На агроусадьбе Люкжино, собралось немало гостей, среди которых — жители Лепельщины

img_3846Што такое пажылы ўзрост? Багаты жыццёвы і прафесійны вопыт, дарослыя дзеці, унукі… Час пралятае непрыкметна, за плячыма застаўся не адзін дзясятак год, але яшчэ так шмат энергіі і сіл! Хочацца ўсюды паспяваць, займацца любімай справай, рукадзельнічаць, спяваць і танцаваць… Не выпадкова існуе мудрае выказванне, што чалавеку столькі год, наколькі ён адчувае сябе ў душы. Менавіта такіх, маладых душой, актыўных і энергічных людзей, якія імкнуцца ўсюды паспяваць, займаюцца творчасцю і захапляюць усіх сваёй энергіяй, аб’ядноўвае аддзяленне дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту ў вёсцы Бароўка.
Наведвальнікі аддзялення жывуць адной вялікай дружнай сям’ёй і актыўна ўдзельнічаюць у многіх творчых мерапрыемствах. Шмат яркіх уражанняў у іх пакінула мерапрыемства, прысвечанае Дню пажылога чалавека і Году малой радзімы. “Гадоў да ста расці вам без старасці…” — такую назву атрымала тэматычная праграма, якая праходзіла ў рамках рэспубліканскага фестывалю “Крэатыўны ўзрост”.
У адным з самых жывапісных куткоў нашага раёна, на аграсядзібе Люкжына, сабралася нямала гасцей, сярод якіх — жыхары Лепельшчыны, Дуброўна і Браслава. Цёпла прывіталі ўдзельнікаў праграмы гаспадыня аграсядзібы Вольга Маханенка, дырэктар ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Лепельскага раёна” Наталля Іванова, старшыня Лепельскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Зінаіда Багдановіч. Госці былі запрошаны на экскурсію па аграсядзібе, пазнаёміліся з тэматычнымі пляцоўкамі ўдзельнікаў мерапрыемства.
Вялікую цікавасць у гасцей выклікала сустрэча з работнікамі банкаўскай галіны. Намеснік начальніка Цэнтра банкаўскіх паслуг №219 у г. Лепелі Рэгіянальнай дырэкцыі па Віцебскай вобласці ААТ “Белаграпрамбанк” Алена Жураўская і начальнік аддзела рознічных продажаў ЦБП №219 у г. Лепелі Яўген Кузьміч расказалі аб зручнасцях пенсійнай карты, шэрагу паслуг, якія сёння прапануюцца кліентам ААТ “Белаграпрамбанк”. Гэта разнастайныя віды ўкладаў, асаблівасці разліку праз інтэрнэт-банкінг і г.д.
Паколькі ва ўдзельнікаў мерапрыемства за плячыма значны вопыт у працы, выхаванні дзяцей, кожнаму з іх было прапанавана падзяліцца значнымі падзеямі свайго жыцця ў час дыскусіі “Мае гады — маё багацце”. Вельмі цікава было паслухаць успаміны жыхаркі вёскі Аношкі Валянціны Крыцкай, якая выгадавала дзевяць дзяцей.
Зарад бадзёрасці і выдатнага настрою ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі на пляцоўцы імпрэз у стылі фольк. Сапраўдным святам для ўсіх гасцей стала выступленне вакальнай групы “Сударушкі” пад кіраўніцтвам Ніны Бяздзенежных, якія выканалі песні на беларускай мове. Пажылыя людзі з задавальненнем танцавалі кракавяк, польку і вальс.
Шмат карысных парад удзельнікі праграмы атрымалі на медыцынскай пляцоўцы “Здорава быць здаровым”. Аб тым, як правільна аказаць першую медыцынскую дапамогу, расказала прысутным інструктар па правядзенні першай медыцынскай дапамогі, старшыня Лепельскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Зінаіда Багдановіч.
Немагчыма было прайсці міма выставачнай пляцоўкі “Нашы рукі не для маркоты”, дзе былі прадстаўлены цудоўныя вырабы дэкаратыўна-прыкладной творчасці рукадзельніц Бароўкі і Дубровенскага раёна. Нашы майстрыхі займаюцца ў гуртку пад кіраўніцтвам Галіны Палонскай. Уразілі гледачоў лялькі-абярэгі, вышываныя сурвэткі Аляксандры Шулепавай, кветкі, паеткі, упрыгажэнні з бісеру Марыі Хасанавай, карціны, вышытыя крыжыкам Вольгі Гуназа. Вельмі арыгінальна выглядалі вырабы, сплеценыя з газет, работы з мешкавіны, вышытыя падушкі, упрыгажэнні…
З пажылымі людзьмі, якія захапляюцца выцінанкай, падзялілася сваім уменнем майстар выцінанкі, член Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці Галіна Жураўлёва. Аб рабоце з прыродным матэрыялам расказала ўдзельнікам праграмы майстрыха Марына Арцеева.
Рэцэптамі бадзёрасці і даўгалецця, адвараў з лекавых траў, падзяліліся з гасцямі майстрыхі-траўніцы з Лепельскага і Дубровенскага раёнаў. Жанчыны з нашага раёна ўжо не першы год займаюцца ў клубе фітатэрапіі “Траўніца” пад кіраўніцтвам Марыі Бузевай.
Шматлікімі ўражаннямі, атрыманымі ў час сустрэчы, новымі ідэямі ўдзельнікі праграмы падзяліліся за абедзенным сталом.
— Вядома, што падобныя мерапрыемствы маюць вялікую карысць, паколькі яны аб’ядноўваюць людзей, дапамагаюць у раскрыцці іх шматлікіх творчых здольнасцей, садзейнічаюць цікавым зносінам, — адзначае загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту ў вёсцы Бароўка Алена Клундук. — Наведвальнікі нашага аддзялення выдатна правялі вольны час, атрымалі шмат цікавай, карыснай інфармацыі і знайшлі новых сяброў. Асаблівыя словы падзякі за арганізацыю, дапамогу ў правядзенні мерапрыемства хочацца выказаць намесніку старшыні райвыканкама Віктару Азаронку, кіраўніцтву ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, дырэктару ДУ “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Наталлі Івановай, каардынатару праектаў Віцебскага ГА “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа” Наталлі Патапенка, старшыні Лепельскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Зінаідзе Багдановіч. Шчырых слоў падзякі за дапамогу ў правядзенні свята заслугоўвае кіраўніцтва філіяла “Лепельскі хлебазавод” ААТ “Віцебскхлебпрам” і філіяла “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”.
Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту ў вёсцы Бароўка ўмеюць цікава і змястоўна праводзіць вольны час. Можна толькі захапляцца іх ініцыятывай, творчай энергіяй, аптымізмам і застаецца пажадаць: “Гадоў да ста расці вам без старасці…”
Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>