Любимое дело молодого провизора

img_3827Яе можна назваць як заўгодна – гамяльчанкай, паляшучкай. І тое і другое будзе правільна і ў адначассі не зусім дакладна. Па-першае, Ганна Дамарад не з самога Гомеля, а з Гомельшчыны. Якая ж яна гамяльчанка, калі нарадзілася ў Светлагорску. Палешукамі ж здаўна зваліся, прынамсі, вясковыя людзі з-пад Пінска. А ў такім дастаткова маладым горадзе, як Светлагорск, ды яшчэ і ў моладзі, ужо зусім іншы менталітэт.

Аднак захавалася ў гэтай маладой дзяўчыны, далібог, нешта паляшуцкае. Чытаем: “Галоўнае для палешука — не сказаць лішняга і ў кадр не трапіць”. Вось гэтая самая асцярожнасць ды абачлівасць кінуліся мне ў вочы пры першай сустрэчы. А мо памыляюся…
Ганна Дамарад — новы правізар. Прыехала сёлета ў Лепель па размеркаванні маладым спецыялістам і толькі ў жніўні прыступіла да сваіх абавязкаў у Цэнтральнай аптэцы №14.
Трэба сказаць, у аптэку часта апошнім часам прыязджае моладзь. Вось гадоў колькі хлопцы маладымі спецыялістамі прыбылі, і за гэты час выраслі да загадчыкаў гарадскіх аптэк. Зараз вось дзяўчаткі за стойкаю сталі: “дзве нашы Анечкі”, як ласкава называюць іх у аптэцы, — Дамарад і Кірпічэнкава. Разам вучыліся ў Віцебску ў каледжы на фармацэўтаў, разам працуюць і жывуць у адной кватэры, якую спецыяльна для маладых спецыялістаў здымае Віцебскае УП “Фармацыя”. У цэнтралізаванай аптэчнай сістэме ёсць добрая традыцыя забяспечваць маладых спецыялістаў бясплатным жыллём.
— Ці сумуеш, Аня, па радзіме? — пытаемся са старшым правізарам.
Маўчыць. Па вачах бачым, што сумуе. Нездарма ж раз на месяц катаецца дадому. Там засталіся маці (выхавальніца ў дзіцячым садзіку), старэйшы брат, дзве малодшыя сястрычкі. А тут пакуль яшчэ незнаёмы, маленькі, хоць і прыгожы зялёны гарадок. Надта і не разгонішся. Хадзіць зараз на танцы ў моладзі неяк стала не модным, нават і знаёмяцца ў інтэрнэце — у тым сеціве, як у павуціне, пашанцуе ці не, як кажуць “фіфці-фіфці” (пяцьдзясят на пяцьдзясят). Хадзілі сяброўкі ўлетку на возера, купаліся. А болей — дома.
Аня Дамарад, напрыклад, любіць чытаць — дэтэктывы, раманы розныя.
— У якім горадзе марыш жыць?
— У Гомелі. Я там практыку праходзіла. Праўда, у аптэцы была крыху іншая праграма.
Гомель — горад буйны, з нашым Лепелем не параўнаеш. Ды і да Светлагорска, да дому, там рукою падаць. А як яно ўсё атрымаецца, як “карта ляжа” — ніхто не ведае. Возьме вось ды і спаткае тут, на Лепельшчыне, свайго прынца. І застанецца. Хіба так не было ўжо з іншымі маладымі, што прыязджалі сюды з розных гарадоў і знаходзілі тут другую радзіму?
Дарэчы, Аня любіць падарожнічаць. Была ў Германіі, Балгарыі. Ездзіла двойчы па запрашэнні сваякоў у Ізраіль. Асабліва спадабаўся Іерусалім, Мёртвае і Чырвонае моры, рыфы каралавыя.
— А не цікавілася, як там працуюць аптэкі? — пытаецца старшы правізар.
— Звярнула ўвагу на электронныя чэргі і некаторыя медпрэпараты ў адкрытай выкладцы ў суправаджэнні кансультантаў на зале.
У нашай аптэцы калектыў прыняў маладых дзяўчат як сваіх. І ім тут таксама спадабалася. Вядома ж, ёсць лёгкая боязь, чагосьці не ведаючы, спасаваць перад дапытлівым кліентам. Аднак заўсёды і ёсць магчымасць запытацца ў кагосьці больш вопытнага. А па першым часе, некалькі тыдняў, працавалі пад наглядам намесніка загадчыка аптэкі.
Заўсёды цікава спытаць у дзяўчыны, якія кветкі ёй падабаюцца. Аказваецца, Аня любіць півоні. Гэтыя кветкі заўсёды растуць у матуліным кветніку, і кожны пачатак лета ўпрыгожаны іх рознакаляровымі шарамі. А яшчэ я даведаўся, што півоні — кветкі лекавыя, яны супакойваюць. Іх пялёсткі, асабліва белыя, — добрая субстанцыя для прыгатавання гаючых зёлак. Дзе ж пра гэта даведаешся, калі не ў аптэцы!
А мне ўяўляецца той самы прынц з букетам півоняў, які здолее затрымаць тут, на Лепельшчыне, гэтую прыгожую дзяўчыну — “кветку Палесся”. Затрымаць на час, а мо і назаўсёды. Няхай у нас застаецца болей моладзі.
Міхась ВАЛОХА.
На здымку: правізар Ганна Дамарад.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>