Новый адрес Стайского лесничества

img_3130 Новы адміністрацыйны будынак Стайскага лясніцтва першапачаткова меркавалася афіцыйна адчыніць на прафесійнае свята, Дзень работнікаў лесу. Аднак дробныя недаробкі, занятасць работнікаў ДЛГУ “Лепельскі лясгас” на іншых, больш важных участках працы не дазволіла ажыццявіць задуму. Афіцыйную цырымонію правялі крыху пазней, 20 верасня.

img_3096Сучасныя эканамічныя ўмовы дыктуюць ашчадна лічыць кожную капейку, тады чаму ж кіраўніцтва лясгаса пайшло на значныя расходы і распачало не мадэрнізацыю ці рэканструкцыю існуючага будынка, а ўзялося за будаўніцтва з нуля? Звернемся да гісторыі. Жыхары Стаяў і навакольных вёсак памятаюць, што лясніцтва заўсёды размяшчалася ў старым будынку ў сярэдзіне вёскі. Такое знаходжанне мела як плюсы, так і мінусы. З першых можна адзначыць хіба працу ў адасобленым будынку, калі няма суседзяў. Здаецца, і ўсё. А вось размяшчэнне ў цэнтры вёскі можна аднесці хутчэй да мінусаў. Лясніцтва — гэта ўстанова, у якой ёсць парк тэхнікі: усюдыходныя УАЗы, трактары. Сюды ж рэгулярна пад’язджаюць лесавозы: “Уралы”, МАЗы, іншыя цяжкія машыны. Праезды такой тэхнікі па вясковай вуліцы, хай сабе і не надта ажыўленай, давалі мала энтузіязму мясцовым жыхарам, бліжэйшым суседзям. Ды і сам будынак лясніцтва ўсё ж такі не новы, патрабуе рамонту, рэканструкцыі. Таму і было прынята радыкальнае рашэнне — будаваць новы.
Патрабавалася пляцоўка на ўскрайку вёскі, пры бойкай дарозе, каб транспарт не заязджаў у населены пункт. Месцам новага размяшчэння стаў пляц на выездзе са Стай у бок вёскі Пышна.
Галоўнай цяжкасцю на першым этапе стала балоцістая глеба. Спатрэбілася адсыпка жвірам. Дзясяткі цяжкагрузных МАЗаў былі высыпаны, утрамбаваны пагрузчыкамі яшчэ восенню 2016 года. Потым пляцоўка больш за паўгода стаяла, грунт ушчыльняўся натуральным чынам.
Больш за год таму пачалося ўласна будаўніцтва. Дзеля эканоміі максімальна задзейнічалі ўласныя сілы. Шклоўскі завод газетнай паперы акрамя асноўнай папяровай прадукцыі выпускае каркасныя зборныя канструкцыі, з якіх можна збіраць будынкі амаль любых памераў і канфігурацый, як пажадае заказчык. Гэта могуць быць як жылыя дамы, так і адміністрацыйныя, гаспадарчыя пабудовы. Пры адноснай таннасці яны трывалыя, цеплазберагальныя.
img_3075Паралельна з будаўніцтвам праводзілася і добраўпарадкаванне. Тэрыторыя лясніцтва кампактная, нічога лішняга на ёй няма, усё патрэбна для паўсядзённай працы. З другога боку, на ёй дастаткова месца для ўсіх гаспадарчых пабудоў, гаражоў, складаў.
Быў зроблены дрэнаж, каб залішняя вада не назапашвалася, на тэрыторыі засеяны газоны, высаджаны дэкаратыўныя дрэвы. Асабліва ўразілі астраўкі, засыпаныя трэскамі. Яны не дапускаюць разрастання пустазелля, пакідаюць участкі зямлі чыстымі.
На цырымонію адкрыцця запрасілі і ўдзельнікаў узорнага фальклорнага калектыву “Сунічкі”, якія сваімі танцамі і песнямі падарылі ўсім радасны настрой. Гасцямі былі намеснік старшыні аблвыканкама Барыс Яфрэмаў, старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч, дырэктар Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Сяргей Даніловіч.
З прывітальным словам выступіў Барыс Яфрэмаў:
— Лепельскі лясгас — адна з арганізацый, якія плённа, рэнтабельна працуюць, прымнажаючы дабрабыт насельніцтва. У ім — каля 500 чалавек. Калі ўлічваць, што ў сярэдняй сям’і тры чалавекі, пяцьсот сем’яў, паўтары тысячы чалавек забяспечваюцца даходамі. Ды і заробкі ў лясгасе даволі неблагія. Вельмі прыемна адкрываць гэты новы будынак лясніцтва. Ён стане адной з візітовак Лепеля, адкрывае ўезд у наш горад з боку Пышна.
Сяргей Даніловіч адзначыў:
— Мне вельмі прыемна прысутнічаць на гэтым мерапрыемстве. Сам шмат гадоў кіраваў Лепельскім лясгасам, таму многіх яго цяперашніх работнікаў ведаю асабіста. На конкурсах прафесійнага майстэрства лепяльчане заўсёды або ў пераможцах, або ў прызёрах, ваш дырэктар — чалавек года Віцебшчыны. Паступова абнаўляюцца будынкі лясніцтваў, для людзей ствараюцца зручныя ўмовы працы.
Старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч падкрэсліў:
— Лепельскі лясгас — адна з арганізацый, якія сваімі падатковымі плацяжамі істотна папаўняюць раённы бюджэт. Прыемна, што вы развіваецеся, будуецеся. Як ужо было сказана раней, радуе, што ўпрыгожаны яшчэ адзін уезд у Лепель.
Дырэктар лясгаса Андрэй Бародзіч урачыста перадаў ключы ад новага будынка ляснічаму Андрэю Дзямко са словамі:
— У добры шлях! Новых працоўных поспехаў!
Госці перарэзалі чырвоную стужку, гаспадары для іх наладзілі невялікую экскурсію.
— Гэта добра, што ўся падлога выкладзена керамічнай пліткай, — адразу заўважае Сяргей Даніловіч, — практычнае рашэнне, зручнае. Хто сюды часцей за ўсё заходзіць? Вальшчыкі, леснікі, трактарысты — мужчыны, галоўны рабочы абутак якіх — кірзавыя боты. Ад такіх на дошках застаюцца чорныя палосы, як ты ні беражыся. Акрамя таго, дошкі перыядычна трухлеюць, іх даводзіцца мяняць. А плітка — пакрыццё даўгавечнае і ўстойлівае да ўздзеяння грубага абутку.
Праводзячы наведнікаў, Андрэй Дзямко распавядаў:
— У новым лясніцтве ўсе памяшканні, будынкі размешчаны кампактна. Кабінетаў тут няшмат, але вы не звяртайце на гэта ўвагу. Як правіла, у лясніцтве больш-менш шматлюдна з раніцы, калі работнікі атрымліваюць заданні на дзень, інструменты і абсталяванне, вадзіцелі разбіраюць пуцёўкі. А далей, амаль да самага вечара, у лясніцтве дзяжураць максімум шэсць чалавек, а то і менш. І кожнаму хапае месца, кожны заняты сваёй справай. Бухгалтар, напрыклад, займаецца фінансамі, можа прымаць аплату ад насельніцтва за дровы, дзяжурны — назіраць за пажарнай абстаноўкай у лясах.
Гасцей асабліва зацікавіла камера відэаназірання. Ляснічы тлумачыць:
— На тэрыторыі лясніцтва стаіць 30-метровая металічная канструкцыя, на ёй — камера. Ёсць магчымасць кругавога агляду, набліжэнне 30-разовае, можна спакойна разгледзець, што робіцца ў радыусе 10 — 15 кіламетраў, больш як на палове масіваў лясніцтва. Найпершая функцыя — агляд лясоў на прадмет выяўлення загаранняў, пажараў. Агонь — галоўны вораг лесу, асабліва вясной, летам, таму вельмі важна адразу выявіць несанкцыянаванае вогнішча і затушыць яго. Камера вельмі высакаякасная, устаноўлена такім чынам, што на канструкцыі амаль не вагаецца, дае дакладную карцінку. Аператар, не выходзячы з пакоя, можа на маніторы сачыць за сітуацыяй, кіраваць апаратурай.
Госці, каб праверыць магчымасці камеры, папрасілі навесці яе на Лепель і паказаць гарадскія кварталы. “Вось малаказавод, завод шасцерняў, вуліцы, дамы выдатна бачныя”, — загучалі заўвагі.
Выдатная апаратура — прыйшлі да адназначнай высновы. Аналагічнымі камерамі абсталёўваюцца ўсе лясніцтвы. Яны дазваляюць больш эфектыўна ў рэжыме рэальнага часу назіраць за абстаноўкай у лясах.
Яшчэ адна з функцый камеры — абарона лесу ад злодзеяў і самавольных парубшчыкаў. На маніторы добра бачны дарогі, якія вядуць у лес, відаць, які транспарт заязджае ў масіў і выязджае з яго, чым загружаны.
— Гэтая функцыя будзе асабліва запатрабаванай напярэдадні Новага года, калі аматары лёгкай нажывы захочуць ёлачкі, — заўважыў Барыс Яфрэмаў.
Прыемныя ўражанні дае наведванне класа па тэхніцы бяспекі. На сценах развешаны плакаты і стэнды, на якіх наглядна змешчана патрэбная інфармацыя. Расстаўлены дабротныя офісныя крэслы, на якія адразу звярнуў увагу Сяргей Даніловіч:
— Выдатна, што вы купілі і ўстанавілі такую мэблю, з запасам трываласці. Няхай сабе яна каштуе даражэй, але скнара ў канчатковым выніку плаціць двойчы, а то і тройчы.
Затым прайшлі па тэрыторыі, агледзелі боксы для тэхнікі, кладоўкі для захоўвання інструментаў і інвентару, дрывотню з унушальным запасам. Увагу прыцягнула металічная шафа, што месцілася ў адным з памяшканняў. Яе прызначэнне растлумачыў галоўны ляснічы лясгаса Алег Канавальчык:
— Гэта сушылка для шышак. У шафу загружаюцца шышкі і высушваюцца. Праз пэўны час яны раскрываюцца і высыпаюць насенне, якое выкарыстоўваецца ў далейшым для высаджвання ў гадавальніку.
— Якая прадукцыйная магутнасць устаноўкі? — зацікавіўся Міхаіл Кісялевіч.
— Адначасова можам высушваць да ста кілаграмаў шышак. З кожнай сотні атрымліваем 1,2-1,3 кілаграма насення. Усходжасць яго вар’іруецца каля 90 працэнтаў. Гэта вельмі высокі паказчык.
— Якім чынам ажыццяўляецца прасушванне?
— Электраэнергіяй.
— Электранагравальныя прыборы — ці не занадта дорага? Магчыма, варта было прыгледзецца да мясцовых крыніц энергіі?
— На сёння па суадносінах цана — якасць — прадукцыйнасць дадзеная ўстаноўка аптымальная. Мы прапусцілі праз яе ўжо 600 кілаграмаў шышак, эфектыўнасць пацверджана на практыцы.
Напрыканцы мерапрыемства звярнуўся да Сяргея Даніловіча:
— Сяргей Аляксандравіч, як вы можаце пракаментаваць адкрыццё лясніцтва?
— Ідзе планамерная праца па абнаўленні асноўных фондаў. Мы распачыналі яе больш за 15 гадоў таму. Паступова абнавілі ўсе лясніцтвы, многія аснасцілі сістэмамі відэаназірання, што дазваляе зрабіць працу лесаводаў і лесаахоўнікаў больш эфектыўнай.
— Колькі каштавала дадзенае будаўніцтва?
— Каля 320 тысяч рублёў. Былі выкарыстаны канструкцыі, выпускаемыя Шклоўскім заводам газетнай паперы. Многія работы выкананы сваімі сіламі, што дазволіла істотна знізіць канчатковы кошт. Аднак, заўважу, дадзеныя капіталаўкладанні не акупляльныя наўпрост. Патлумачу на прыкладзе. Дапусцім, пабудавалі вы цэх, паставілі абсталяванне, ён запусціўся, пачаў даваць прадукцыю — пайшла грашовая аддача. Новы будынак лясніцтва прамой грашовай аддачы не дае. Аднак гэта ўкладанні ў зручнасць для работнікаў, іх камфорт. Як і ў камфорт жыхароў Стай, якія не будуць сутыкацца на сваіх вуліцах з лесавозамі. Можна, нарэшце, падумаць і пра асфальтаванне вуліцы, яе ўжо не будуць разбіваць цяжкія машыны.
— А што плануецца зрабіць з былым будынкам лясніцтва ў цэнтры вёскі?
— Гэта вырашаць лясгасу. Як варыянт, можна зрабіць рамонт і пераўтварыць адміністрацыйна-вытворчы аб’ект у жылы дом.
Васіль МАТЫРКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>