Хвала трудолюбивым рукам хлебороба!

img_3331  Гонар кожнага раёна ствараюць поспехі работнікаў сельскай гаспадаркі — здольных кіраўнікоў, аграномаў, інжынераў, камбайнераў і вадзіцеляў, якія штодзень сваёй адказнай, самаадданай працай робяць агульны дабрабыт. На Лепельшчыне нямала перадавых работнікаў, якія штогод дасягаюць высокіх паказчыкаў на жніве.

Асабліва высокіх вынікаў нам удалося дасягнуць сёлета: экіпаж маладых камбайнераў сельскагаспадарчага вытворчага філіяла “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” у складзе Леаніда Аляксеенкі і Паўла Ханяка першым у вобласці і рэспубліцы намалаціў тры тысячы тон збожжа. Усяго ж перадавым экіпажам на жніве намалочана больш за чатыры тысячы тон збожжа.
Руплівая, бездакорная праца хлебаробаў заслугоўвае асаблівай пашаны і павагі, найлепшых слоў падзякі і шчырых віншаванняў — гэта стала лейтматывам раённага фестывалю-кірмашу работнікаў вёскі “Дажынкі-2018”, які сёлета праходзіў у аграгарадку Чарэйшчына.
…Уздоўж вуліцы да цэнтра аграгарадка крочыць стройная калона. Першымі рухаюцца ўдзельнікі велапрабегу, арганізаванага раённым камітэтам ГА “БРСМ”. Дзяўчаты ў беларускіх нацыянальных строях нясуць духмяны каравай з новага ўраджаю Лепельшчыны. За імі ідуць юныя прыгажуні-барабаншчыцы Лепельскай дзіцячай школы мастацтваў (кіраўнік Ганна Краўчанка) і удзельнікі ўзорнага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Мікалая Гегельскага. У калоне крочаць прадстаўнікі мясцовай улады, перадавыя работнікі гаспадарак, прадстаўнікі шэрага прадпрыемстваў і арганізацый нашага раёна.
Бадзёрыя акорды музыкі паклікалі гасцей да сцэнічнай пляцоўкі.
Гучаць вершаваныя прывітанні вядучых. Па добрай традыцыі каравай з новага ўраджаю быў уручаны намесніку старшыні Віцебскага аблвыканкама Барысу Яфрэмаву і старшыні райвыканкама Міхаілу Кісялевічу. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь.
З цёплым прывітаннем да ўсіх гасцей звярнуўся старшыня райвыканкама Міхаіл Кісялевіч:
— На зямлі заўсёды паважаны сапраўдны клапатлівы гаспадар. У нашым раёне шмат такіх людзей. Яны сэрцам адчуваюць зямлю, умеюць гаварыць з ёй на адной мове, і яна ўзнагароджвае іх за плённую працу. Менавіта такія прафесіяналы і патрыёты роднага краю сабраліся на ўрачыстасці.
На чарэйшчынскай зямлі ўмеюць працаваць з поўнай аддачай сіл, дабіваюцца важкіх вынікаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Сімвалічна і тое, што на гэтай зямлі адбылося прафесійнае станаўленне Веры Снапковай, заслужанага работніка сельскай гаспадаркі БССР, якая ўзнагароджана Ордэнамі працоўнага Чырвонага Сцяга, Ордэнам Дружбы народаў. Глыбокай пашаны і павагі заслугоўваюць Аляксандр Папко, былы старшыня калгаса імя Тэльмана, Кузьма Жукоўскі, Пётр Краско, Васіль і Іван Кулаковы, якія ўзнагароджаны Ордэнам Леніна.
Асаблівыя словы прызнання хочацца выказаць ветэранам працы, якія прысвяцілі развіццю галіны доўгія гады жыцця. У многім дзякуючы іх вопыту, працоўным традыцыям, якія беражліва перадаюцца з пакалення ў пакаленне, паспяхова вырашаюцца задачы развіцця сельскай гаспадаркі ў Лепельскім раёне. Гэта Таццяна Манух, Юлія Гамзюк і Алег Ляшчынскі.
Уборачная кампанія дала высокую адзнаку арганізатарскім здольнасцям кіраўнікоў і спецыялістаў, праверыла здольнасць да ўзаемадзеяння разнастайных структур кіравання, майстэрства механізатараў і надзейнасць тэхнікі.


Год выдаўся няпросты, але па многіх паказчыках у раёне дасягнуты станоўчыя вынікі.
Аграрыі раёна сабралі амаль 23 тысячы тон збожжа. І хоць агульны намалот аказаўся ніжэй за ўзровень мінулага года з улікам складаных умоў надвор’я, у цэлым атрымана па 93 кілаграмы збожжа на адзін бала-гектар уборачнай плошчы. Сабраны ўраджай дазволіў выканаць дзяржаўны заказ і ў поўным аб’ёме засыпаць насенныя фонды. Сярэдняя ўраджайнасць склала 25,5 цэнтнера з гектара. Найвышэйшы паказчык, 30,2 цэнтнера з гектара, — у СВФ “Заазер’е”, дзе ўбрана 107 кілаграмаў збожжа на адзін бала-гектар уборачнай плошчы.
З цёплымі словамі віншавання да хлебаробаў і ўсіх гасцей звярнуўся таксама намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама па сельскай гаспадарцы Барыс Яфрэмаў.
Адзін за адным выходзяць на сцэну для атрымання заслужаных узнагарод перадавыя работнікі.
У намінацыі “За павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці збожжа” прызнаны пераможцам СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Філіял узнагароджаны прэміяй у памеры дваццаці базавых велічынь. Адзначана таксама станоўчай работа па вытворчасці збожжа СВП “Пражэктар” ААТ “Віцебскхлебпрам”.
У намінацыі “За павышэнне ўраджайнасці, павелічэнне вытворчасці рапсу” прызнана ДСГУ “Лепельская сортавыпрабавальная станцыя”. Узнагародай для ўстановы таксама стала прэмія ў памеры дваццаці базавых велічынь. Лепшай адзначана таксама работа па вытворчасці рапсу СВФ “Заазер’е”.
Цёплымі апладысментамі гледачы сустрэлі дырэктара СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Аляксандра Быкава, які стаў пераможцам у намінацыі “Сярод кіраўнікоў сельскагаспадарчых арганізацый”. У намінацыі “Сярод галоўных аграномаў” прызнаны лепшым Аляксей Полаўцаў, галоўны аграном СВП “Пражэктар” ААТ “Віцебскхлебпрам”. У адпаведнай намінацыі прызнаны лепшым таксама галоўны інжынер ААТ “Чарэйшчына” Віктар Голубеў.
У намінацыі “Сярод старшых камбайнераў і камбайнераў сельскагаспадарчых арганізацый” узнагароджаны экіпажы камбайнаў, занятыя на ўборцы збожжавых і збожжабабовых культур. Кожнаму з экіпажаў уручаны грашовыя прэміі ў памеры дзесяці базавых велічынь. Сярод перадавых работнікаў — Уладзімір Стаднік, старшы камбайнер СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, які намалаціў 1032 тоны збожжа, Уладзіслаў Стаднік, камбайнер гэтай жа гаспадаркі, Пётр Духовіч, старшы камбайнер СВФ “Заазер’е”, што намалаціў 1002 тоны збожжа, і Руслан Маляўка, камбайнер гэтага ж філіяла.
Заслужаныя ўзнагароды атрымалі таксама пераможцы ў намінацыі “За дасягнутыя высокія намалоты збожжа сярод экіпажаў камбайнераў, занятых на ўборцы збожжавых і збожжабабовых культур”. Прэміі ў памеры сямі базавых велічынь прысуджаны Аляксандру Грыдзюшку, старшаму камбайнеру СВП “Пражэктар” ААТ “Віцебскхлебпрам”, Андрэю Грыдзюшку, камбайнеру гэтага ж прадпрыемства, Уладзіміру Буракоўскаму, старшаму камбайнеру КУВСГП “Лепельскае”, Сяргею Маліноўскаму, старшаму камбайнеру ААТ “Лядна”, Віктару Барысёнку, старшаму камбайнеру ААТ “Чарэйшчына”, Уладзіміру Сіляву, камбайнеру ААТ “Ладасна”, і іншым перадавым работнікам.
Узнагароды ўручаны і пераможцам у намінацыях “Сярод старшых камбайнераў і камбайнераў маладзёжных экіпажаў сельскагаспадарчай галіны ва ўзросце да 31 года”. Прэміяй у суме дзесяці базавых велічынь узнагароджаны экіпаж у складзе старшага камбайнера СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Леаніда Аляксеенкі і камбайнера гэтага ж філіяла Паўла Ханяка. Ушанаваны таксама старшы камбайнер Сяргей Касцюковіч (СВФ “Заазер’е”), Віталь Муравіцкі, камбайнер СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Ганаровыя граматы і прэміі ўручаны таксама і пераможцам у іншых намінацыях.
З нагоды свята прыемны сюрпрыз быў падрыхтаваны і для работнікаў Чарэйшчынскага яслі-сада Лепельскага раёна. Загадчыцы ўстановы Людміле Ігнаценка ўручаны сертыфікат на атрыманне мяккага гульнявога модуля на суму 655 рублёў. Падзяку райвыканкама за актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні раённага фестывалю-кірмашу атрымаў старшыня Каменскага селвыканкама Мікалай Сініцын. Шчырыя пажаданні адрасаваў гасцям свята Алег Ляшчынскі, які каля 43 гады адпрацаваў у сельскагаспадарчай галіне, з іх 30 год — на кіраўніцкіх пасадах.
Шчырыя словы падзякі перадавым працаўнікам выказала таксама першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Ульяна Бых. Ульяна Анатольеўна ўручыла Ганаровую грамату за эфектыўную арганізацыю дзейнасці студэнцкіх атрадаў і развіццё студатрадаўскага руху Лепельскага раёна дырэктару ААТ “Чарэйшчына” Станіславу Раманенку. За высокія паказчыкі ва ўборачнай кампаніі 2018 года ў рамках рэспубліканскага праекта грамадскай арганізацыі “БРСМ” “Моладзь — за ўраджай!” Ганаровая грамата ўручана маладому камбайнеру СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Леаніду Аляксеенку. Ганаровую грамату ў гэтай жа намінацыі атрымаў малады вадзіцель СВФ “Заазер’е” ААТ “Віцебскі мясакамбінат” Сяргей Чуес. Дыпломам і падарункавым сертыфікатам ад РК ГА “БРСМ” узнагароджана сям’я Вікторыі і Сяргея Пшонкаў, удзельнікаў абласнога этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар вёскі-2018” ад Лепельскага раёна.
На святкаванні раённага фестывалю-кірмашу шмат цёплых слоў было выказана таксама лепшым работнікам медыцыны і культуры.
Ганаровую грамату ўстановы аховы здароўя “Лепельская цэнтральная раённая бальніца” за шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме аховы здароўя Лепельскага раёна, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад ва ўмацаванне і развіццё аховы здароўя галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Ілья Шандалесаў уручыў Ганне Жыгун, фельчару Чарэйшчынскага фельчарска-акушэрскага пункта.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Барадзейка ўзнагародзіла Падзякай “За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне культуры, вялікі асабісты ўклад у арганізацыю культурнага абслугоўвання насельніцтва і развіццё культуры Лепельшчыны” Людмілу Усовік, якая працяглы час кіравала Чарэйшчынскім СДК. Падзяка “За шматгадовую добрасумленную працу ў галіне культуры, вялікі асабісты ўклад у арганізацыю культурнага абслугоўвання аграгарадка Чарэйшчына, за пошукавую работу па зборы інфармацыі аб гісторыі сваёй малой радзімы і неацэнны ўклад у стварэнне музея вёскі” была ўручана Людміле Кулаковай, якая не адзін дзясятак год загадвала мясцовай бібліятэкай.
Арганічным дапаўненнем сцэнічнай дзеі сталі яркія выступленні ўдзельнікаў узорнага духавога аркестра дзіцячай школы мастацтваў, вакальных груп і гуртоў, вядомых у нашым раёне спевакоў Ірыны Бусавай, Дзмітрыя Міхно, Таццяны Невядомскай і іншых.
Паступова раённы фестываль-кірмаш набываў усё большы размах. Нават пахмурнае надвор’е не азмрочыла настрой гасцей. Ля гасцінных падвор’яў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў нашага раёна не сціхалі звонкія гукі гармоніка, задорныя спевы, ад душы весяліліся пажылыя і моладзь. Кожнае з падвор’яў уражвала сваёй арыгінальнасцю. Немагчыма было адвесці вачэй ад шыкоўных вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці, створаных рукамі мясцовых майстроў. Вясковыя гаспадары шчодра запрашалі гасцей пакаштаваць апетытныя кулінарныя стравы. Усім прыйшліся даспадобы духмяны шашлык, свежыя клёцкі, дранікі, смачныя салаты… Вяскоўцы ад душы заклікалі ўсіх разам праспяваць любімыя народныя песні і патанцаваць.
Шырокі выбар мясных, кулінарных і кандытарскіх вырабаў быў прадстаўлены пакупнікам на вітрынах Лепельскага райспажыўтаварыства. Сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю ўразілі шматлікіх прыхільнікаў мастацтва вырабы майстроў дзяржаўнай установы культуры “Лепельскі Цэнтр рамёстваў”. Шмат гледачоў сабралася ля выставы пажарнай тэхнікі.
Пакідаем свята з выдатным настроем, а ў думках гучаць пажаданні: “Хвала ўмелым, працавітым рукам хлебаробаў, якія штодзень клапоцяцца аб дабрабыце раёна і ўсёй краіны! Ваша нялёгкая руплівая праца — гэта наш гонар!”.
Святлана ВАЗНЯК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>