Людмила Валентиновна призналась честно, что сидеть на пенсии ей просто некомфортно

1 Людміла Валянцінаўна, як заўсёды, спяшаецца. Здавалася б, куды спяшацца — пенсіянерка. А яна не з тых пенсіянерак, хто сядзіць на лавачцы з кіёчкам. Яна  працуе. Балазе гады яшчэ такія, што дазваляюць быць працоўным пенсіянерам. Старасць, дзякуй богу, пакуль не прыйшла. А можа, яна і ніколі не прыйдзе, калі будзеш увесь час гнаць думкі аб ёй і кудысьці спяшацца. Людміла Валянцінаўна прызналася шчыра, што сядзець на пенсіі ёй проста некамфортна, бо бракуе чалавечых стасункаў і хочацца на людзі.

Вось і спяшаецца Людміла Дзятко да дзяцей. У роднай школе (можна так назваць СШ №3, бо адпрацавала столькі гадоў, вучыліся тут уласныя дзеці) пасля пенсіі пакінулі ёй групу падоўжанага дня. Апоўдні трэба прымаць ужо дзяцей, таму за кароткі час нашай сустрэчы спрабую зразумець і разгадаць гэтую сціплую браслаўчанку.
Так, Людміла не лепельская. І Браслаўскія азёры да гэтага часу ў яе і на памяці, і да гаворкі. Чаму ж не ганарыцца Браслаўскімі азёрамі — куточкам яе малой Радзімы! Вось і нядаўна туды ездзіла, калі было сорак гадоў іх выпуску. Расла без маці. Бацька працаваў старшынёй калгаса. Дзесяць класаў заканчвала ў Браславе. А затым паступіла ў педагагічны. На той час ён быў інстытутам і насіў імя Максіма Горкага. Закончыла факультэт педагогікі і методыкі пачатковага навучання. Накіравалі ў Маладзечна. Па накіраванні адпрацавала там у сярэдняй школе №10. А пасля выйшла замуж за хлопца з Ушачаў, і жыць вырашылі ў Лепелі. Ён прыйшоў майстрам вытворчага навучання ў дзяржпрафліцэй, а яна — настаўніцай пачатковых класаў у СШ №3. Ці ж даўно гэта было — у 1984 годзе? І як хутка ляцяць гады, і як няўхільна набліжаецца той час, калі ты можаш стаць проста баластам у той справе, якой прысвяціў жыццё, і быць выкінутым на ўзбочыну. Гэтага Людміла Валянцінаўна дапусціць ніяк не можа, а таму трымаецца працы.
Настаўніцкае жыццё вымяраецца не гадамі, а выпускамі. Вось гляджу на фота, дзе Людміла Дзятко са сваімі дзецьмі перадапошняга выпуску, і любуюся як настаўніцай, так і дзецьмі. Якая ж у іх гармонія! У настаўніка пачатковых класаў выпуск — у чацвёртым. І зараз яе дзеці ўжо зноў выпускнікі, толькі ў адзінаццатым. Наперадзе чакаюць іх шляхі-дарогі нязведаныя і нялёгкі жыццёвы выбар. А настаўніца тым часам прыгадвае шчаслівыя моманты сустрэчы ўжо з іншымі сваімі выпускнікамі, якія даўно за парогам школы. Прыемна сустракаць дзяцей, якія даўно ўжо не дзеці. Андрэй Тухта, Ілья Аношка, Андрэй Сакалоў, Андрэй Качан (служыць у міліцыі ў Віцебску). Аляксандр Козак — настаўнік у Заслонаве.
— Прыходзілі да мяне дадому, — радасна распавядае Людміла Валянцінаўна. — Адчыняюцца дзверы, і мой Саша, дарослы, магутны, — у абдымкі да мяне. Вельмі цікавы быў клас, шмат хлопчыкаў, усе такія разумныя, дапытлівыя. Неардынарныя. Ездзілі ў лес з імі на ёлкі навагоднія…
Як мала настаўніку трэба для шчасця — быць з дзецьмі і каб цябе не забывалі. Трыццаць чатыры педагагічныя гады праляцелі, як птушкі ў вырай. І няхай даруе ўласная дачка, калі можа ёй часам бракавала ўвагі за дзецьмі чужымі. Дык жа не бывае ў сапраўднага педагога чужых дзяцей.
Дачка закончыла школу з залатым медалём, універсітэт з чырвоным дыпломам, працуе ў Полацку ў “Беларусбанку”. Двое ўнукаў. Палінка ўжо ў другім класе, а Дзіма ў дзіцячы сад ходзіць.
Для перамены, так бы мовіць, занятку, у вольны пасля школы час Людміла Валянцінаўна завіхаецца на градках на дачы. Сад вялікі, трэба ўсё перапрацаваць пад нарыхтоўкі, унукам розныя сокі ды джэмы не зашкодзяць. Доўгімі зімовымі вечарамі вяжа. А яшчэ на дачы дом будуюць, таксама дбаюць пра будучыню для сям’і.
Жыццё працягваецца датуль, пакуль працягваюцца жыццёвыя планы. У педагога яно такое ж звычайнае, як і ў іншых. Проста крышачку больш рамантычнае.
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Людміла Дзятко са сваімі выпускнікамі, якія сёлета ўжо заканчваюць школу.
Фота з архіва
Л. Дзятко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>