Счастье материнства Людмилы Стычинской

img_3847Лёсы ў людзей пакручастыя, як і само жыццё. А жыццё, як ведаем, пражыць — не мех сшыць. І таму не трэба на іншых глядзець са сваёй званіцы і са сваім статутам у чужы манастыр лезці. Тым болей нельга асуджаць маці, якія рупяцца дзеля сваіх дзяцей, бо нічога няма больш каштоўнага, чым дзеці.

Ці думала Людміла, ці гадала, што народзіць пяцёра і што ўвесь цяжар мацярынскага клопату дастанецца менавіта ёй. Вось зараз адна: і з першым мужам не задалося, і з другім не выйшла. Хтосьці мо папракне не зусім удалым лёсам, а хтосьці мо і шапку здыме. Паспрабуйце вырасціць пяцёра дзетак, каб годнымі выраслі людзьмі.
А ў яе дзеці добрыя. Старэйшы Андрэй ужо на свой хлеб пайшоў, завёў сям’ю і падарыў Людміле Васільеўне ўнучку. Двайнятам Алегу і Юлі па сямнаццаць ужо. Гэтыя вырашылі паспытаць вайсковага жыцця і абое пайшлі ў кадэцкае вучылішча. Хлопцу дык і не дзіва, а вось чаму Юля захацела ваеннай прафесіі? Нялёгкі той хлеб, не жаночы. Аднак — яе права, яе выбар. Ну а малодшая пара двайнят — Мікіта і Насця — вучыцца пакуль у гімназіі ў трэцім класе.
— Добра вучацца? — пытаюся ў маці.
— Стараемся.
Можа, і не мела б Людміла гэтулькі дзетак, бо раджала ж тройчы, а нарадзілася пяцёра. На ўсё воля Божая. Ну а калі ўжо быць шматдзетнай маці, то на ўсе пяць балаў, каб ніхто не кінуў камень у яе агарод.
Працы Людміла ніколі не цуралася. Расла ў працавітай сялянскай сям’і ў Ізабеліне, сярэдняй між двух братоў — старэйшага і малодшага. Гаспадарка была, як і амаль ва ўсіх у той час. А паколькі маці працавала даяркай, а бацька пастухом, то за працаю ім не было часу надта вазіцца з дзецьмі. Накормленыя — і добра. Самі сабою гадаваліся, ды і па гаспадарцы шмат чаго рабілі, яшчэ і на ферме маці дапамагалі.
Люда расла дзяўчынкай спартыўнай. Любімым яе прадметам у школе была фізкультура: бегалі, скакалі, ездзілі на лыжах, удзельнічалі ў розных спаборніцтвах. Марыла чамусьці стаць урачом. Адкуль тая мара ўзялася? Здаецца ж, у сям’і нікога з медработнікаў не было. Паступала ў медвучылішча ў Санкт-Пецярбург, дзе ўжо на той час жыў старэйшы брат. Аднак не паступіла, вярнулася дадому і пайшла ў Лепельскае СПТВ-175 вучыцца на прадаўца.
Лёс чалавека вырашаецца на размеркаванні. Вось і Людміла, калі накіравалі працаваць у магазін у Матырына, не ведала, што затрымаецца там даволі надоўга. Ды ўпадабала мясцовага вадзіцеля, стала Стычынскай. Атрымалі катэдж, завялі гаспадарку, паціху пачалі абстаўляць новую хату. Адкуль грошы бралі? Самі працавалі, бацькі дапамагалі, з гаспадаркі мелі. Праца Людміле падабалася, хоць было і нялёгка. Гэта былі дзевяностыя гады, талонная сістэма, адчуваўся востры дэфіцыт самых неабходных тавараў. Ды прадаўцоў паважалі.
А затым вірлівае жыццё, як тая рэчка, павярнула ў іншы бок. Людміла жыве і працуе спачатку ў Поўсвіжы, пасля пабудавалі кватэру і пераехалі ў Лепель.
Прафесіі сваёй Людміла Васільеўна так і не здрадзіла. У Малым Поўсвіжы працавала прадаўцом, а ў Лепелі ўладкавалася загадчыцай склада на аптова-гандлёвай базе. А гэта ўжо вам не магазін, дзе цёпленька і не дзьме. На складзе — як на сямі вятрах. Для садавіны і гародніны такі мікраклімат добры, а чалавеку — паспрабуй хоць дзянёк, мала не пакажацца. Пакуль гутарыў з Людмілай, на сабе адчуў, што такое прафесія кладаўшчыка. Зябка. І за паперкамі хвілінкі вольнай не маеш: узважваеш, падлічваеш, выпісваеш накладную, адпускаеш аднаго, другога, трэцяга, толькі паспяваюць грузчыкі машыны грузіць. Гаварылі ўрыўкамі. І такі вір увесь дзень.
Ды каб жа толькі адна праца была. Ёсць дом, ёсць другая прафесія — маці. Прыгатаваць, памыць, прыбрацца ў кватэры. Таму і не здзівіўся, калі спытаўся, чым займаецца ў вольны час. У адказ толькі рукою махнула: “Хіба ёсць той вольны час?”.
Выхадныя праходзяць разам з сям’ёю. Кожны раз прыязджаюць кадэты, ды і Андрэева сям’я побач жыве. Вараць клёцкі ці пякуць дранікі. Па святах частуюцца торцікам альбо пірагамі. Юля ўжо вырасла і часта замяняе маці ля пліты.
А то Людміла спяшаецца ў вёску да старэнькай маці.
Матуліна прафесія нялёгкая, ды пачэсная. Пасля нараджэння другой двойні, атрымала Людміла Васільеўна мацярынскі ордэн. А ўзнагароды за проста так не даюць. Трэба зараз адпавядаць. Як бы ні склаўся лёс, Людміла Стычынская шчаслівая, бо яна не адна, бо побач дзеці, якія не дадуць замаркоціцца, прыйдуць у цяжкую хвіліну, і міжволі ўсміхнешся, які б ні быў настрой. І з дзецьмі не пастарэеш, проста няма на гэта часу. Можа, таму так молада выглядае Людміла, хоць за плячыма ўжо амаль трыццаць гадоў працоўнага стажу і няпросты жаночы лёс.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>