Главный приоритет — благополучие человека

img_3024

 Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў уручае службовае пасведчанне новаму старшыні Лепельскага райвыканкама Міхаілу Кісялевічу.

На пазачарговым, шостым пасяджэнні дэпутатаў раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання прысутнічалі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў, старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, Барыс Яфрэмаў, намеснік старшыні аблвыканкама па сельскай гаспадарцы, і Міхаіл Кісялевіч, прызначаны распараджэннем старшыні Віцебскага аблвыканкама старшынёй Лепельскага райвыканкама.

На сесію былі запрошаны і прысутнічалі члены райвыканкама, начальнікі аддзелаў і ўпраўленняў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі арганізацый і прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.

Пазачарговая, шостая сесія Лепельскага раённага Савета дэпутатаў была склікана ў сувязі з неабходнасцю рашэння кадравага пытання.

На павестку дня было вынесена пытанне “Аб старшыні Лепельскага раённага выканаўчага камітэта”.

Для прадстаўлення кандыдатуры старшыні райвыканкама слова было дадзена начальніку Галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Віцебскага аблвыканкама Уладзіміру Давыдоўскаму.

Міхаіл Леанідавіч Кісялевіч нарадзіўся ў 1988 годзе ў г.Мінску. У 2011 годзе скончыў установу адукацыі “Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт” па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”. З 2011 па 2012 гады працаваў эканамістам, а затым — вядучым эканамістам ААТ “Нясвіжскі райаграсэрвіс”. З 2012 па 2013 гады Міхаіл Леанідавіч быў намеснікам дырэктара па будаўніцтве, а затым — дырэктарам ААТ “Жасцінае” Лагойскага раёна Мінскай вобласці.

У 2013 годзе ён прадоўжыў свой працоўны шлях на Лепельшчыне. З 2013 па 2014 гады працаваў намеснікам дырэктара дзяржаўнай сельскагаспадарчай установы “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”, а са студзеня па жнівень 2014 года выконваў абавязкі дырэктара гэтай установы. З 2014 па 2017 гады Міхаіл Кісялевіч быў дырэктарам Лепельскай сортавыпрабавальнай станцыі. З 2017 па 20 верасня 2018 года з’яўляўся першым намеснікам старшыні райвыканкама па сельскай гаспадарцы. З 21 верасня распараджэннем старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шарснёвым Міхаіл Кісялевіч прызначаны старшынёй Лепельскага раённага выканаўчага камітэта.

Аб высокіх прафесійных, арганізатарскіх здольнасцях Міхаіла Леанідавіча расказалі ў сваіх выступленнях на пасяджэнні намеснік старшыні райвыканкама па будаўніцтве, дэпутат Лепельскага раённага Савета дэпутатаў ад Зарэчнай выбарчай акругі №14 Аляксандр Шыдлоўскі, галоўны інжынер філіяла Лепельскі хлебазавод ААТ “Віцебскхлебпрам”, дэпутат ад Войкаўскай выбарчай акругі №4 Андрэй Ставер і старшыня Лепельскага раённага аб’яднання прафсаюзаў, якая ўваходзіць у склад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, дэпутат раённага Савета дэпутатаў ад Гагарынскай выбарчай акругі №5 Юрый Мілы.

Аб асноўных накірунках сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, над якімі будзе пастаўлена работа ў далейшым, расказаў у сваім выступленні старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч. Міхаіл Леанідавіч выказаў таксама шчырую падзяку сваім калегам, прадстаўнікам гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў за аказаны давер.

Шляхам адкрытага галасавання дэпутаты раённага Савета аддалі свае галасы за новага старшыню Лепельскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіла Кісялевіча.

Цёплыя словы віншаванняў абранаму старшыні райвыканкама выказаў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў. Ён уручыў Міхаілу Леанідавічу службовае пасведчанне і букет кветак. Шчыра павіншаваў Міхаіла Кісялевіча таксама старшыня Лепельскага раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан. Ігар Генадзьевіч не пашкадаваў цёплых слоў і ў адрас былога старшыні райвыканкама Барыса Яфрэмава, які зараз прызначаны намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама па сельскай гаспадарцы. Старшыня Лепельскага раённага Савета дэпутатаў падзякаваў Барысу Сяргеевічу за плённае супрацоўніцтва, актыўную работу па развіцці раёна, непасрэдны ўдзел у вырашэнні сацыяльных праблем мясцовых жыхароў. Ігар Генадзьевіч уручыў Барысу Сяргеевічу Ганаровую грамату Лепельскага раённага Савета дэпутатаў і букет кветак.

Барыс Яфрэмаў у сваю чаргу выказаў сваім калегам, дэпутатам раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікам гарадскіх арганізацый і прадпрыемстваў шчырую падзяку за адказнасць, добрасумленнасць і прафесіяналізм у сумеснай рабоце. Барыс Сяргеевіч ад душы пажадаў Лепельшчыне новых працоўных здзяйсненняў, паспяховага развіцця і далейшага росквіту.

— Кандыдатура Барыса Яфрэмава на пасаду намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама па сельскай гаспадарцы была абрана не выпадкова, — адзначыў старшыня Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Шарснёў. — У асобе Барыса Сяргеевіча спалучаюцца прафесіяналізм, дакладнае веданне сваёй справы, маладыя працоўная энергія і ініцыятыва. Упэўнены, што разам з такімі самаадданымі работнікамі мы зможам ажыццявіць многае.

Мяркую, што абраны старшыня Лепельскага раённага выканаўчага камітэта Міхаіл Кісялевіч зможа апраўдаць нашы спадзяванні і зарыентуе Лепельскі раён на далейшае паспяховае развіццё. Галоўны прыярытэт работы ўлады — дабрабыт чалавека.

Сёлета Лепельшчына праславілася не толькі на ўзроўні вобласці, а і рэспублікі. Менавіта ў гэтым раёне ў час уборкі збожжавых была намалочана першыя тысяча тон і праз кароткі час з’явіліся першыя трохтысячнікі ў раёне, вобласці і рэспубліцы. Упэўнены, што ў Віцебскай вобласці ёсць выдатны патэнцыял для лідарства і ў наступныя гады. Гэту работу ўдасца ажыццявіць дзякуючы не толькі прафесіяналізму хлебаробаў, а і рабоце высакаякаснай тэхнікі. Забеспячэнне гаспадарак раёна сучаснымі камбайнамі, агрэгатамі павінна пастаянна знаходзіцца ў полі зроку старшыні райвыканкама.

Не менш важным аспектам з’яўляецца таксама адкрыццё новых вытворчасцей, стварэнне новых працоўных месцаў. Менавіта дзякуючы гэтаму ўдасца ў значнай ступені папоўніць раённы бюджэт, а заробленыя фінансавыя сродкі накіраваць на добраўпарадкаванне горада і раёна, вырашыць шэраг іншых важных пытанняў.

Прыемна заўважаць, як Лепель з кожным годам расце, тут будуюцца новыя дамы, пачынаюць працоўны шлях маладыя спецыялісты. Лепельскі раён адносіцца да ліку раённых цэнтраў Віцебскай вобласці, дзе захоўваецца баланс паміж смяротнасцю і нараджальнасцю. Гэта значыць, што ў раёна ёсць надзейная будучыня.

Упэўнены, што дзякуючы далейшай зладжанай рабоце мясцовай улады і адказных службаў у Лепельскім раёне ўдасца ажыццявіць шэраг перспектыўных накірункаў.
Святлана ВАЗНЯК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>