С января 2009 года Жанна Рубцова работает медсестрой в Заслоновской амбулатории врача общей практики

img_1646 — Прызнацца шчыра, работу медсястры я лічу не прафесіяй, а любімай справай, якую выконваю па закліку сэрца, — кажа медсястра Заслонаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Жанна Рубцова.

— Штодзень дапамагаць людзям, рабіць неабходныя працэдуры, наведваць нованароджаных і даваць парады маладым бацькам заўсёды вельмі прыемна. Удвая прыемна бачыць вынік сваёй працы, калі хворы чалавек стаў адчуваць сябе лепш, а ў час чарговага агляду ўсміхаюцца здаровыя дзеткі.
Жанну Уладзіміраўну ведае практычна кожны жыхар вёскі Заслонава. Запланаваць, зрабіць прышчэпку, наведаць нованароджанага, выпісаць рэцэпт або накіраванне ў бальніцу, змерыць артэрыяльны ціск, выклікаць дзіця на дыспансерызацыю… І гэта далёка не ўвесь пералік абавязкаў, якія штодзень выконвае медсястра.
Мая першая сустрэча з гэтай жанчынай адбылася, калі я сама стала мамай. Зусім нядаўна прыехалі з радзільнага дома, бяром на рукі маленькага сынулю… Тады яму яшчэ не споўнілася і месяца. І як жа шмат нам, бацькам, здавалася невядомым! Як пазбавіць дзіцяці ад колікаў, як спавіваць, як правільна харчавацца маці? Раптоўна ўзнікаюць дзясяткі пытанняў, на якія заўсёды дасць адказ вопытны спецыяліст. Для матуль Жанна Уладзіміраўна стала сяброўкай і мудрай дарадчыцай, да якой можна звярнуцца ў любы час і знайсці падтрымку.
— Кожны раз, калі наведваю нованароджаных дзетак, імкнуся расказаць бацькам як мага больш: як правільна сачыць за гігіенай дзіцяці, якое лякарства даць у адпаведным выпадку… Заўсёды даю шмат парад. Вельмі радуе, калі бацькі самастойна спраўляюцца ў розных сітуацыях.
Калі ж маім маленькім пацыентам трэба рабіць планавыя прышчэпкі, некаторыя з якіх асабліва балючыя, перажываю і хвалююся разам з імі. Імкнуся зрабіць працэдуру так, каб дзіцятка не адчула ніякага болю.
І ў Жанны Уладзіміраўны гэта вельмі добра атрымліваецца. Памятаю, як мы з Максімкам рыхтаваліся да першай прышчэпкі, перажывалі… І якім жа было наша здзіўленне, калі працэдура была зроблена, а сын не вымавіў і гука!
— Сакрэт вельмі просты, — кажа медсястра. — Я разам з дзецьмі адчуваю іх боль, кожнага “прапускаю праз сваё сэрца”.
…Гады дзяцінства Жанны Уладзіміраўны прайшлі ў найпрыгажэйшым кутку — вёсцы Пастрэжжа Лепельскага раёна, якая знаходзіцца на тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Густыя лясы з багаццем ягад, грыбоў, лясныя жывёлы, якія раз-пораз прыходзілі да сядзіб… Сярод такой рамантыкі мінала яе маленства, і ўжо тады ў Жанны з’явілася мара стаць медсястрой. Дзяўчынка нарадзілася ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася шасцёра дзяцей. І раптам самы малодшы сынок, якому споўніўся адзін год і адзін месяц, памёр ад двухбаковага запалення лёгкіх. Жанна вырашыла, што абавязкова будзе медыкам, каб выратоўваць людзей. Скончыла восем класаў Домжарыцкай сярэдняй школы і ў 1983 годзе паступіла ў Аршанскае медыцынскае вучылішча.
Па размеркаванні маладая медсястра прыехала працаваць на родную Лепельшчыну. Пачала свой працоўны шлях у падлеткавым кабінеце раённай паліклінікі, а праз некаторы час і сама стала маці.
— У той час аддаць дзіцяці ў сад было вельмі няпроста. Дзяцей было шмат, і не ўсюды хапала месцаў, — расказвае Жанна Уладзіміраўна. — Выйшаўшы з водпуску па доглядзе дзіцяці, я даведалася, што ў Дварэцкім дзіцячым садзе Чашніцкага раёна ёсць свабодныя месцы, да таго ж установе патрэбна была медсястра. Так я і змяніла месца працы. Спачатку працавала медсястрой у дзіцячым садку, а потым стала загадчыцай Дварэцкага ФАПа. Штодзень з Заслонава дабіралася на работу ў Дварэц і везла з сабой на веласіпедзе маленькую дачушку.
Аднак менавіта там я атрымала добрую прафесійную загартоўку. Кола маіх абавязкаў істотна павялічылася. На ФАП звярталіся за дапамогай людзі ўсіх узростаў, у многіх выпадках была патрэбна тэрміновая медыцынская дапамога. Прыходзілася быць не толькі медсястрой, а і фельчарам, акушэрам. Аднак мне пашчасціла працаваць разам з сапраўднымі прафесіяналамі, якія ахвотна дзяліліся сваімі напрацоўкамі. Сярод іх — вопытны ўрач Аляксандр Макарскі. Веды, якія пераняла ў гэтага цудоўнага спецыяліста, вельмі спатрэбіліся мне ў далейшай практыцы.
У 1990 годзе перайшла на работу на Павульскі ФАП, дзе і адпрацавала васямнаццаць год. Вёскі Данілаўка, Жасцянка, Янова, Залессе… Шмат населеных пунктаў уваходзіла ў зону нашага абслугоўвання, але мы ўсюды паспявалі. Усе работнікі былі забяспечаны веласіпедамі.
Са студзеня 2009 года Жанна Рубцова працуе медсястрой у Заслонаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі.
— Штодзень да нас прыходзяць дзясяткі пацыентаў. Паставіць кропельніцу, агледзіць дзіцяці, выпісаць рэцэпт… У кожнага — сваё пытанне. Аднак за многія гады працы прафесія стала для мяне важнай часткай жыцця. Многіх сваіх пацыентаў ужо добра ведаю. Бывае, убачу на вуліцы маці з каляскай — і адразу пазнаю: так, гэта “з маёй гвардыі”! — з гумарам кажа Жанна Уладзіміраўна.
Цеплынёй шчырага сэрца, клопатам і ўвагай жанчына акружае і сваю сям’ю. Пасталелі, набылі жаданыя прафесіі дзеці. Старэйшая дачка Ірына скончыла філалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.Машэрава, набыла яшчэ адну вышэйшую адукацыю і зараз працуе ў галіне збору і перапрацоўкі другаснай сыравіны ў сталіцы. Сын Анатоль набыў спецыяльнасць інжынера-механіка ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі і разам са сваёй сям’ёй жыве і працуе ў Наваполацку.
Асаблівая радасць для Жанны Уладзіміраўны — гэта прыезд любімых унукаў. Старэйшаму ўнуку Глебу, сыну Анатоля, ужо споўнілася сем год, а малодшай Насцюшы, дачцэ Ірыны, — пяць. З імі бабуля адпачывае душой. Вось і нядаўна разам пабывалі ў Мінску, забаўляліся на атракцыёнах.
Адной вялікай і дружнай сям’ёй для жанчыны сталі таксама маладыя бацькі і іх дзеці, для кожнага з якіх у медсястры знойдзецца цёплае слова. Дапамагаць ім, дзяліцца карыснай парадай — высакароднае прызванне Жанны Уладзіміраўны.
Святлана ВАЗНЯК.
На здымку: медсястра Жанна Рубцова ў кабінеце здаровага дзіцяці.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>