Еще до Великой Отечественной войны в Лепеле стояла парашютная вышка, аттракцион был очень популярен среди тогдашней молодежи

img_1367Дзе ў Лепелі знаходзіцца аўташкола добраахвотнага таварыства садзеяння арміі, авіяцыі і флоту (ДТСААФ), ведае амаль уся мужчынская палова насельніцтва раёна, ды і большая частка жанчын, думаю, таксама. Многія вучыліся на вадзіцеля альбо збіраліся, марылі, планавалі вучыцца. Не, на вадзіцеля можна яшчэ вывучыцца і ў мясцовым аграрна-тэхнічным каледжы, аднак аўташкола “ў канцы вуліцы Савецкай”, як яе яшчэ часта называюць, карыстаецца нязменнай папулярнасцю.

А на днях аўташкола і ўся Лепельская раённая арганізацыйная структура ДТСААФ адзначылі юбілей — 50-годдзе з дня заснавання.
Захаваліся ўспаміны старажылаў. Яны распавядалі, што яшчэ да Вялікай Айчыннай вайны ў Лепелі стаяла парашутная вышка, атракцыён быў вельмі папулярны сярод тагачаснай моладзі. Традыцыйна падобныя заняткі арганізоўвалі актывісты Асаавіяхіма — папярэдніка ДТСААФ. Аднак ніякіх дакументаў, фотаздымкаў той пары няма. Аднак у архівах аўташколы ёсць выпіска з загада старшыні цэнтральнага камітэта ДТСААФ СССР генерала арміі Андрэя Гетмана аб арганізацыі ў горадзе Лепелі Беларускай ССР аўтамотаклуба. Галоўнай задачай перад ім ставілася падрыхтоўка спецыялістаў-вадзіцеляў для Узброеных сіл і народнай гаспадаркі.
img_1335Першым яе дырэктарам быў прызначаны падпалкоўнік запасу Пётр Карась, яго намеснікам па выхаваўчай рабоце стаў Мікалай Піратаў, намеснікам па вучэбнай — Фёдар Скалабан.
Аўтамотаклуб з першых дзён працы быў насычаны разнастайнай аўтамабільнай тэхнікай, у першую чаргу аналагічнай той, якая была на ўзбраенні ў арміі. Так, паводле рэестраў за 1970 год, у клубе налічвалася чатыры аўтамашыны маркі ЗіЛ-164, па адным ЗіЛ-130 і ГАЗ-53, чатыры ЗіЛ-150, тры ГАЗ-66, шэсць ГАЗ-51. А вось з легкавымі была праблема, іх было мала. Нягледзячы на цяжкасці, быў адразу ўзяты курс на актыўную працу. Толькі ў 1968 годзе былі падрыхтаваны 139 вадзіцеляў для Узброеных сіл і яшчэ 120 — для народнай гаспадаркі. У далейшым тэмп працы не зніжаўся.
З 1974 па 1985 год аўтамотаклуб узначальваў Фёдар Скалабан, у 1985 — 1990 гг. — Іван Клундук, у 1990 — 1992 гг. — Уладзімір Марчанка, з 1992 па 1995 год — Станіслаў Кажан. З ліпеня 1995 года і па сённяшні дзень Лепельскай аўташколай і раённай арганізацыйнай структурай ДТСААФ кіруе Павел Лямцаў. За паўвека адбылося шмат перамен, дасягнуты значныя поспехі. Загадам старшыні цэнтральнага камітэта ДТСААФ СССР №678 ад 15 лістапада 1974 года аўтамотаклуб перайменаваны ў Лепельскую аўташколу. У 1982 годзе за поспехі ў падрыхтоўцы спецыялістаў для Савецкай арміі аўташкола была ўзнагароджана пераходным Чырвоным Сцягам, а ў 1983-м ёй прысвоена званне “Узорная”. Усяго за гады працы Лепельская аўташкола падрыхтавала больш за 30 тысяч вадзіцеляў усіх транспартных катэгорый. Для параўнання, на сёння ўсё насельніцтва Лепельскага раёна налічвае крыху больш за 32 тысячы чалавек.
У першыя гады сваёй працы Лепельскі аўтамотаклуб, а ў далейшым — аўташкола, ганарыўся сваімі выкладчыкамі, такімі як Пётр Самахвалаў, Васіль Хвошч, Уладзімір Вашчук, Іван Скамарошчанка. З 1976 года працуе Аркадзь Кубар, з 1978-га — Тамара Галай, з 1981-га — Міхаіл Федаровіч. Ім на змену прыходзіць моладзь, якая прымнажае дасягненні. Напрыклад, Арцём Худзякоў працуе майстрам вытворчага навучання трэці год, але ўжо ў абласным рэйтынгу майстроў займае другое месца. Антон Лямцаў працуе сёмы год. На рэспубліканскіх спаборніцтвах па прафесійным майстэрстве ўзначальваў каманду Лепельскай аўташколы. Каманда стала пераможцай, а Антон заняў другое месца ў асабістым заліку.
-2-
img_1356У святочны дзень з раніцы на двары аўташколы было шумна, гучаў дзіцячы гоман.
— Дзеці павінны быць галоўнымі гасцямі, усё — для іх, — пераканана кажа дырэктар аўташколы Павел Лямцаў. — Прыйдзе час, і яны, як падрастуць, прыйдуць вучыцца да нас.
Дарэчы, і адкрыццё святочнай праграмы даверылі менавіта дзіцячым калектывам: камандзе барабаншчыц і духавому аркестру дзіцячай школы мастацтваў. Прыбыло і шмат высокіх гасцей: былы старшыня Цэнтральнага савета ДТСААФ Беларусі генерал-маёр запасу Анатоль Сцяпук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ігар Урбан, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Азаронак. Анатоль Якаўлевіч ад імя Цэнтральнага савета перадаў падарунак — новенькі аўтамабіль Volkswagen Polo, у далейшым на ім будуць вучыцца курсанты.
Калі скончылася афіцыйная частка і былі сказаны ўсе прывітальныя словы, пачалося свята дзяцінства. Шырокі двор аўташколы быў раздзелены на некалькі гульнёвых пляцовак. На адной былі наладжаны гульні ў лазертаг. Прадпрымальнік Валерый Асоўскі даўно спецыялізуецца на арганізацыі гульняў, турніраў па лазертагу, пейнтболе, страйкболе, акрамя гэтага актыўна супрацоўнічае з раённай структурай ДТСААФ. Расказвае:
— Павел Іванавіч звярнуўся з просьбай дапамагчы ў арганізацыі свята. Маўляў, прыйдуць дзеці, а для іх што самае важнае? Вядома ж — гульня. А што можа быць больш захапляльным, чым гульня ў вайнушку? Няхай сабе сёння на свяце я нічога не зараблю, аднак проста дапаможам падарыць гасцям, асабліва маленькім, выдатны настрой.
Частка дзяцей акупіравала пляцоўку для картынгаў, дзве машыны былі выдзелены цэнтрам дзяцей і моладзі. Дзецям разам з інструктарам дазволілі катацца, з дапамогай старых пакрышак зладзілі імправізаваную трасу з некалькімі паваротамі.
У святочнай праграме інструктары аўташколы прадэманстравалі сваё майстэрства валодання аўтамабілем, выконвалі складаныя элементы, а пасля наладзілі катанне дзяцей. Было радасна бачыць захапленне дзевяцігадовага хлопчыка ці дзяўчынкі, якім дазволілі самастойна, праўда, з інструктарам побач, праехаць на легкавой машыне. Спецыяльна для маленькіх вадзіцеляў на сядзенне зрабілі падкладкі, каб яны маглі бачыць дарогу перад сабой.
-3-
Некалькі месяцаў таму аўташкола аформіла ліцэнзію на падрыхтоўку матацыклістаў, набыла два матацыклы. На свяце любы жадаючы мог надзець шлем і паспрабаваць свае сілы. Сярод запрошаных гасцей была Вікторыя Барадзёнак, пераможца абласнога конкурсу “Аўталедзі”. На сваёй машыне яна паказала некалькі элементаў узорнага ваджэння, а потым зацікавілася матацыкламі. Кажа:
— На машыне я езджу дзевяць гадоў, адчуваю яе выдатна, а гэтая тэхніка для мяне новая.
Сядае, запускае, спрабуе ехаць.
— Ай! Баюся!
— Дык злазь, — кажу.
— Не! Буду спрабаваць яшчэ! — не здаецца дзяўчына.
У другім баку двара наладжаны цір для стральбы з пнеўматычных вінтовак. Расстаўлены мішэні, дарослы камандуе:
— Увага! “Фашысты” наступаюць на Лепель! Па ворагу — агонь!
Як ні дзіўна, але, па маіх назіраннях, найбольшую цікавасць да стральбы праяўлялі дзяўчынкі.
На пляцоўцы для гіраскутараў любы жадаючы мог паспрабаваць свае сілы ў авалоданні гэтым навамодным відам транспарту. Прызнаюся, не здолеў адмовіцца ад спакусы, паспрабаваў. З дапамогай інструктара праехаў метры чатыры, саскочыў, падзякаваў, зразумеў, што гэта не маё пакуль што. Затое хлопчыкі і дзяўчынкі лёгка выпісвалі на іх піруэты. Падышоў і Павел Лямцаў. 60-гадовы мужчына, аказваецца, лоўка ўмее з ім абыходзіцца!
— Дырэктар аўташколы павінен умець ездзіць на любой адзінцы транспарту, якая маецца ў яго! — заяўляе Павел Іванавіч.
Пазней ён растлумачыў мэту набыцця гіраскутараў:
— Мы іх здаём у арэнду. У нас даволі шмат на вадзіцельскае пасведчанне вучыцца маладых жанчын. Прыходзіць на заняткі маці з дзіцем. Куды яго дзяваць? Мы і прапануем узяць у арэнду скутар. Мама дзве-тры гадзіны займаецца вучобай, а дачка ці сын у гэты час катаецца ў двары. Кожны заняты, кожнаму цікава, і нам, няхай сабе і невялікі, але прыбытак.
Некалькі гадзін доўжылася свята ў двары аўташколы, гучала музыка, кожны жадаючы знаходзіў сабе занятак па душы, дзеці былі ў захапленні. А ў другой палове дня святочныя мерапрыемствы перамясціліся ў глядзельную залу дзіцячай школы мастацтваў, дзе ў гонар юбілею быў наладжаны яскравы канцэрт.
Васіль МАТЫРКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>