Кипит работа в аптечном «цеху»

img_3815На Лепельшчыне існуе цэлая сетка аптэк, якія абслугоўваюць як горад, так і раён. Ёсць аптэкі і дзяржаўныя, і камерцыйныя. Аднак толькі ў адной з іх — Цэнтральнай аптэцы №14 — наладжана фармацэўтычная вытворчасць.
Аб’ёмы вытворчасці не такія вялікія. Зразумела, яны дыктуюцца попытам. Большасць лекавых прэпаратаў, вядома ж, можна купіць у аптэцы ў гатовым выглядзе, але не ўсе. А таму ў межах цэнтральнай аптэкі раёна месціцца, вобразна кажучы, маленькі фармацэўтычны “цэх”.
Давайце ж пацікавімся, што вырабляюць у аптэцы. Ёсць лекі, масавы выраб якіх не наладжаны ў фармацэўтычнай прамысловасці. Чаму? Таму што яны для індывідуальнага карыстання. Напрыклад, розныя суспензіі, якія прымяняюць для лячэння захворванняў скуры і г.д.
Такім чынам, у аптэчным мікрацэху вырабляюць так званую ўнутрыаптэчную нарыхтоўку і фасоўку. І пацыент можа адразу купіць лекі, прыгатаваныя на месцы. Унутрыаптэчная нарыхтоўка — гэта раствор пратаргола адна- і двухпрацэнтны для дзяцей і дарослых — кроплі ў нос. Вельмі папулярны прэпарат. Разыходзіцца да васьмідзесяці флаконаў у тыдзень.
Вельмі неабходным кампанентам работы з’яўляецца выраб індывідуальных лекавых формаў для дзяцей. Урач назначае лякарства ў індывідуальнай дазіроўцы, і яго тут жа робяць у аптэцы.
Акрамя таго, наладжана вытворчасць мазяў і раствораў для вонкавага прымянення. Іх немагчыма вырабіць масава, бо яны індывідуальныя для кожнага.
Радзей вырабляюць растворы для нованароджаных (дзіця лічыцца нованароджаным ва ўзросце да месяца).
Адным з тавараў мясцовай аптэкі з’яўляюцца таксама крэмы, вырабленыя па спецыяльных рэкамендацыях і пэўнага змесціва. Яны, як правіла, дастаткова дарагія.
А цяпер паглядзім, як працуе “цэх”. Тут цэлы комплекс памяшканняў. Пакой для вырабу лекавых сродкаў абсталяваны спецыяльнымі сталамі і электрычнымі шалямі. Нездарма ж кажуць: “Узважыў, як у аптэцы”. Ёсць памяшканне для кантролю якасці лекавых прэпаратаў. Абавязкі кантролю ўскладзены на старшага правізара. Адбываецца кантроль паводле спецыяльнай сістэмы. Вядзецца журнал, у які заносяцца даныя. Гатовыя лекавыя формы кантралююцца пры паступленні: важна, як яны выглядаюць, як упакаваны.
Кантроль за якасцю індывідуальна прыгатаваных лекавых формаў адбываецца на спецыяльных прыборах альбо яны праходзяць якасны і колькасны хімічны кантроль. Нават вада з кожнага балончыка падвяргаецца строгаму кантролю. Ёсць такія паняцці, як рабочая інструкцыя і стандартная працэдура. Кожны крок нарміруецца.
Стэрыльныя лекавыя формы — дзіцячыя прэпараты, кроплі для вачэй, унутрыаптэчная нарыхтоўка — вырабляюцца ў асептычным боксе. Гэта спецыяльны пакой, у якім прытрымліваюцца асаблівых правіл асептыкі.
Усе лекавыя формы праходзяць стэрылізацыю. Яна робіцца альбо ў аўтаклаве, альбо ў сушыльнай шафе. Стэрылізацыі падвяргаецца і ўвесь закарковачны і дапаможны матэрыял. Як вядома, вадкія формы лякарстваў вырабляюцца ці на вадзе, ці на спіртавых растворах.
І яшчэ ў сістэму памяшканняў уваходзіць пакой для мыцця посуду.
Як жа нарыхтоўваецца лекавая вада? Яе атрымліваюць у аптэцы са звычайнай вады ў спецыяльных умовах у апараце, які называецца аквадыстылятар Д-10, і праходзіць вельмі строгі кантроль. Раз у месяц пробы з кожнага балончыка паступаюць у Віцебскую кантрольна-аналітычную лабараторыю і ў наш санітарна-эпідэміялагічны цэнтр.
Такім чынам, фармакалагічны аптэчны “цэх” аснашчаны электрашалямі, прыборам ПОК-1 для абціскання каўпачкоў, аўтаклавам (паравым стэрылізатарам), сушыльнай шафай з праграмным кіраваннем, прыборамі кантролю якасці, аквадыстылятарам, а таксама камп’ютарам. Усе гэтыя прыборы, як айчыннай вытворчасці, так і імпартныя, дастаткова дарагія. Дарагія і субстанцыі, часцей імпартныя, для прыгатавання лекаў. Выдаткаў патрабуе і строгі кантроль якасці. Выбарачна два-тры лекавыя прэпараты штоквартальна адпраўляюцца на кантроль у Віцебск.
Гэтая вытворчасць заўсёды стратная, аднак без яе не абысціся.
А задзейнічаны на вытворчасці ўсяго пяць-шэсць чалавек: правізар-тэхнолаг, правізар-рэцэптар, правізар-аналітык, санітарка-мыйшчыца і прыбіральшчык службовых памяшканняў.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: правізар-рэцэптар Дар’я Булава працуе з аўтаклавам.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>