231-я артиллерийская бригада вернулась с полевых учений

img_3041Нядаўна 231-я артылерыйская брыгада вярнулася з чарговага палявога выхаду. Тэхніка і людзі прыбылі чыгуначным саставам на станцыю Заслонава, а потым колавыя машыны рушылі на месца пастаяннай дыслакацыі ў Бароўку па дарозе праз Лепель, гусенічная ж тэхніка — напрасткі праз лес.
У гутарцы камандзір брыгады палкоўнік Аляксей Хахлоў расказаў:
— Выехалі на палігон 14 верасня амаль усім штатным складам брыгады, на месцы пастаяннай дыслакацыі засталіся толькі дзяжурныя змены, каб несці ахову ды падтрымліваць гаспадарку ў жыццядзейным стане.
— Вучэнні доўга працягваліся?
— Роўна месяц, у Бароўку вярнуліся 14 кастрычніка. Аднак адразу адзначу: праведзеныя мерапрыемствы — гэта не вучэнні, а палігонны выхад. Ёсць паміж імі некаторыя адрозненні арганізацыйнага характару. Людзям цывільным, далёкім ад вайсковай службы, яны мала зразумелыя, але для вайскоўцаў важныя, істотныя. Палігонныя выхады праводзяцца звычайна па завяршэнні навучальных цыклаў, каб на практыцы замацаваць веды і навыкі, якія атрыманы ў навучальных класах, тэарэтычна. 231-я брыгада на працягу года двойчы, вясной і восенню, выязджае на палігоны. Вучэнні — больш значныя мерапрыемствы, у якіх могуць быць задзейнічаны некалькі вайсковых часцей і нават вялікія вайсковыя злучэнні.
Апошні выхад праводзіўся на палігоне пад Асіповічамі. Гэта добра знаёмае месца для бароўскіх артылерыстаў, там яны страляюць рэгулярна.
Увогуле, у Беларусі не так шмат месцаў, дзе артылерыстам можна было б свабодна, лёгка практыкавацца ў стральбе. Асабліва цяжка ў гэтым плане ракетчыкам. Справа ў першую чаргу ў дальнябойнасці сучасных артылерыйскіх і ракетных сістэм. Напрыклад, гарматы 2А65, 2С5 могуць пасылаць снарады на далёкасць да 28,9 і 33,1 кіламетра адпаведна, рэактыўная сістэма 9П140 “Ураган” страляе да 35,8 кіламетра. На ўсёй траекторыі палёту снарада да цэлі нельга дапусціць, каб былі людзі, пабудовы, населеныя пункты. Падобных пустых абшараў на тэрыторыі Беларусі няшмат. Адным з такіх і з’яўляецца асіповіцкі палігон.
img_9902— У першую чаргу ўпор робіцца на выкананне баявой работы, зладжанасць у падраздзяленнях, трапную стральбу, — распавядае Аляксей Міхайлавіч. — Аднак выдатныя вынікі ў баявой рабоце немагчымыя без карпатлівай, зладжанай падрыхтоўчай працы, без надзейнага тылавога забеспячэння. Вобразна кажучы, салдата спачатку трэба накарміць, апрануць, пасяліць на палігоне ў палатку, навучыць яго правільна абыходзіцца з баявой тэхнікай, загадзя падвезці паліва для баявых машын, снарады, і толькі потым можна патрабаваць добрых вынікаў, трапнай стральбы. У апошнім палігонным выхадзе служба забеспячэння, у першую чаргу рота матэрыяльнага забеспячэння і рамонтная рота, выдатна сябе праявілі.
— Якое з баявых падраздзяленняў сябе найлепшым чынам праявіла?
— Выдзеліць кагосьці складана, немагчыма, ды і не хачу, шчыра кажучы. Усе выдатна працавалі, разам дзейнічалі на агульны высокі вынік. Хіба толькі на апошнім выхадзе больш пільная ўвага ўдзялялася дзейнасці рэактыўнага артылерыйскага дывізіёна. Справа ў тым, што якраз у гэты час праводзіцца спаборніцтва ўсіх рэактыўных артылерыйскіх дывізіёнаў Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Наш дывізіён прымае актыўны ўдзел у спаборніцтве. У рамках спаборніцтваў выконваліся заданні па разгортванні баявых машын на агнявых пазіцыях, стральбе па розных цэлях, хуткім адыходзе ад агню праціўніка і шмат іншых. У такіх інтэнсіўных умовах важная дзейнасць кожнага нумара разліку. Толькі ад зладжаных сумесных дзеянняў залежыць канчатковы вынік. Паводле апошніх звестак, наш рэактыўны артылерыйскі дывізіён у спаборніцтвах займае адны з лідзіруючых пазіцый, ёсць усе шанцы сёлета заняць прызавое месца. Усе правяраючыя адзначалі высокую зладжанасць работы на батарэях, выдатнае веданне асабовым складам сваіх абавязкаў і бездакорнае выкананне іх, а таксама высокія маральна-псіхалагічныя якасці. Кожны салдат быў настроены на дасягненне высокага выніку, кожны адчуваў адказнасць, найперш перад сваімі таварышамі, перад усім калектывам.
— Наколькі памятаю, у брыгадзе даволі шмат салдатаў, толькі нядаўна прызваных.
— Не зусім так. З апошнім прызывам брыгада прыняла маладое папаўненне ў маі, але іх не дужа шмат было. Яны паспелі за тры месяцы асвоіць складаную вайсковую навуку, навучыліся правільна абыходзіцца з баявой тэхнікай. Таксама некалькі чалавек прыбылі для чарговага праходжання службы ў рэзерве. Яны паспелі адслужыць яшчэ менш, але таксама здолелі паказаць высокія вынікі. У гэтым вялікая заслуга афіцэраў дывізіёна, у першую чаргу яго камандзіра маёра Аляксандра Ладзіка і камандзіраў батарэй старшага лейтэнанта Канстанціна Рабчэні і старшага лейтэнанта Дзмітрыя Коля.
Камандзір рэактыўнага артылерыйскага дывізіёна маёр Дзмітрый Ладзік толькі два месяцы камандуе падраздзяленнем. Аднак у брыгадзе не чужы, амаль увесь яго службовы лёс звязаны з гэтай вайсковай часцю. Ён прайшоў тут многія ступені, сфарміраваўся як афіцэр, працяглы час служыў у штабе. На пытанне, як удалося выйсці на лідзіруючыя пазіцыі ў спаборніцтве, адказаў:
— Напэўна, зоркі сышліся. А калі казаць сур’ёзна, вялікая заслуга ў дасягненні высокага ўзроўню вывучкі былога камандзіра дывізіёна падпалкоўніка Дзмітрыя Дружыніна, які нядаўна атрымаў павышэнне, стаў намеснікам камандзіра брыгады. Абавязкова трэба пахваліць камбатаў. Яны непасрэдна працавалі і зараз працуюць з салдатамі.
img_0292— Як думаеце, можа дывізіён заваяваць перамогу ў спаборніцтве?
— Усё магчыма. Аднак яшчэ не адстраляліся некалькі аналагічных дывізіёнаў з іншых вайсковых часцей. Ведаю, што там таксама з усёй адказнасцю ставяцца да вучэбнага працэсу. Пажывём — пабачым.
Потым мы прайшлі да боксаў рэактыўнага артылерыйскага дывізіёна. Некаторыя машыны ўжо стаялі ў памяшканнях, іншыя выехалі на пляцоўку перад брамамі. Як і належыць, пасля палявога выхаду тэхніку трэба абслужыць. На палігоне яна эксплуатуецца ў самых жорсткіх умовах: перамяшчэнні па перасечанай мясцовасці, у пяску, балотах, праца на мяжы магчымага, баявая стральба — усё гэта не лепшым чынам адбіваецца. Машыны трэба рамантаваць, змазваць механізмы, замяняць зношаныя дэталі — гэтым і займаюцца салдаты дывізіёна. Сярод іх двое ўраджэнцаў Лепельшчыны — радавыя Мікіта Азаронак і Іван Залатуха.
Мікіта да прызыву паспеў закончыць вучобу ў Гарадоцкім каледжы, дзе асвоіў спецыяльнасць тэхніка-электрыка. Жыве ў Стаях. Уладкаваўся ў філіял “Дражна”, працаваў электрыкам. Кабелі, лямпачкі, электраматоры — спраў заўсёды хапала. А вось у дывізіёне яго прызначылі механікам-вадзіцелем баявой машыны — ракетнай устаноўкі “Ураган”. Як, дарэчы, і Івана, толькі ён служыць у другой батарэі. Іван Залатуха жыве ў Лепелі, на вуліцы Валадарскага, выпускнік Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа па спецыяльнасці тэхнік-механік, працаваў на рамонтна-механічным заводзе слесарам-інструментальшчыкам.
Праз месяц хлопцы будуць звальняцца з тэрміновай службы, вяртацца ў цывільнае жыццё, так што мінулы палігонны выхад стаў для іх апошнім.
— Што на апошнім палігоне асабліва запомнілася? — пытаюся ў Мікіты.
— Не магу выдзеліць штосьці асабліва. Патлумачу так. Мяне прызвалі паўтара года таму. Першыя некалькі месяцаў я адслужыў у Печах, там праходзіў перападрыхтоўку на механіка-вадзіцеля баявой машыны. Вярнуўся ў Бароўку. Першы палігонны выхад быў вясной, другі — цяпер. Іх, як бачыце, было не так і шмат, таму кожны па-свойму адметны, але выдзеліць штосьці складана.
— Жылі ў палатках, па начах мерзлі?
— Так, жылі ў палатках. Іх прывезлі з сабой, самі выставілі. Аднак не мерзлі. Па-першае, палаткі добра ацяпляліся. Мы, выязджаючы, узялі з сабой некаторы запас дроў. А потым паліва рэгулярна падвозілася. Так што мелі магчымасць жыць у максімальна магчымым у палявых умовах камфорце, своечасова сушыць абмундзіраванне. Наконт харчавання скажу, што таксама было ўсё на належным узроўні. Гарачая каша з палявой кухні — смачная рэч.
— Якія планы пасля службы? — пытаюся ў Івана Залатухі.
— Шчыра прызнацца, канкрэтных пакуль што няма. На рамонтна-механічны завод назад вяртацца няма ахвоты. Заробкі там, наколькі памятаю, не вельмі высокія. Паспрабую пашукаць што-небудзь больш высокааплатнае. Бо трэба ладзіць сям’ю, вырашаць пытанні з жыллём.
Мікіта Азаронак дадаў:
— А я, магчыма, вярнуся на “Дражна”.
— Ці сустракаліся пад час палігоннага выхаду з калегамі з іншых рэактыўных дывізіёнаў? Вы ж ведалі пра спаборніцтвы.
— Перасякаліся, — адказаў Мікіта, — аднак магчымасцяў для цесных узаемаадносін не было. У кожнай вайсковай часці былі свае палаткі, стрэльбы праводзіліся ў розныя дні, з розных пазіцый, таму размовы былі рэдкімі, выпадковымі.
На здымках: будні ваенных вучэнняў.
Фота аўтара і з архіва 231-й артылерыйскай брыгады.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>