Букет півоняў

І вось зноў сустрэў пажылую жанчыну з надзвычай прыгожай, бялюткай шавялюрай, якая ёй вельмі пасуе. Не стрымаўся, запытаўся: “Гэта ваш натуральны колер?” Антаніна Піліпаўна заўсміхалася: “Калі ў санаторыі была, суседкі па пакоі неяк запыталіся, чаму я нанач парык не здымаю. Не паверылі, што гэта свае. Так, гэта мой натуральны колер… зараз,” — яна яшчэ раз, неяк крыху сумна, усмі­хнулася і паказала мне фатаграфію маладой брунэткі з віхурыстымі пышнымі кудзерамі. Цяжка пазнаць

у той чарнявай Тонечцы Атрашкевіч цяперашнюю пенсіянерку, выдатніцу народнай асветы Антаніну Піліпаўну Каралёву.

 І хоць ёй яшчэ няма і сямідзесяці, але педагагічная дзейнасць у школе ўжо ў далёкіх-далёкіх успамінах. Зда­роўе не дазволіла дапрацаваць і да пенсіі. Пра такіх кажуць: згарэла на рабоце. Крэсла дырэктара школы ў адначассе давялося памяняць на бальнічны ложак. Жанчына перанесла тры цяжкія інсульты. Але не толькі выжыла, пачала пакрысе папраўляцца. Перамаглі яе настойлівая натура, сялянская цягавітасць, якая дасталася ёй у спадчыну ад бацькоў, і той аптымістычны працоўны гарт, уласцівы многім людзям той, савецкай, эпохі, які заўсёды дапамагаў ёй жыць.

 Хваробы, а потым і заўчасная смерць мужа, які, калі захварэла, да­глядаў яе, можна сказаць, на руках насіў, вядома ж, вельмі падкасілі фізічна Антаніну Піліпаўну. Але заста­ліся ясны розум і ўчэпістая памяць. І духоўна яна па-ранейшаму ўсё тая ж Каралёва, якую прывыклі бачыць у педагагічным асяродку ў васьмідзясятыя ці дзевяностыя гады — каралева дзіцячых душ, валявая, напорыстая, ініцыятыўная, патрабавальная і добрая душою. Такіх настаўнікаў заўсёды любілі дзеці, бо яны надзвычай адчувальныя да чалавечай душэўнасці.

 Зрэшты, “педагагічная дзейнасць” Антаніны Піліпаўны зараз звузілася да памераў уласнай кватэры. А на выхаванні ў яе цяпер усяго дзве асобы — яршысты ўнук Пашка, падлетак складанага пераходнага ўзросту, і кошка Бэля, бялюткая і ласкавая. З унукам агульную мову яны знайшлі, не была б Антаніна Піліпаўна настаўніцай. За сваю шматгадовую педагагічную дзейнасць яна гэтулькі пабачыла падлеткаў — і яршыстыя бываюць душою добрыя… Ну, а з кошкаю ў іх таксама ёсць пра што пагаварыць.

  — Я навучыла Бэлю слухаць і размаўляць, — усміхаецца жанчына. – Па-свойму яна адказвае на пытанні. У шэсць сорак раніцай мне трэба будзіць у школу Пашку, а за дваццаць хвілін да гэтага Бэля ўжо як штык ля майго ложка, акуратна перабірае лапкамі, будзіць мяне. Калі мне кепска, калі баліць сэрца, кошка лашчыцца, як бы робіць лёгкі масаж. Калі ж я плачу, Бэля зноў напагатове: яна не дазваляе мне плакаць без важкай прычыны.

*    *   *

 Спагадлівае і ўражлівае сэрца Антаніны Піліпаўны гатова перажываць і плакаць па кожным. Яна шкадуе бяздомных, пакінутых катоў  корміць і падбірае, дзе б ні сустрэла. Пакрыўджаных лёсам дзяцей яна вучыць і настаўляе ўсё жыццё. Яна верыць, што з іх абавязкова вырастуць добрыя людзі. З любімым чалавекам, якога кахала і працягвае кахаць, іх разлучыла толькі смерць. Ды ці разлучыла? Каханне ж не памерла. Пакуль слухаліся ногі, бегала на магілу мужа, цяпер да бацькі і дзядулі прыхо­дзяць дзеці і ўнукі. А бабуля Антаніна, соўгаючыся па хаце, прысвячае Мікалаю Цімафеевічу вершы…

 Прыгадвае, як на танкадроме, непадалёк ад яе роднай вёскі Тараскі, што на Чашніччыне, салдаты завіхаліся на будоўлі. Камандаваў імі зухаваты чарнявы хлапец з Казахстана. А яны, дзяўчаткі-калгасніцы, міма на трактары едуць. Спыніўся трактарыст, крычыць: ”Коля, бачыш, колькі я вам дзяўчат прыгожых прывёз. Выбірайце. На ўсіх хопіць”. Выскачылі, а Каралёў падхапіў яе, Тоню, дый закружыў у абдымках. Тая вырываецца, маўляў, патрэбен мне гэты чарнамазы. А ён смяецца: “Чакай, ты яшчэ гэтага чарнамазага пакахаеш!”

 Як у ваду глядзеў. Адслужыў тэрміновую ў Ташкенце, а пасля вярнуўся па Тоню.

 Дзяўчына расла працавітая. За маці часам у калгас хадзіла, дома трымалі авечак, свіней — кожнаму трэба дагадзіць, так што склаўшы рукі не сядзела ніколі. Бацька, Піліп Маркавіч, прайшоў праз вайну, меў медаль “За баявыя заслугі”, працаваў пасля і на трактары, і старшынёй калгаса быў. Маці была паляводам. Тоня з дзяцінства марыла стаць настаўніцай. Было з каго браць прыклад. Сваёй першай настаўніцы Любові Іванаўны Старынскай яна не забудзе ніколі. Дарэчы, калі Антаніна нара­­д­зі­ла, першая настаўніца прыехала ў радзільны дом з букетам кветак віншаваць яе. А праз шмат гадоў, калі Антаніна Піліпаўна атрымала новую двухпакаёвую кватэру ў Лепелі, да яе таксама з букетам кветак прыехаў павіншаваць з наваселлем былы вучань Сяргей Хвасько, які, зрэшты, зусім не выдатнікам быў у школе. Шмат давялося павазіцца з яго складаным характарам. І вось жа стаў нармальным чалавекам, і не забыўся…

*   *   *

 Паміж гэтымі дзвюма падзеямі ляжыць доўгае яе педагагічнае і асабістае жыццё. Зрэшты, і адно і другое спляліся – не расплесці. Школа. Пасля — Аршанскае педвучылішча і філфак Магілёўскага педінстытута. Першае накіраванне на Лепельшчыну, у Зацякляссе, куды нават аўтобусы ў той час не хадзілі, толькі грузатаксі. Сарочынская школа на Ушаччыне. Пасля — двухгадовая камандзіроўка разам з мужам у Карэлію, у лясны пасёлак Гімалы, дзе Антаніна настаўнічала, а Мікалай працаваў у лясгасе. Зноў вяртанне на радзіму, дзе на той час уладкавацца настаўніцай было не так і проста. Вакантным аказалася месца настаўніцы рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Зялёны Востраў. А пасля Антані­ну Піліпаўну перавялі ў Вялікі Поўсвіж —  працавала настаўніцай, завучам, урэшце дырэктарам школы. Выхавала сабе змену. Яе былы вучань Аляксандр Міхно неўзабаве ўзначаліў школу. Вырасціла і дынастыю настаўнікаў. Дочкі — Галіна вучыць у Старым Лепелі, Вольга працуе намеснікам дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра, унучка Анастасія настаўнічае ў СШ №3.

 Завітаўшы да Антаніны Каралёвай, я ўбачыў у яе на стале свежы букет півоняў. Аказалася,  падарунак ад добрай сяброўкі. Трэба ж! Акурат сёння быў яе дзень нараджэння.

 — Нарадзілася на Пахома, — смяецца гаспадыня, — таму і агуркі ў мяне родзяць. Акурат у гэты шчаслівы дзень пяць гадоў таму я і ключы атрымала ад новай кватэры.

 Бясплатную двухпакаёўку Антаніна Піліпаўна атрымала замест знесенай яе хаты па вуліцы Савецкай. Хтосьці зайздросціць яе новаму “гарадскому” ладу жыцця, хтосьці шчыра радуецца і віншуе — розныя людзі. А сама так і не змагла забыцца пра сваю старую драўляную хату, дзе прайшла яе маладосць — зрабіла вялікі яе фотаздымак ды павесіла на сценку, прысвяціла хаце верш. Там, на Савецкай вуліцы яе маладосці, вакол было, падаецца ёй, болей народу. Многія яе бачылі, помнілі, паважалі. Тут, у пенсіянерскай кватэры, адкуль выходзіць палюбавацца родным горадам хіба на балкон, яна рада кожнаму званку, кожнаму госцю. Стасункаў стала меней. Хваробы хоць і звузілі яе жыццёвую прастору, але не прымусілі здацца — жыццё працягваецца.

 Уладзімір МІХНО.

 На здымку: Антаніна Піліпаўна Каралёва.

 Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>