На люсеніцкай паляне

Ці адбудзецца сёлета раённы турыстычны злёт?  Такім пытаннем  задаваліся многія аматары актыўнага адпачынку на прыродзе. Праблема мела пад сабой сур’ёзную аснову – надвор’е, неба палівала дажджом зямлю ўжо некалькі тыдняў. Пагадзіцеся, не дужа прыемна сядзець на беразе возера або ў лесе, калі за каўнер імжыць, яшчэ больш непрыемна спаць у сырой палатцы, прачынаючыся час ад часу ад холаду. Словам, рамантыка даволі сумніўная, бо ў паход звычайна

выпраўляюцца за прыемнымі ўражаннямі і ўспамінамі. Аднак успомніўся знакаміты выраз “матч адбудзецца ў любое надвор’е!”, арганізатары — аддзелы  па справах моладзі, фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама, а таксама райкам ГА “БРСМ” — ушчыльнілі праграму і прапанавалі ўдзельнікам прыбыць не да дзесяці гадзін раніцы, а да 14 дня.

Паляна на беразе Люсеніцы напаўнялася гулам машын і галасамі ад самага ранку. Прыбылі восем каманд — на дзве больш, чым летась. Сёлетняя імпрэза выдалася асабліва багатай на дэбютантаў. Упершыню былі выстаўлены каманды ад “Лепельаграсэрвісу”, “Заазер’я”, сумесная каманда раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і раённай бальніцы. Справа ў тым, што ў выратавальнікаў — дэфі­цыт жанчын, а ў медыкаў не стае мужчын, вось і вырашылі аб’­яднаць намаганні. Як, дарэчы, і міліцыянеры з работніцамі аддзела культуры, яны і назвалі сваю каманду “КМС”, што расшыфроў­ваецца як “Культура+Міліцыя=Сіла”. Навічкоў дапаўнялі ветэраны турыстычнага руху: каманды аграрна-тэхнічнага каледжа, “Жамчужыны”, ААТ “Лядна” і “МКК”.

На ўрачыстым пастраенні гонар падняць сцяг атрымаў Аляксей Цялятка, капітан каманды “КМС”, пераможцы мінулагодняга турзлёту. Адразу ўвагу да сябе прыцягнулі турысты з “Жамчужыны” і асабліва — каледжа. Свой знешні выгляд кожная з каманд вырашыла ва ўласцівым стылі. “Жамчужынцы” апранулі ярка-чырвоныя спартыўныя футболкі, а мужчыны і жанчыны з каледжа — піянерскую форму. Прычым для цэласнага завяршэння вобразу яны ў адпаведным стылі піянерскага атрада аформілі і сваё месца стаянкі. На ўваходзе ўсіх сустракаў… бюст Леніна на стале, пакрытым старым шыкоўным абрусам. Зверху вывесілі чырвоны сцяг, а збоку  паставілі піянерскі горн. Хаця падобныя хады ў агульны залік балаў не ўлічваюцца, усё ж было прыемна паглядзець.

 * * *

 У праграме — дзевяць конкурсаў. Першым выпрабаваннем па традыцыі стаў кантрольна-турыстычны маршрут (КТМ). Па прызнаннях бывалых удзельнікаў, сёлета КТМ быў нескладаны. Расказвае турыст з каманды Старога Лядна Аляксандр Зайцаў:

— Шчыра прызнацца, мы разлічвалі на больш складаны маршрут, інтэнсіўна рыхтаваліся. На простым жа большы ўплыў на канчатковы вынік робіць простая ўдача. Як не заладзіцца праходжанне перашкод з самага пачатку — і ўсё, абыйдзе цябе навічок. Нічога, паспрабуем.

Паводле жараб’ёўкі, першымі на старты выходзілі турысты з “Лепельаграсэрвісу”. Іх вынік на КТМ — больш за 15 хвілін. Наступнымі былі ­удзельнікі з “Лядна”, іх вынік быў трошкі большы за дзесяць хвілін. Астатнія прабеглі прыблізна ў такіх жа прамежках часу, тут суддзям давялося дадаваць штрафныя балы за памылкі. Перамогу святкавала каманда КМС.

Безумоўна, адным з самых відовішчных па традыцыі стаў конкурс перацягвання каната. Каманды на яго выходзяць у поўным складзе – чацвёра мужчын і тры жанчыны, балельшчыкі тоўпяцца збоку і дружнымі воклічамі падтрымліваюць сваіх. Перамогу ў конкурсе атрымала каманда медыкаў-выратавальнікаў, другое месца заняла “Жамчужына”.

Калі ў іншых сустрэчах пераможца вызначаўся літаральна адразу, у першыя ж секунды, то апошняе змаганне было варта асобнага рэпартажу. Каманды адразу ўзялі шалёны тэмп, спрабуючы вырваць ініцыятыву, аднак канат упарціўся. Урэшце, пасля больш як хвіліннага найвышэйшага напружання сіл каманды ўзялі своеасаблівы тайм-аўт, перайшлі ў глухую абарону. Аддыхаліся, потым зноў загучалі каманды: “Раз! Раз! Раз!”. Толькі з апошнім напружаннем усіх сіл пажарныя здолелі вырваць перамогу.

Наступным спаборніцтвам стаў армрэслінг. Спачатку сіламі мераліся жанчыны, першае месца заняла Святлана Буйніцкая з “Заазер’я”, другое — Вераніка Грыгаровіч з “Лепельаграсэрвісу”, а трэцяе — Ганна Купрыяновіч з каледжа.

Найвялікшага накалу страсці дасягнулі, калі да стала падышлі мужчыны. Як і меркавалі, па-за канкурэнцыяй аказаўся Дзмітрый Міхно з “КМС”. Капітан міліцыі займаецца спортам, у тым ліку і армрэслінгам, мужчына няблага валодае тэхнікай. Другое месца заняў Аляксандр Агапонька з МКК.

Больш падрабязна спынюся на спаборніцтве паміж выратавальнікам Уладзімірам Крыцкім і турыстам з “Лепельаграсэрвісу” Алегам Бельскім. Сілы іх былі прыб­лізна роўныя, таму вынік мог залежыць толькі ад вынослівасці і волі да перамогі. У хлопцаў ад напружання размыкаліся рукі, локці з’язджалі з падкладак. Суддзям Паўлу Занько і Косцю Шчэрбачу гэта супрацьстаянне дасталося цяжка. Урэшце, пасля трэцяга разрыву было вырашана звязаць рукі сапернікаў. Толькі пасля пятага падыходу Алег Бельскі апошнім намаганнем вырваў перамогу. Варта сказаць, што мужчыны настолькі выклаліся ў сваім баі, што ў далейшых перамогу атрымаць не здолелі.

 * * *

 Позна ўвечары настала пара для конкурсаў творчых — мастацкай самадзейнасці і ку­лінарнага. Кожная каманда старалася здзівіць журы. А поле для прымянення фантазіі было вялікае, прасторнае, бо ў кулінарыі, напрыклад, было толькі адно патрабаванне – як мага больш дароў прыроды, якія турыст павінен умець знаходзіць і ўжываць у паходзе. На суд былі прадстаўлены смажаныя шчупакі, салаты, шашлыкі, гародніна, ягады, грыбы. На паляне перад агульным кастром удзельнікі здзіўлялі песнямі, танцамі і гумарыстычнымі сцэнкамі.

Пакуль кухары і артысты рыхтаваліся да спаборніцтваў, карэспандэнт прайшоў па стаянках, пазнаёміўся з людзьмі. Першымі размясціліся навічкі з “Лепельаграсэрвісу”. Працаўнікі гаспадаркі ў турзлёце ўдзельнічалі ўпершыню. Хіба што ў час вучобы некаторыя прыязджалі сюды на чымсьці падобную да турзлёту “Зар­ніцу”. Капітан Андрэй Рэкуць, начальнік базы мінеральных угнаенняў, адразу настройваў сваіх удзель­нікаў:

— Мы едзем сюды не за перамогай, ацэнім сілы рэальна. Для чаго турысты выпраўляюцца ў вандроўкі? За новымі ўражаннямі, за культурным адпачынкам, каб пазнаёміцца з цікавымі людзьмі. Таму гэтыя мэты ставім першымі. А заадно і паўдзельнічаем у конкурсах, павучымся, напрыклад, пераадольваць перашкоды.

Каманда аграрна-тэхнічнага каледжа некалькі разоў была пераможцаю турзлётаў, аднак сёлета падобнага аптымізму ім яўна бракавала. Расказвалі:

— Летась наша каманда “Дзеці капітана Грыба” (капітана звалі Віталь Львовіч Грыб) літаральна адну секунду, адзін бал прайграла чэмпіёнам, камандзе міліцыя-культура. Так крыўдна было! Аднак сёлета рэваншу, хутчэй за ўсё, не будзе, прыехала каманда на галаву мацней – выратавальнікі-медыкі. Справа ў тым, што мы выдатна ведаем іх хлопцаў – гэта нашы былыя навучэнцы, выдатныя спартсмены. Яны – па-за канкурэнцыяй. Паспрабуем перагнаць у конкурсах творчых.

Удзельнікі па магчымасці пастараліся падрыхтавацца да спаборніцтваў па максімуму. Праўда, у межах сваіх фінансавых магчымасцяў. Натуральна, што набыць палаткі не кожнаму чалавеку па кішэні, і нават арганізацыі. Таму выдатным выйсцем стаў пракат спартыўнага інвентару. Па самых прыблізных падліках не менш дзесяці палатак былі арандаваныя. Хаця, напрыклад, шматразовая ўдзельніца турзлётаў — каманда МКК “Лепелька” — за гады выступленняў сабрала сабе ўласную неблагую турыстычную базу. Вяроўкі, сякеры, рыдлёўкі, іншы рыштунак — усё належным чынам захоў­ваецца і пры патрэбе папаўняецца, як распавёў капітан каманды Ігар Самахвалаў.

Завяршыўся першы дзень турзлёту вялікай агульнай дыскатэкай. І доўга яшчэ пасля апоўначы ля кастроў чуліся гітарныя акорды, пералівы гармонікаў.

 * * *

 На другі дзень спаборнічалі ў турыстычным трыятлоне, тэхніцы велатурызму, конкурсе насценгазет, мастацтве наводзіць цысціню і парадак.

Здавалася б, ну, што тут цяжкага ў трыятлоне: пракаціцца на веласіпедзе, прабегчы трошкі і стральнуць з пнеўматычнай вінтоўкі. А паспрабуйце зрабіць гэта на залік часу, а ў канцы, калі пасля бегу і веласіпеда дыханне збіваецца і рукі дрыжаць, патрапіць у цэль з першага стрэлу. Аднак суддзя Павел Занько не канстатаваў ніводнага промаху. Нават жанчыны стралялі як заўзятыя снайперы. Пра мужчын і гаварыць не варта, стральба — іх спрадвечны занятак.

Веласіпед — найпершы сябар лепельскага турыста. Нашы аматары здаровага адпачынку са сваімі двухколавымі сябрамі аб’ездзілі ўсё наваколле, таму конкурс у велатурызме не стаў для іх занадта цяжкім выпрабаваннем. Хіба што элемент з перастаўленнем бутэлькі вады на хаду. Усе каманды фінішавалі з прыблізна роўным вынікам.

На конкурс насценгазет кожная каманда прынесла сваю работу. Галоўныя патрабаванні суддзяў — адлюстраваць тэму турзлёту, культурнага, здаровага адпачынку на прыродзе, і ніякіх аплікацый, уклеек фатаграфій, выразак з часопісаў. Хтосьці, як, напрыклад, каманда “Заазер’я”, не стаў мудрагеліць і проста намаляваў лясную паляну і на ёй — турыстычны касцёр. У камандзе выратавальнікаў-медыкаў, напэўна, не зусім зразумелі сутнасць задання і таму намалявалі агітацыйны лісток супраць п’янства і курэння ў нецвярозым стане. Аднымі з лепшых жа былі насценгазета каледжа і “Жамчужыны”. Зробленыя па-мастацку, з дасціпным гумарам, яны валодалі яшчэ адной выдатнай, галоўнай газетнай якасцю – іх было вельмі цікава чытаць. Газетай “Жамчужыны” займаўся выдатны лепельскі мастак Іван Будзіч, які, дарэчы, працуе ў дзіцячым цэнтры. Магчыма, таму яна атрымалася настолькі ўдалая, заваявала першае месца.

Культура паводзін на прыродзе – важны аспект турыстычнага жыцця, якімі мы пакінем пасля сябе лес, паляну – галоўны паказчык сапраўднага аматара і прафесіянала. Таму конкурсу побыту надаецца таксама вялікае значэнне. Тут патрабаванняў да каманд няшмат: наяўнасць ям для захоўвання харчоў і складання смецця, акуратна абкладзенае камянямі ці абкапанае вогнішча, агульны парадак.

Калі надышла пара падлічваць балы і выводзіць канчатковы вынік, суддзям давялося папрацаваць. Першае месца атрымала, як многія і разлічвалі, супольная каманда выратавальнікаў-медыкаў, другое — дружная, вясёлая каманда “Жамчужыны”, а мінулагоднія чэмпіёны — каманда “КМС” — заваявала трэцяе месца.

 Васіль МАТЫРКА.

 На здымках: турысты са Старога Лядна ля кастра.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>