Война оставила более двух десятков одиночных и братских могил погибших воинов и партизан на территории Замошского сельсовета

udzelniki-poshukavaj-ekspedycyiНекалькі гадоў Віктар Іванавіч Дзірко займаецца пошукам месцаў пахавання байцоў разведвальна-дыверсійнага атрада Рыгора Лінькова, які вядомы больш пад псеўданімам “Баця”.

У верасні 1941 года гэты атрад быў закінуты з-за лініі фронту для арганізацыі партызанскай барацьбы на тэрыторыі Лепельскага раёна. Без вопыту вядзення вайны ў тыле частка байцоў загінула ў першыя дні пасля дэсанціравання, многія былі забіты на працягу наступных месяцаў у сутычках з ворагам. Па каліву Віктар Іванавіч збірае звесткі пра гэтых людзей, вяртае з небыцця імёны. У працы яму дапамагае шматгадовы вопыт аператыўна-вышуковай работы ў органах унутраных спраў. Віктар Дзірко ў мінулым годзе адшукаў месца пахавання і ўстанавіў імёны загінулых дэсантнікаў з атрада Лінькова, якія былі пахаваны ў вёсцы Амосаўка. У чарговую гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Лепелі адбылося іх урачыстае перазахаванне.
З надыходам вясны Віктар Іванавіч распачаў чарговую пошукавую экспедыцыю па ўстанаўленні месца пахавання дэсантнікаў на беразе ракі Эса, на памежжы Лепельскага і Чашніцкага раёнаў. А дапамагла яму кніга ўспамінаў Рыгора Лінькова “Война в тылу врага”, у якой дэталёва апісаны лёсы дэсантнікаў, прыведзены сведчанні відавочцаў тых падзей.
Напрыканцы восені 1941 года Рыгор Лінькоў накіраваў на заданне пяцёра байцоў свайго атрада. Двое з іх на паўдарозе адмовіліся працягваць далейшы шлях. Астатнія праз вёску Валатоўкі накіраваліся да ракі Эсы, каб перайсці яе праз плаціну і рушыць у бок Замошша. Далейшыя падрабязнасці сталі вядомы з аповеду байца, які застаўся ў жывых. Ля ракі група дыверсантаў трапіла ў нямецкую засаду. Аднаго з байцоў, па мянушцы Чапай, цяжка параніла, другі, Захараў, таксама быў паранены, але працягваў адстрэльвацца. Калі патроны былі на зыходзе… Праз некалькі дзён тым самым маршрутам Лінькоў вёў увесь атрад. На месцы трагедыі заставаліся ляжаць целы забітых. Каб самім не патрапіць у засаду, не сталі траціць час на пахаванне. Пазней на беразе Эсы дыверсантаў пахавалі жыхары Валатовак.
Вайна пакінула больш за два дзясяткі адзіночных і брацкіх магіл загінулых воінаў і партызанаў на тэрыторыі Замошскага сельсавета. У шэрагу спісаў, складзеных пасля вайны ваенкаматаўскімі і сельсавецкімі работнікамі, меліся звесткі і пра пахаваных валатоўцамі партызанаў на беразе Эсы. Прозвішчаў іх ніхто не ведаў, таму і пазначылі як невядомыя. На пачатку 1950-х гадоў рэшткі загінулых з многіх воінскіх пахаванняў былі перанесены да помніка на цэнтральную сядзібу сельсавета ў вёску Замошша. Дакладна не вядома, куды перазахавалі партызанаў. Можна толькі меркаваць, што таксама ў Замошшы. На жаль, сведак тых падзей ужо знайсці немагчыма. Даўно ніхто не жыве і ў Валатоўках.
Не ведаючы пэўных акалічнасцей, Віктар Дзірко настойліва працягваў шукаць магілу “бацевых” дэсантнікаў. Неаднаразова сам выязджаў на мясцовасць, вывучаў розныя крыніцы інфармацыі, выбудоўваў шматлікія версіі падзей сямідзесяцігадовай даўніны. Да пошуку падключыліся слабадскія следапыты, якія таксама шмат гадоў даследуюць падзеі, звязаныя з дзейнасцю атрада Рыгора Лінькова.
-2-
Віктар Іванавіч праводзіў апытанне жыхароў Замошша — бліжэйшага на цяперашні час да месца гібелі партызан паселішча. Аднак ніякіх дакладных фактаў падчас гутарак з вяскоўцамі атрымаць не ўдалося. Настойлівасці Віктара Іванавіча можна толькі пазайздросціць. Па яго ініцыятыве да пошуку падключыўся 52-гі пошукавы батальён. Цяпер ужо работа вялася агульнымі намаганнямі вайсковых прафесіяналаў, краязнаўцаў і мясцовых жыхароў. У чарговай экспедыцыі, на чале якой стаяў Віктар Дзірко, за правадніка быў жыхар Замошша Міхаіл Давыдаў, які з дзяцінства добра ведае навакольную мясцовасць. Камандаваў пошукавым падраздзяленнем старшы лейтэнант Аляксандр Крамянеўскі.
Па абодва бакі Эсы з дапамогай спецыяльнай апаратуры была абследавана вялікая тэрыторыя. На левым беразе ракі, насупраць таго месца, дзе некалі існавала дамба, знайшлі акопы. Агляд рэльефу мясцовасці правага ўзбярэжжа не прынёс станоўчых вынікаў. Месца пахавання знойдзена не было. Па выніках даследаванняў рэканструявалі толькі магчымы маршрут руху партызанаў. Ішлі яны з Валатовак дарогай, якая цягнулася высокім берагам паралельна рачной пойме і спускалася да дамбы. Варожая засада магла знаходзіцца ў акопах на супрацьлеглым беразе, магчыма, адкрыла агонь на паражэнне, як толькі байцы выйшлі на адкрытую мясцовасць ля ракі. Аднак гэта толькі гіпотэза. Без далейшых падказак праводзіць палявыя даследаванні сэнсу не было. Таму Віктар Іванавіч і яго памагатыя ўзяліся вывучаць даступныя архіўныя крыніцы.
У лепельскім краязнаўчым музеі былі знойдзены пісьмовыя звесткі пра пахаванне партызанаў на беразе Эсы, на мясцовасці яго прывязалі да бліжэйшага паселішча — Валатовак. Гэта дало новы штуршок да пошуку. Чарговы раз Віктар Іванавіч сустракаецца з жыхарамі Замошша. Падчас гутаркі Кацярына Кандыбайла прыгадала, што раней часта была за ракой і аднаго разу натрапіла ў лесе на драўляны крыжык. Ці было на тым месцы пахаванне, жанчына сцвярджаць не бралася. Да справы падключылася яшчэ адна жыхарка Замошша Антаніна Стэльмах. Разам з Віктарам Дзірко яна не раз адпраўлялася за раку шукаць тое месца. Пасля чарговай экспедыцыі Віктар Іванавіч зразумеў, што без дапамогі прафесіяналаў не абысціся, таму зноў звярнуўся па дапамогу ў пошукавы батальён.
-3-
На пошукі выехаў старшы лейтэнант Аляксандр Крамянеўскі. Далучыліся і мясцовыя жыхары. Кацярына Кандыбайла не змагла прыняць удзел у пошуках, але намалявала падрабязную схему з апісаннем мясцовасці. Звярнула ўвагу на тое, што трэба шукаць рэшткі дроту, якім былі абматаны дрэвы ля крыжа.
Па волі лёсу ўдзельнікі пошукавай экспедыцыі апынуліся на тым самым месцы, адкуль пачыналі даследаванні ў папярэдні раз. Зноў уважліва абследавалі мясцовасць каля дамбы, навакольную тэрыторыю. На гэты раз дзейнічалі згодна з апісаннем Кацярыны Міхайлаўны. У тым месцы, што ўказала жанчына, крыжа не было, а вось рэшткі дроту захаваліся і глыбока ўраслі ў кару векавых соснаў. Пад адным з дрэў і было знойдзена месца, дзе калісьці была магіла. На тое ўказвалі характэрныя прыкметы: перамешаны грунт, фрагменты чыгунка. Недалёка ад магілы быў знойдзены латуневы шомпал ад пісталета сістэмы “ТТ”, які мог належаць аднаму з воінаў. Прыкмет таго, што дэсантнікі адстрэльваліся, не было. Магчыма, знячэўку яны не паспелі даць бой і загінулі адразу. Астанкі ў магіле выяўлены не былі. У 1950-х гадах прадстаўнікамі Замошскага сельсавета, на тэрыторыі якога і знаходзілася пахаванне, яны былі эксгумаваны. Верагоднае месца перазахавання — вёска Замошша. У 1960-я гады, пры ліквідацыі брацкай магілы і помніка загінулым ахвярам вайны ў Замошшы, астанкі пахаваных там людзей былі перанесены ў брацкую магілу на прывакзальную плошчу ў Лепелі.
З архіва генеральнага штаба Міністэрства абароны Расіі на імя Віктара Дзірко прыйшоў адказ, у якім удакладнялася інфармацыя пра аднаго з загінулых. Гэта Захараў Мікалай Леанідавіч 1922 года нараджэння, жыхар горада Іванава Іванаўскай вобласці Расіі. Загінуў у верасні 1941 года. Іншых звестак у архіве няма. Імя другога дыверсанта ўстанавіць немагчыма. “Чапай” — гэта мянушка, якую надалі яму байцы атрада за адважны характар.
У далейшых планах Віктара Дзірко, які зараз з’яўляецца сябрам беларускага грамадскага аб’яднання “Ветэраны ваеннай разведкі”, — працягваць пошукі. Наперадзе праца па ўстанаўленні прозвішчаў савецкіх дыверсантаў, якія загінулі ў 1941-м каля Велеўшчыны. У тым, што ў Віктара Іванавіча ўсё атрымаецца, сумнявацца не даводзіцца. Сваімі ўпартасцю і мэтаскіраванасцю ён даказаў, што і праз многія гады можна вярнуць з небыцця імёны абаронцаў Айчыны.
Валерый ТУХТА.
На здымку: удзельнікі пошукавай экспедыцыі.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>