В Заслоновской школе — новый музыкальный руководитель

img_2211 У Заслонаўскай школе — новы музычны кіраўнік. Ім стала маладая дзяўчына Дар’я Кміто, якая два гады папрацавала па размеркаванні ў Оршы пасля Полацкага педкаледжа, а затым памяняла даволі вялікі горад на ўзбярэжжы Дняпра на ціхмянае Заслонава, якое і горадам не назавеш, і вёскаю — таксама. Былы ваенны гарадок на беразе маленькай ціхаплыннай рачулкі Улы. Тут людзі ведаюць адзін аднаго ў твар. Не схаваешся, не ўтоіш ні крыўды, ні бяды, ні праблем. Тут жывуць фактычна адной сям’ёй — даволі дружнай.

— Дык чаму вы ўсё ж памянялі Оршу на Заслонава? — пытаюся ў дзяўчыны, якая, здалося мне, крыху разгубленая, сядзіць у пустой школьнай актавай зале і пакуль не зусім цвёрда ведае, з чаго ж ёй пачаць. Хутка ўрокі скончацца і сюды прыбягуць дзеці.
— Не ведаю, — шчыра прызнаецца тая. — Магчыма, прырода тут спадабалася. Лес, рэчка. Можна сказаць, у лесе жывём. У Оршы я працавала ў дзіцячым садзіку. Быў добры кантакт з дзецьмі, і мяне нават не хацелі адпускаць. Аднак сам горад мне не вельмі спадабаўся. У Заслонаве лепей, тут у мяне жывуць сябры. Была ў іх неаднойчы, вось і вырашыла. Узялі на працу ў школу. Мне заўсёды хацелася працаваць з дзецьмі.
— А не боязна? Там былі дзеці маленькія, а тут…
— Боязна крыху. Не ведаю, як паразумеемся, асабліва са старэйшымі, — паціскае плячыма. Я то ўвогуле строгая.
— Строгім быць — мала. Тут жа — не на ўроку, дзе многае вырашае дысцыпліна. Музычны кіраўнік як зацікавіць, чым здолее захапіць, так і пойдзе. Альбо прыбягуць і застануцца, альбо адвернуцца.
Прыбеглі ўжо. І першыя школьныя мерапрыемствы прайшлі, і першыя таленты праявіліся. І Дар’я, чалавек па натуры творчы, іх, вядома ж, заўважыла. Упершыню ўвасобіліся на сцэне яе творчыя задумы яшчэ першага верасня, да якога падрыхтавалі невялікую канцэртную імпрэзу з нагоды Дня ведаў. Другі раз сабраліся камандаю з шасці чалавек напярэдадні святкавання Дня горада, каб павезці ў Лепель невялікую канцэртную праграму. Падрыхтавалі танец на тэму восеньскага кірмашу. Танцавалі і спявалі частушкі. Так што “баявое хрышчэнне” адбылося. І адбыўся Дар’ін дэбют як музычнага кіраўніка. А вось у якасці педагога-арганізатара пакуль яшчэ сябе не праявіла. Справа ў тым, што, у дадатак да ўсяго, Дар’я падзяліла з напарніцай стаўку педагога-арганізатара. Ды вопыту пакуль няма, а ёсць толькі лёгкая разгубленасць перад новай справай, калі не ведаеш, за што рукі зачапіць. Аднак кожны ў жыцці аднойчы стаіць ля вытоку. І ўсё абавязкова атрымаецца, трэба толькі вельмі захацець і прыкласці намаганні.
Сама Дар’я родам з пасёлка Падсвілле, што на Глыбоччыне. Спеўных у яе сям’і не было. А вось яна з музыкай пасябравала яшчэ ў дзяцінстве, у музычнай школе. Паступіла ў каледж у Наваполацк, дзе займалася па класе баяна, затым перавялася ў Полацк, бо мясцовы каледж дае выпускнікам магчымасць працаваць з дзецьмі. Ёй заўсёды падабалася займацца з дзецьмі. У Полацку навучылася іграць на фартэпіяна. У Заслонаве спатрэбілася ўсё. Зрэшты, Дар’я лічыць: “Не важна, дзе працаваць, галоўнае, каб праца была па душы”.
Паступіла і вучыцца завочна ў Мінску ў інстытуце парламентарызму і прадпрымальніцтва. Так што ў перспектыве будзе палітолагам і юрыстам. А музыка… Хіба яна камусьці перашкаджала? Музыка — для душы.
А яшчэ Дар’я любіць падарожнічаць. Была з экскурсіяй у Львове. Асабліва спадабаўся ёй гістарычны цэнтр горада: маленькі, прыгожы, вельмі ўтульны. Хоча наведаць Кіеў. І ўсур’ёз марыць… пра кругасветнае падарожжа. Марыць — заўсёды прыемна. Прыгожа мараць, як правіла, людзі творчыя. Нездарма ж Дар’я ў свой час спрабавала пісаць вершы…
На здымку: музычны кіраўнік Заслонаўскай СШ Дар’я Кміто.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>