Человек она разговорчивый, много пожила на свете, многое знает и может рассказать

img_3489 Сустрэцца з Нінай Аксяновіч мне параілі ў мясцовай школе. Маўляў, чалавек яна гаваркі, шмат пажыла на свеце, багата чаго ведае і можа расказаць. І вось я на старой вуліцы ў Старым Лепелі, якая завецца Перакопам. Не ведаю, чаму такая назва ў старой вясковай вуліцы, якой болей падыходзіла б Прыазёрная. Сапраўды, да возера Лепельскага тут рукой падаць.

Жыве васьмідзесяціпяцігадовая бабуля з сынам, які ўжо таксама ў пенсійным узросце. Няма ліха без дабра, сын побач з састарэлай маці, як кажуць, дарэчы. Шклянку вады падасць, ды і на агародзе яго клопат. Часам на рыбу сходзіць, часам збегае ў грыбы.
Бабуля ўжо не працаўніца — хварэе. Гады адабралі здароўе, а хваробаў дабавілі. Дзіва што! Яна ж яшчэ даваеннага веку. Праўда, вайны амаль не памятае. Толькі прыгадвае, як пайшла на сустрэчу з бацькам, што быў у лагеры для ваеннапалонных. Як папрасілася ў немца, і той дазволіў пагаварыць з бацькам і нават падарыў ёй, малой, талерачку. А неўзабаве і бацька вярнуўся.
Ніна Пятроўна кажа, што яе бацька Пётр Капітонавіч Лях ваяваў яшчэ на фінскай, а пасля і на гэтай вайне, меў шмат медалёў, з якімі яны, дзеці, гулялі. А пасля іх выпрасіў прыезджы дзядзька з Мурманска. І Ніна чамусьці ахвотна аддала, аб чым зараз шкадуе.
Бацька для яе непахісны аўтарытэт, мо таму, што раслі яны без маці. Маці дачасна загнала ў магілу смерць сына, браціка Ніны. Пайшоў на возера ў лапцях, дзеці схапілі шапку і кінулі на лёд. Ён — за шапкай і праваліўся, захлынуўся ў бузе, пакуль паспела дапамога. Маці з пуду ды з гора захварэла і ўжо болей не ўстала. Раслі пры мачысе. Малымі ў вайну хаваліся ў бліндажы, што выкапалі дзеля сховы, пад час налётаў авіяцыі. Кармілі партызанаў, якія часам наведваліся ў іх крайнюю ў вёсцы хату, што стаяла амаль у кустах. Прасілі хлеба ці яшчэ чаго.
Да вайны дырэктар у школу Ніну не пусціў, сказаў, што яшчэ малая. А пасля вайны скончыла ўсяго пяць класаў, далей не пусціла галеча і праца сялянская, якой заўсёды дома хапала, бо жылі аднаасобна і была сякая-такая гаспадарка.
А потым, калі ўсе яе сяброўкі раз’ехаліся па свеце, дзяўчыну не пусціў далёка ад хаты бацька. Дамовіўся з тагачасным дырэктарам школы і ўладкаваў дачку тэхнічкай.
Ніна Пятроўна не ведае, як зараз працуецца тэхперсаналу ў школе, а ў той час, кажа, было як у пекле. Восем гадзін цяжкой фізічнай працы: то з анучай падлогу мыеш, то рыдлёўкаю снег чысціш, то печкі топіш. У новай школе, куды перайшлі неўзабаве з былой папоўскай хаты, люстры віселі вельмі высока. А яны, дзяўчаты, адна адну падсаджвалі на плечы і мылі лямпу, галаву задраўшы. Галава ад страху і знямогі кружылася. Ніна Пятроўна ніколі не забудзе гэтага пачуцця.
Трыццаць пяць гадоў Ніна Аксяновіч працавала ў школе тэхнічкаю. І калі ўжо выйшла на пенсію, то з дарагой душою пайшла ў калгас, і калгасная праца ў параўнанні са школьнай падалася ёй раем. А пенсію зарабіла невялічкую.
Мы часта расказваем пра педагогаў, якія жыццё прысвяцілі школе і падарылі свой талент дзецям. Аднак рэдка прыгадваем людзей, жыццё якіх таксама прайшло ў школе. Вось толькі рабілі яны там чарнавую і, так бы мовіць, няўдзячную працу: падлогу мылі, дровы секлі, гаспадарку даглядалі, дзяцей кармілі, працавалі рабочымі на кухні і г.д. Успомнім жа іх добрым словам, бо яны таксама, як і настаўнікі, сеялі і сеюць разумнае, добрае, вечнае. Толькі што ў кожнага сваё поле і свая сяўба.
Міхась ВАЛОХА.
На здымку: Ніна Аксяновіч.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>