Промежуточные результаты на этапе первой половины пятилетней программы на Лепельщине

large Пяцігадовы план на 2016 — 2020 гг. прадугледжвае ў першую чаргу актывізацыю эканамічнага росту, устойлівасць тэмпаў сацыяльна-эканамічнага развіцця, рост матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва. Усё гэта магчыма пры няўхільным, планамерным выкананні даведзеных паказчыкаў. Разгледзім некаторыя прамежкавыя вынікі, якія можна падвесці на этапе першай паловы пяцігадовай праграмы.

Прамысловы сектар

За мінулыя два з паловай гады аб’ёмы вытворчасці прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах узраслі на 5,3 працэнта. Усяго за гэты перыяд прадпрыемствамі раёна выпушчана прамысловай прадукцыі больш як на 442 мільёны рублёў.
У прамысловым комплексе Лепельшчыны за гэты перыяд часу найбольш дынамічна развіваецца філіял “Лепельскі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, дзе тэмпы росту аб’ёмаў выпускаемай прадукцыі павялічыліся ў 1,7 раза. Дасягненне такіх паказчыкаў стала магчымым дзякуючы мадэрнізацыі вытворчых магутнасцяў, увядзенню новых аб’ектаў.
Было значным чынам абноўлена вытворчае абсталяванне на галоўнай базе прадпрыемства на Барысаўскім тракце. У першую чаргу зманціраваны ёмістасці для загрузкі сыравіны і гатовай прадукцыі, якія зводзяць да мінімуму кантакты з адкрытым паветрам, птушкамі і дазваляюць павялічваць аб’ёмы. Так, калі ў 2015 годзе ў сярэднім за месяц выпускалася па 8,2 тысячы камбікармоў, то ў маі 2018-га — 11,7 тысячы тон. Зманціравана і новая трансфарматарная падстанцыя на тысячу кілават, што дазваляе аптымізаваць уласную энергетычную гаспадарку. Самым галоўным этапам у развіцці філіяла стала ўзвядзенне і пуск цэха для перапрацоўкі алейных культур: соі, сланечніку, рапсу. Для вытворчасці камбікармоў прымяняецца такая сыравіна, як макуха (жмых), які застаецца пасля выціскання з гэтых культур алею. Раней макуху імпартавалі, з пускам новага цэха патрэбы ў дадзенай сыравіне амаль цалкам закрываюцца ўласнай вытворчасцю.
Аналізуючы дасягнутыя поспехі, вызначаем, што аснова іх — у прадуманай палітыцы капіталаўкладанняў. Кіраўніцтва філіяла, холдынг “Славянскі Велес”, планамерна мадэрнізуе, пашырае вытворчыя магчымасці, стараючыся максімальна задаволіць попыт спажыўцоў.
Няблага працуюць і іншыя прамысловыя прадпрыемствы Лепельшчыны. Адзначым, што на працягу першай паловы пяцігодкі амаль усе вялі бягучую фінансавую дзейнасць без страт, захоўвалі, няхай і мінімальную, але станоўчую рэнтабельнасць.
У бягучай пяцігодцы адбылося аб’яднанне рамонтна-механічнага і электрамеханічнага завода ў адно прадпрыемства — ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод”. Галоўным накірункам стаў выпуск шасцерань. Разам з тым на прадпрыемстве асвоены і выпуск некаторых новых відаў прадукцыі.
Перад ААТ “Лепельскі рамонтна-механічны завод” сёння стаяць дзве важныя праблемы. Першая — фізічнае і маральнае старэнне асноўных фондаў, у цэлым па прадпрыемстве зношанасць металарэжучага абсталявання даходзіць да 85 працэнтаў. Для абнаўлення яго патрэбны значныя капіталаўкладанні. Другая праблема — недахоп кваліфікаваных працоўных кадраў. Як адзначалася неаднаразова, моладзь не вельмі хоча ісці працаваць токарамі, слесарамі, зваршчыкамі. Падняць прэстыж рабочых прафесій можна было б праз значнае павышэнне заробкаў, але яго пакуль што немагчыма правесці з-за недахопу на прадпрыемстве абаротных сродкаў.
Адным з флагманаў прамысловай вытворчасці Лепельшчыны з’яўляецца філіял “Лепельскі малочнакансервавы камбінат” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Павышэнне эфектыўнасці ў бягучай пяцігодцы на прадпрыемстве праводзіцца за кошт мадэрнізацыі дзеючай вытворчасці. Летась завершана рэканструкцыя будынка кацельні і кансервавага цэха ў склад гатовай прадукцыі, рэканструяваны будынкі матэрыяльнага склада і трансфарматарнай. У бягучым годзе вядуцца работы па набыцці і пуску ў вытворчасць лініі па разліве малочнай прадукцыі ва ўпакоўку тыпу PURE-PАК магутнасцю 2500 пакетаў за гадзіну.
Усяго ў развіццё прамысловага комплексу раёна на працягу першай паловы пяцігодкі інвеставана больш за 10 мільёнаў рублёў.

Сельская гаспадарка

Асноўнай мэтай развіцця сельскай гаспадаркі ў бягучай пяцігодцы з’яўляецца фарміраванне эфектыўнай, устойлівай і канкурэнтаздольнай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. У цэлым на працягу 2016-2017 гадоў забяспечана станоўчая дынаміка, прырост вытворчасці за гэты перыяд склаў 21,7 працэнта.
За два мінулыя гады на палях раёна было вырашчана 40,5 тысячы тон зерневых і зернебабовых культур у свірнавой вазе (вычышчанага і высушанага збожжа, гатовага для далейшай перапрацоўкі або працяглага захоўвання). Ураджайнасць склала 21,2 цэнтнера з гектара. Рапсу вырасцілі 3,2 тысячы тон пры ўраджайнасці 10 ц/га. Дзяржаўны заказ быў выкананы ў поўным аб’ёме.
Паколькі сельскагаспадарчая вытворчасць Лепельшчыны скіравана ў першую чаргу на выпуск малака, то ў асноўным раслінаводства мае мэтай забеспячэнне жывёлы паўнавартаснымі пажыўнымі высокаэнергетычнымі кармамі. Напрыклад, на зімовы стойлавы перыяд 2017-2018 гадоў было нарыхтавана 33,8 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву буйной рагатай жывёлы, з іх травяністых кармоў — 29,5 цэнтнера. Прыкладзеныя намаганні не сталі безвыніковымі, за два з паловай гады прырост вытворчасці жывёлы склаў 11 працэнтаў. За 2016-2017 гады ў сельгасарганізацыях было атрымана 54 тысячы тон малака, прадукцыйнасць дойных кароў узрасла на 226 кілаграмаў.
У сельгасвытворчасць з пачатку пяцігодкі былі зроблены значныя капіталаўкладанні, рэканструяваны старыя і пабудаваны новыя фермы, укаранёны новыя тэхналогіі ўтрымання жывёлы: круглагадовае стойлавае, выкарыстанне даільных залаў, новых спосабаў нарыхтоўкі кармоў і г.д.
2017 год стаў знакавым у сельгасвытворчасці Лепельшчыны ў сувязі са стварэннем інтэграванай структуры ААТ “Віцебскі мясакамбінат”. Былі зроблены значныя ўкладанні ў абнаўленне машынна-трактарнага парку. Толькі для СВФ “Заазер’е” было набыта больш за 20 адзінак сельгастэхнікі. На палетках з’явіліся імпартныя камбайны, прэс-падборшчыкі, касілкі, шыроказахопныя сеялкі і глебаапрацоўчыя агрэгаты, на фермах — раздатчыкі кармоў, пагрузчыкі і шмат іншага.
Для павышэння эфектыўнасці працы перад сельгасарганізацыямі раёна стаіць некалькі першачарговых задач. Рост грашовай выручкі немагчымы без росту вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі і раслінаводства. Трэба павышаць таварнасць малака, галоўны арыенцір — не менш за 90 працэнтаў, пры гэтым не менш за 70 працэнтаў павінна здавацца гатункам “экстра”.

Будаўніцтва

За кошт усіх крыніц фінансавання за перыяд 2016-2017 і першую палову 2018 года ў эксплуатацыю ўведзена 27,8 тысячы квадратных метраў жылля. З іх 10,6 тысячы м2 — шматкватэрнага і 17,2 тысячы м2 — індывідуальнага. З агульнай колькасці 14 тысяч квадратных метраў узведзены з дзяржаўнай падтрымкай для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, для шматдзетных сем’яў — 3,1 тысячы м2.
Калі разглядаць прамысловае і камерцыйнае будаўніцтва, то ў першай групе адметны такі аб’ект, як алейны цэх філіяла “Лепельскі” ААТ “Віцебскаграпрадукт”. За першую палову бягучай пяцігодкі ў раёне пабудавана даволі шмат аб’ектаў камерцыйнай нерухомасці: супермаркеты і крамы.

Інвестыцыйная актыўнасць

Інвестыцыйная актыўнасць суб’ектаў гаспадарання раёна пакуль што знаходзіцца на недастаткова высокім узроўні. Галоўная прычына — недахоп уласных і крэдытных фінансавых сродкаў, адсутнасць перспектыўных бізнес-планаў. У асноўным прадпрыемствы і арганізацыі па магчымасці стараюцца ў першую чаргу абнавіць парк тэхнікі і абсталявання. Так, СВФ “Заазер’е” з дапамогай інтэграванай структуры ААТ “Віцебскі мясакамбінат” за першую палову пяцігодкі ў значнай меры абнавіў свой машынна-трактарны парк.
На пяцігодку 2016 — 2020 гадоў была запланавана рэалізацыя 24 інвестыцыйных праектаў. Рэалізацыя трох — завершана, яшчэ дзевяць — рэалізуюцца ў бягучы час, два з іх мяркуецца паспяхова завяршыць ужо сёлета.

Прыватны бізнес

За прайшоўшыя два з паловай гады далейшае развіццё атрымаў недзяржаўны сектар эканомікі. Па стане на сярэдзіну бягучага года ў раёне дзейнічаюць 630 індывідуальных прадпрымальнікаў, 171 мікраарганізацыя і 15 малых арганізацый. У бягучай пяцігодцы зарэгістраваны 25 новых юрыдычных асоб і 185 індывідуальных прадпрымальнікаў. У прыватным сектары эканомікі заняты каля 2340 чалавек, або 17,5 працэнта ад агульнай колькасці занятых у эканоміцы.
Якая ж іх эфектыўнасць? Пра гэта самым красамоўным чынам скажуць лічбы. Так, за мінулы год суб’ектамі малога бізнесу ад рэалізацыі тавараў і паслуг атрымана выручкі больш як 100 мільёнаў рублёў, што складае 31 працэнт ад агульнай выручкі па раёне. За гэты ж перыяд у бюджэт ад суб’ектаў недзяржаўнага сектара эканомікі паступіла 6,6 мільёна рублёў плацяжоў, ад індывідуальных прадпрымальнікаў — яшчэ мільён, што склала 31,2 працэнта даходаў кансалідаванага бюджэту. Дадзены паказчык сведчыць аб тым, што прыватны бізнес прымае ўсё больш актыўны ўдзел у фарміраванні даходаў бюджэту.
Для развіцця бізнесу штогод суб’ектам прадпрымальніцтва рэалізуюцца аб’екты нерухомасці, якія знаходзяцца ў камунальнай уласнасці. З мэтай яшчэ большага стымулявання дзелавой актыўнасці нерухомасць можа рэалізоўвацца з істотным паніжэннем цаны або ўвогуле за адну базавую велічыню. Напрыклад, апошнім спосабам за першую палову пяцігодкі былі рэалізаваны 16 аб’ектаў. Такім чынам, аб’екты нерухомасці, якія неэфектыўна выкарыстоўваюцца, уключаюцца ў актыўны гаспадарчы абарот, прадпрымальнікі атрымліваюць даход, адкрываюцца новыя працоўныя месцы.

Знешні гандаль

На першую палову пяцігодкі рост экспарту тавараў прадпрыемствамі раёна дасягнуў 43,2 працэнта адносна адпаведнага перыяду пяцігодкі мінулай, экспарт паслуг хоць і прырос, аднак не такімі вялікімі тэмпамі — на 2,3 працэнта.
Таварная структура экспарту вызначаецца ў асноўным лесаматэрыяламі, паліўнай драўнінай, сувязнымі хімічнымі рэчывамі, прадукцыяй перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны. Сваю прадукцыю прадпрыемствы экспартуюць у 18 краін свету. Асноўным гандлёвым партнёрам застаецца Расійская Федэрацыя, разам з тым паступова адкрываюцца рынкі краін далёкага замежжа, такіх як Венгрыя, Славенія, Чэхія, Эстонія і іншыя.
Недзяржаўны сектар эканомікі раёна актыўна прымае ўдзел у знешнегандлёвай дзейнасці. Толькі ў мінулым годзе экспарт тавараў ад прыватнікаў дасягнуў амаль 1,8 мільёна долараў ЗША, адносна 2016 года ён вырас на 83 працэнты. Экспарт паслуг ад прыватнікаў вырас на трэць і склаў яшчэ амаль мільён долараў.

Даходы  насельніцтва

Павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва з’яўляецца адной з прыярытэтных задач дзяржаўнай палітыкі. Намінальная сярэдняя налічаная заработная аплата за 2016 год склала 540,4 рубля, за 2017 год — 607,8 рубля, за студзень — красавік бягучага года — 637,7 рубля. Такім чынам, заработная аплата за першую палову пяцігодкі ўзрасла амаль у 1,2 раза.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>