны на травы? — працягваю пытацца ў Ірыны Скібскай.
— Рапс прапануем па 40 капеек за кілаграм, цімафееўку — па 50, канюшыну — па 60.
Хачу зазначыць, што “Лепельскае” кожныя выхадныя гандлюе на базары, прадае збожжа. Гаспадарцы выгадна з любога боку: рэгулярнае паступленне наяўных грошай дазваляе аператыўна вырашаць розныя праблемы, у першую чаргу пакупку запчастак і паліва. Рэгулярнаму гандлю спрыяе і блізкасць галоўнай базы гаспадаркі да райцэнтра. Спецыяльна для падвозу тавару выкарыстоўваецца ГАЗэль, расход паліва нашмат больш эканомны.
Акрамя “Лепельскага” насенне траў прывезлі з ААТ “Лядна”. Прадавец Анастасія Галенка прадстаўляе свой тавар:
— Ячмень па тры рублі за вядро, пшаніца — па столькі ж. Прадавалі яшчэ гарох, па чатыры рублі за вядро. Мы спачатку думалі, што яго не будуць набываць, узялі няшмат, толькі каб разнастаіць асартымент. Аднак яго ўвесь раскупілі. Набывалі рыбакі, казалі, што дужа эфектыўная прынада. Яшчэ ёсць насенне траў: канюшыну прадаём па 70 капеек за паўтаралітровы слоік, цімафееўку — па 80 капеек за слоік паўлітровы. Ёсць яшчэ гарбуз, па 50 капеек за кілаграм.
* * *
img_3204Што яшчэ не ўспомніў, пра што забыўся? Вядома, бульба! Як жа без яе. Вырошчваннем другога хлеба ў раёне займаюцца дзве гаспадаркі: ААТ “Чарэйшчына” і Лепельская сортавыпрабавальная станцыя — абедзве і прывезлі свой тавар. У той час, як на базары бульбу прадаюць вёдрамі, на кірмашы яе прапаноўвалі на вагу. Напрыклад, чарэйшчынскія прадаўцы прапаноўвалі бульбу сорту “ўладар” першай рэпрадукцыі па 35 капеек за кілаграм. Калі ўлічваць, што стандартнае дзесяцілітровае вядро змяшчае восем кілаграмаў бульбы, то цана яго атрымліваецца 2 рублі 80 капеек. Напомню, што на базары з канца лета цана на бульбу ўстанавілася на ўзроўні чатырох рублёў за вядро. Прыходжу да высновы, што набываць бульбу выгадней на кірмашы.
А як жа суседзі з сартастанцыі? Прадаўшчыца Марына Кузьмянкова расказвае:
— Прывезлі бульбу па 35 капеек за кілаграм, прадаём сеткамі, у кожнай па 30-40 кілаграмаў. Набываюць вельмі ахвотна, палову ўжо прадалі, хаця зараз яшчэ толькі дзесяць гадзін. Рэалізавалі ўсю прывезеную пшаніцу, зараз прадаём ячмень па 28 капеек за кілаграм.
Дарэчы, зазначым, што і “Чарэйшчына” прывезла збожжа, у прыватнасці, азімую пшаніцу і трыцікале. Іх і рэалізавала да канца гандлёвага дня.
* * *
Дзве выдатныя гандлёвыя кропкі выставіла раённае спажывецкае таварыства. У першым Марына Паршко рэалізоўвала сельгаспрадукцыю, нарыхтаваную прадпрыемствам. У прыватнасці, прадавала буракі па 46 капеек за кілаграм, яблыкі — па 50 капеек, моркву — па 55 капеек. А вось бульба была крыху даражэй, чым у непасрэдных сельгасвытворцаў, — па 46 капеек за кілаграм. Магчыма, таму прадавалася яна не так актыўна. Таксама былі ў продажы цыбуля па 82 капейкі і капуста па 54 капейкі.
На процілеглым баку старой базарнай плошчы размясцілася гандлёвая кропка Ірыны Шнейдэрман — вулічнае кафэ. Два столікі, крэслы, гарачыя чай і кава, пячэнне, булачкі, іншыя кулінарныя вырабы. Чаго не хапае — музыкі! З музыкай праблем не было, сцэну і музычнае афармленне арганізавалі работнікі культуры. З калонак гучалі як запісы знакамітых артыстаў эстрады, так і песні ў выкананні артыстаў нашых. І, шчыра скажу, нашы мне падабаліся больш, душэўней, здаецца. У хуткім часе на тратуары выстраіліся ўдзячныя слухачы. Людзі слухалі, часам і падпявалі. Наш народ у пераважнай большасці культурны. А для некультурных на кірмашы пастаянна дзяжурыў нарад міліцыі, ён ацверазіць і супакоіць любога хулігана.
* * *
Прыбылі на кірмаш і прыватнікі. Двое прадаўцоў прыехалі са Стай. Вёска здаўна славіцца сваімі ўмелымі земляробамі-агароднікамі. Асноўным таварам іх у мінулую суботу стала капуста, яе прапаноўвалі па 50 капеек за кілаграм. Яшчэ на прылаўку выстаўляліся грушы па два рублі за кілаграм, гарбузы па 50 капеек. Напомнім, што за апошнія месяцы на базары цана на капусту ўстанавілася на ўзроўні 60 капеек за кіло.
Стайцы размясціліся ля ўвахода насупраць царквы, а на процілеглым баку кірмашу, насупраць крамы “Родны кут”, стаў мікрааўтобус, які прыбыў ажно са Столінскага раёна. Мужчыны прывезлі капусту па 50 капеек за кілаграм, цыбулю — па 70 капеек, часнок — па пяць рублёў, перац — па 1,50, арэхі грэцкія — па восем рублёў.
— Арэхі ў Лепелі добра купляюць, — са здзіўленнем кажа мужчына, — да адзінаццатай гадзіны ўсе рэалізавалі. А вось капусту набываюць чамусьці не надта ахвотна. Учора мы гандлявалі ў суседнім раёне, там капуста ішла на ўра.
img_3217— Лепельшчына — капусны край. Гэтай гародніны шмат вырошчваецца і рэалізуецца, таму няма праблем у любую пару года прыйсці на базар і набыць яе. Лепяльчане адвыклі набываць капусту вялікімі аб’ёмамі.
З прамысловых прадпрыемстваў на кірмашы быў прадстаўлены толькі Лепельскі РГС філіяла ВУ “Чашнікігаз”, лепяльчане яго часцей называюць “гаргазам”. Работнікі прадпрыемства прывезлі тавар, на якім спецыялізуюцца ўжо некалькі гадоў, — грунт для высаджвання расады. Скажаце: “Не сезон, толькі прывезлі і назад павезлі, ні пакета не прадаўшы”. Я ж запярэчу — правільна зрабілі! Яны, як цяпер модна казаць, абазначылі сваю прысутнасць, паказалі-прарэкламавалі свой тавар, прадэманстравалі яго тысячам агароднікаў, якія наведалі кірмаш. Прыйдзе вясна, задумаюцца людзі, дзе купляць грунт, і адразу ўспомняць — у Лепельскім аддзеле газазабеспячэння!
* * *
Не ўтрымаўся, каб не прайсці і на базарную плошчу, паглядзець асартымент, параўнаць. Сельгаспляцоўка была запоўненая. Пры гэтым, калі пытаў прадаўцоў, чаму яны не на старой базарнай плошчы, не на кірмашы, адказвалі, што сюды прыходзяць іх пакупнікі, месца сустрэчы мяняць нельга. Асартымент і цэны засталіся ранейшымі: зерне прапаноўвалася па тры рублі за вядро, бульба — па чатыры, цыбуля — па рублю за кілаграм, капуста — па 60 капеек. Можна параўнаць і зрабіць для сябе высновы.
У мясным павільёне акрамя рыбных і райспажыўтаварыства прадавалі свініну двое прадпрымальнікаў. А вось, як у ранейшыя часіны, цяляціну і ялавічыну з сельгаспрадпрыемстваў не прывезлі. Яно і не дзіўна, забой жывёлы для продажу цяпер трэба праводзіць на скотазабойнай пляцоўцы райспажыўтаварыства, а гэта дадатковыя расходы, не менш за сто рублёў за галаву. Да таго ж расходы транспартныя. Ці акупяцца такія выдаткі? Пытанне застаецца без адказу.
Каля нарыхтоўчай крамы райспажыўтаварыства размясцілася гандлёвая палатка ад малочнакансервавага камбіната. Пакупнікам прапаноўваліся масла, тварог, малако і іншая прадукцыя прадпрыемства.
Даволі шмат прадаўцоў і на крытых радах. Так, грушы прапаноўвалі па 1-1,50 за кілаграм у залежнасці ад сорту і якасці. Папулярным таварам былі журавіны, іх прадавалі па 12 рублёў за трохлітровае вядзерца. Знайшоў і тавар, на мой погляд, унікальны — маліны! Трохлітровае вядзерца жанчына прадавала за восем рублёў. Часнок, як заўсёды, прадаваўся галоўкамі, па 60 — 70 капеек за штуку, цыбулю прапаноўвалі па рублю за кілаграм, фасолю — па 50 капеек за шклянку.
* * *
Прайшоў па радах, пабачыў шмат чаго. Хацелася ўпамянуць пра такія важныя для вяскоўцаў-агароднікаў рэчы, як рабочая вопратка і абутак. У ралеце, які спецыялізуецца на продажы былой у карыстанні вопраткі, прапануюцца рабочыя касцюмы — як былыя ў карыстанні, так і новыя. Прычым па аднолькавай цане — 15 рублёў за штаны, столькі ж — за куртку.
У іншых ралетах прапануюць абутак. Рабочыя чаравікі, новыя, прадаюцца па 38-40 рублёў за пару. Аднак у апошнія гады больш папулярныя чаравікі з высокімі халявамі, так званыя берцы. Самыя танныя, пашытыя з кірзы, каштуюць 45 рублёў. Самыя дарагія, скураныя, абшытыя ўнутры натуральным футрам, — 70. У такіх будзе зручна і цёпла зімой, нават у самы люты мароз.
Да 13 гадзін гандаль завяршыўся, прадаўцы паступова пакінулі старую базарную плошчу.
Хто ж у той дзень атрымаў найбольшую выручку? На мой погляд, прадаўцы адкрытага акцыянернага таварыства “Лядна”. Яны акрамя збожжа і траў прапаноўвалі… гной! Прычым — з дастаўкай. 70 рублёў за шасцітонны МАЗ плюс дзесяць рублёў за дастаўку. Анастасія Галенка толькі паспявала запісваць заказы. А потым усю другую палову суботы і амаль усю нядзелю лядненскі МАЗ толькі паспяваў рабіць рэйсы ад фермы ў бок Лепеля.
Б. САНЕЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>