Слово редактора «Лепельскага краю»

krasnoe-plateНапэўна, у жыцці кожнага чалавека наступае перыяд, які з’яўляецца асабліва незабыўным. З 15 кастрычніка бягучага года я атрымала права пераняць высокую місію кіравання раённай газетай “Лепельскі край”. Безумоўна, гэта работа патрабуе асаблівай адказнасці, рашучасці, цвёрдасці і дэталёвай увагі — да надзённых праблем чытачоў, пытанняў, якія нярэдка патрабуюць тэрміновага вырашэння.
На працягу многіх год газета мацуецца на трывалых сувязях з чытачамі. Жыхары нашага раёна, якія не адзін дзясятак год працавалі на кіраўніцкіх пасадах, былі перадавымі работнікамі гарадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, дзеляцца сваімі ўспамінамі аб жыцці раёна ў былыя гады. Вельмі цікава пачытаць гістарычныя звесткі аб населеных пунктах Лепельшчыны. На працягу многіх год “Лепельскі край” вядзе плённае супрацоўніцтва з пазаштатнымі аўтарамі: гісторыкам Валерыем Тухтам, краязнаўцам Ільёй Янушам і многімі іншымі. Менавіта нашы чытачы падказваюць журналістам раённай газеты тэмы будучых матэрыялаў, і гэта вельмі важна. Вялікі дзякуй вам, нашы дарагія, за тое, што разам з намі трымаеце руку на пульсе жыцця раёна. Мы ж, творчыя і тэхнічныя работнікі газеты, у сваю чаргу зробім усё магчымае дзеля таго, каб газета была змястоўнай, цікавай і жаданай у кожнай сям’і.
Прызнаюся шчыра: я вельмі ўдзячная лёсу за тое, што менавіта тут, на роднай Лепельшчыне, набыла першы працоўны вопыт і тут жа адбылося маё прафесійнае станаўленне. Працаваць у сродках масавай інфармацыі я пачала яшчэ ў школьным узросце. Я была вучаніцай дзясятага класа сярэдняй школы №3, калі на Лепельскім эфірным тэлебачанні быў аб’яўлены конкурс на замяшчэнне вакантнай пасады дыктара. Паколькі сур’ёзна займалася сцэнічнай творчасцю, развівала артыстычныя здольнасці ў тэатральным аддзяленні Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў, вырашыла паспрабаваць свае сілы. І ўсё атрымалася. Паспяхова прайшла конкурс і разам з вучобай у школе пачала працу на тэлебачанні. Кожны дзень пасля заканчэння школьных заняткаў спяшалася на любімую працу, а потым — на заняткі ў школу мастацтваў. Вядома, было нялёгка, але ніякіх цяжкасцей не заўважала, паколькі займалася любімай справай. Чытанне навін, музычна-віншавальнай праграмы… Работа была вельмі цікавай і насычанай, штодзень — новыя падзеі, сустрэчы з цікавымі суразмоўцамі. У супрацоўніцтве з прафесійнымі журналістамі Аленай Цялятка, Антанінай Гурко штодзень адкрывала для сябе штосьці новае і паступова зразумела, што журналістыка — менавіта тая галіна, з якой жадаю звязаць сваё далейшае жыццё. Праз пэўны час пачала рыхтаваць першыя артыкулы ў раённую газету “Лепельскі край”.
Скончыўшы сярэднюю школу №3, працавала старшым рэдактарам Лепельскага эфірнага тэлебачання, а ў 2000 годзе атрымала запрашэнне на работу карэспандэнтам раённай газеты “Лепельскі край”.
Так, васямнаццаць год таму я пачала свой прафесійны шлях у раённай газеце. І зараз з пачуццём асаблівай удзячнасці і павагі ўспамінаю сваіх дарагіх калег, якія сталі для мяне настаўнікамі ў прафесіі, мудрымі дарадчыкамі. Гэта галоўны рэдактар раённай газеты “Лепельскі край” Васіль Хаванскі, намеснік галоўнага рэдактара Аляксей Вашкевіч, загадчык аддзела сельскай гаспадаркі Уладзімір Шушкевіч, Людміла Барадзейка, якая кіравала аддзелам пісем і сацыяльных праблем, карэспандэнт Мікалай Крывец… На вялікі жаль, некаторых з іх ужо няма побач з намі, але мудрыя парады, якія ў свой час атрымала ад вопытных работнікаў, вельмі спатрэбіліся мне ў далейшым.
З цягам часу работа ў газеце стала для мяне не толькі прафесіяй, а і любімай справай. Працуючы ў газеце, скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Журналістыка патрабуе поўнай самааддачы, імкнення быць у курсе важных падзей, умення ўсюды паспяваць. Гэта правіла стала для мяне вызначальным у далейшай рабоце. Шмат важных працоўных навыкаў атрымала і ад новага кіраўніка “Лепельскага краю” Уладзіміра Шаўчэнкі. Пад кіраўніцтвам гэтага вопытнага журналіста я працавала на пасадзе загадчыцы аддзела пісем і сацыяльных праблем, намесніка галоўнага рэдактара і пераняла навыкі кіравання газетай.
Вельмі прыемна, што мэтанакіраваная работа журналістаў атрымала шэраг узнагарод. Раённая газета “Лепельскі край” узнагароджана Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР, трыма Дыпломамі Віцебскага аблвыканкама на прэмію імя Францыска Скарыны ў намінацыі “Лепшая раённая газета”, а таксама дыпломамі і граматамі Міністэрстваў інфармацыі, абароны, эканомікі Рэспублікі Беларусь, мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта, Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і многімі іншымі.
Сённяшні калектыў “Лепельскага краю” — гэта адзіная згуртаваная каманда аднадумцаў, людзей, якія дасканала ведаюць сваю справу. Аб’яднаўшы свае намаганні, мы робім усё, каб газета набывала ўсё большую папулярнасць, была блізкай да чытачоў. Вялікі дзякуй вам, нашы дарагія, за штодзённыя водгукі, парады, прапановы, за тое, што дзеліцеся з намі сваімі думкамі і меркаваннямі. Смела звяртайцеся да нас і надалей са сваімі набалелымі пытаннямі. Абяцаю: кожны зварот будзе дэталёва разгледжаны, а аб выніках работы з ім будзе расказана на старонках газеты. Шаноўным чытачам жадаем: “Заставайцеся назаўсёды з “Лепельскім краем”!
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>