Мы с Лепелем любимым сроднились судьбой

dsc_0904Адкрыццё свята Лепеля было дынамічным, яскравым. Першымі на плошчы Свабоды выступілі ўдзельніцы вакальнай групы, затым дзеці прачыталі вершы. Асабліва ўрачыстым быў марш ваеннага духавога аркестра 19-й гвардзейскай механізаванай брыгады. Музыканты чаканым крокам прайшлі ў цэнтральны парк, дзе пазней працягнулі сваё выступленне.

Яркім агеньчыкам палыхнула выступленне аркестра барабаншчыц дзіцячай школы мастацтваў. Юныя артысткі кожнае сваё выступленне стараюцца зрабіць непаўторным і запамінальным, а на сёлетнім “Славянскім базары” яны сталі лаўрэатамі. Адточаныя рухі, строгі рытм, сінхроннасць — адметныя рысы лепяльчанак.
Цвіком адкрыцця стаў праезд байкераў, некаторыя хлопчыкі нават спецыяльна, каб паглядзець яго, выходзілі наперад. Калона па прыблізных падліках перасягнула 50 транспартных сродкаў, расцягнулася на пад’ездзе па вуліцы Максіма Горкага ад плошчы да скрыжавання з Савецкай. Сонца ззяла на іх храміраваных дэталях. Сярод суровых, брутальных мужчын у скураных куртках і штанах сустракаліся і дзяўчаты. Нарэшце дадзены сігнал, матацыклісты з узнятымі сцягамі і грукатам магутных матораў рванулі наперад. Кожны праезд гледачы віталі апладысментамі.
Спартыўная частка свята горада была прадстаўлена жартоўным і сапраўдным спаборніцтвамі. У першым выпадку спаборнічалі дзяўчаты, ім трэба было зрабіць забег на высокіх абцасах і шпільках. Сур’ёзныя ж юныя спартсмены мераліся сіламі ў забегу на 579 метраў — па метры за кожны год у гісторыі Лепеля.
У мінулыя гады свята Лепеля мела значны тэхнічны складнік, у рамках яго адбываліся спаборніцтвы па джып-трыяле, верталёт з Віцебскага аэраклуба даваў магчымасць палюбавацца на горад і яго наваколлі з вышыні птушынага палёту. Сёлета ж у праграме свята адбыліся значныя змены. Верталёт быў задзейнічаны на іншых мерапрыемствах, а траса для джып-трыялу за АЗС №33 уключана ў тэрыторыю горада. Зараз на яе месцы вядзецца жыллёвае будаўніцтва.
Тым не менш лепяльчанам было цікава і на сёлетнім свяце. Найперш дзеля гэтага пастараліся вайскоўцы з 231-й артылерыйскай брыгады. З раніцы яны размясцілі на плошчы Свабоды гармату, ракетную ўстаноўку, расклалі стралковую зброю, чым выклікалі найбольшы інтарэс у дзяцей. Хлопчыкі самі ўяўлялі сябе салдатамі, смела круцілі ручкі наводкі, шукалі цэлі ў аптычных прыцэлах. Некаторыя паказвалі сябе сапраўднымі знаўцамі ваеннай тэхнікі, расказвалі сябрам, што гармата б’е на 20 кіламетраў, а ўстаноўка “Ураган” — больш за 50, таму спрактыкаваны снайпер можа з паўкіламетра патрапіць у запалкавы карабок.
Звярнуў увагу на сям’ю, якая якраз была каля рэактыўнай устаноўкі. Галава сям’і старшы лейтэнант Канстанцін Рабчэня служыць на такіх баявых машынах. Яго абдымала і не хацела спускацца з моцных татавых рук дачушка Насця. А малодшы Лёва, якому толькі некалькі месяцаў, у гэты час мірна спаў на ручках у мамы Каці.
dsc_0934На другім баку плошчы сваю тэхніку выставілі пажарныя. Вялікія чырвоныя машыны, бензарэзы, гідранты, іншы рыштунак зацікавілі юных гледачоў не менш. Хлопцы і дзяўчаты былі рады, што ім дазволілі пасядзець у пажарных машынах, прымераць на сябе форму агняборцаў.
Потым для іх наладзілі своеасаблівае фаер-шоу: налівалі ў спецыяльную шырокую ёмістасць крыху бензіну, падпальвалі яго і потым давалі дзецям з дапамогай вогнетушыцеля пагасіць полымя. Дзяўчынкі спачатку пабойваліся, накіроўвалі трубку вогнетушыцеля здаля, а потым смялелі і падыходзілі бліжэй. Пара залпаў — і агонь патушаны. Кожную перамогу гледачы віталі гучнымі воклічамі “УРА!!!”.
— Мы такім чынам вырашаем дзве задачы, — кажа начальнік Лепельскага РАНС Валянцін Лавец. — Вучым дзяцей не баяцца агню, не панікаваць, правільна карыстацца вогнетушыцелем, разам з тым наладзілі для іх цікавую, займальную гульню.
Лепельшчына славіцца і сваімі працоўнымі здабыткамі. Так, сёлета выдатна папрацавалі земляробы, нягледзячы на не самыя спрыяльныя ўмовы, атрымалі неблагі ўраджай. На свята прыбылі два камбайны з СВФ “Заазер’е”. Найбольшую ўвагу, вядома, прыцягваў імпартны New Holland, на якім сёлета Леанід Аляксеенка і Павел Ханяк устанавілі рэкорд — больш за чатыры тысячы тон збожжа намалацілі. А калі ўлічваць і рапс, то пад пяць тысяч тон. Хлопцы дзяжурылі тут жа, дазвалялі ўсім жадаючым пасядзець у кабіне, хаця б крыху адчуць сябе капітанам карабля палёў.
Побач — “Палессе GS12” гэтай жа гаспадаркі. На ім працуюць Сяргей Касцюковіч і Віталь Муравіцкі. Хлопцы сёлета таксама паспелі намалаціць тысячу тон. На вялікі жаль, Сяргей не змог прыехаць на свята, на трактары быў задзейнічаны на іншай пільнай рабоце, вазіў з поля ў траншэю здробненую зялёную масу на корм. Вопыт леташняй дажджлівай восені прымушае не расхалоджвацца, а па-гаспадарску, напоўніцу выкарыстоўваць кожны пагодлівы дзень.
Найбольшую цікавасць, як і чакалася, уся тэхніка — і вайсковая, і пажарная, і сельскагаспадарчая — выклікала найперш у дзяцей і падлеткаў. Часам маці было надзвычай цяжка ўпрасіць дзяцей спусціцца з чарговай машыны, каб ісці далей па святочных радах.
Васіль МАТЫРКА.
* * *
dsc_0917На вуліцы Ленінскай размясцілася выстава-прэзентацыя падвор’яў сельскіх саветаў: Слабадскога, Стайскага, Баброўскага, Горскага, Валосавіцкага, Лепельскага. “Мы прадставілі шырокі асартымент выпечкі, якая карыстаецца попытам, вырабы гуртка дэкаратыўна-прыкладной творчасці, вышыўкі майстрых з Велеўшчыны”, — распавялі прадстаўнікі Слабадскога сельскага савета.
Цікавым быў конкурс пано “Лепель у кветках” — сапраўдных жывых карцін, зробленых з рознакаляровых кветак і раслін. Напрыклад, прадстаўнікі Баброва, якое заняло ў конкурсе на лепшае падвор’е другое месца, прывезлі пано “Белая Русь”, створанае Сушанскай бібліятэкай.
Свае стэнды прэзентавалі цэнтры культуры і вольнага часу, а таксама іншыя ўстановы. Да стэнда Бярэзінскага біясфернага запаведніка гасцей запрашаў жвавы лясун-дзядуля. Прадстаўнік запаведніка распавядаў пра яго гісторыю і асаблівасці. Напрыклад, можна было даведацца, што запаведніку ўжо амаль сто гадоў. Запрашаў гасцей наведаць экатур, каб паглядзець на рэдкіх жывёл ці пакатацца на лыжах.
Вялікая выстава была арганізавана Лепельскім аграрна-тэхнічным каледжам. Яны расказвалі пра спецыяльнасці, на якія вучыць каледж. Кіраўнік гуртка педагог дадатковай адукацыі Галіна Жураўлёва разам са сваёй вучаніцай Вікторыяй Коршун прадставілі свае работы і гурткоўцаў. Шмат было работ, выкананых у жанры выцінанкі.
dsc_0982— Гэта традыцыйнае мастацтва, якое робіцца шляхам шматразовага складвання ліста паперы і выразання розных фігур і ўзораў манікюрнымі нажніцамі, — патлумачыла Галіна Мікалаеўна.
Намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Наталля Баранава адзначыла, што ў каледжы існуюць два асноўныя напрамкі: механікі і будаўнікі. Навучэнцы прадстаўлялі мадэлі, устаноўкі, якія зрабілі сваімі рукамі пад кіраўніцтвам выкладчыка Яўгенія Варошкі. Адна з кампетэнцый каледжа — гандлёвая справа і грамадскае харчаванне. Тыя, хто вучыцца на повараў, прыгатавалі на продаж выпечку пад кіраўніцтвам майстра Таццяны Падалінскай.
Цікавыя рэчы і прадстаўленні прыехалі ў Лепель з Бароўкі. “У нас народныя і эстрадныя песні, танцы, — расказалі прадстаўнікі Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу. — Мы спяваем усё, што можа парадаваць душу і сэрца. Жадаем гасцям свята здароўя, шчасця і любві. А аб тым, з якога прыгожага краю мы прыехалі, вам раскажуць фотаздымкі”.
Бароўскае аддзяленне дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” прадставіла разнастайныя вырабы. Рэчы выглядалі так, нібы яны сплецены з саломы ці выразаны з дрэва. Аднак калі прыгледзецца, можна пабачыць літары газетнага шрыфту. “Так, вырабы ствараюцца з газетнай паперы, пакрываюцца марылкай, акрылавым лакам, — пракаментавала прадстаўніца цэнтра Ніна Іванаўна. — Пажылым людзям такая мелкая работа рукамі вельмі карысная для сасудаў”. Яна сама зрабіла шмат вырабаў, вядзе актыўны лад жыцця, спявае ў групе “Сударушкі”. “Рух — гэта жыццё”, — кажа яна.
Намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце СШ №3 Святлана Драбышэўская расказала, што іх школа ўдзельнічала ў трох конкурсах. У “Музычным асарці” яны занялі першае месца: дзяўчынкі ў нацыянальных касцюмах пад кіраўніцтвам Алесі Пячкоўскай інсцэніравалі песню “Бульба”. “Выступілі вельмі выдатна, ганарымся заслужаным месцам”, — паведаміла Святлана Ільінічна. Таксама школа заняла другое месца па арганізацыі кірмашовай палаткі. На танцавальнай пляцоўцы размясціліся палаткі СШ №1 і №3, гімназіі, Поўсвіжскай і Заслонаўскай СШ, Слабадскога падвор’я і Домжарыцкай сядзібы. Смачная салодкая выпечка разляталася хутка і танна. “Праводзілася акцыя “Салодкая латарэя”. Усё было па 50 капеек. Аднак пасля 12 гадзін прыйшлося знізіць цану”, — пажартавала Святлана Ільінічна. Удзельнічала школа і ў конкурсе пано, і ў конкурсе пудзілаў.
А 14 гадзіне на танцавальнай пляцоўцы пачаўся фестываль “Holi ў нашым горадзе”. Гэта яскравы фестываль фарбаў, якія можна было купіць, але самым актыўным яны даваліся бясплатна. Расфарбаваныя дзеці весяліліся і танцавалі пад сучасную музыку. Яркасці святу дадаў і феерверк, які “запалаў” над горадам увечары.
Алена МАРЦІНОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>