Деревушка расположена сразу за большой Черейщиной на Лепельщине

img_0965 Пра вёску Уліцінкі чуў дзесьці калісьці краем вуха. Не адразу б змог сказаць, дзе канкрэтна яна знаходзіцца, спатрэбілася доўга разглядаць карту раёна. Вёсачка размешчана адразу за вялікай Чарэйшчынай, паміж двума населенымі пунктамі адлегласць не больш за пару соцень метраў.

Кніга “Памяць” паведамляе, што “Уліцінкі, вёска ў аграфірме “Белая Русь” Каменскага сельсавета. Знаходзіцца за 17 км на паўночны ўсход ад горада Лепель, каля возера Неградзь (Неграза). У 1906 г. невялікая вёска Уліцінкі Каменскай воласці Лепельскага павета, у якой было толькі 12 двароў, 111 жыхароў. На 1924 г. — 168 жыхароў. У 1997 г. у вёсцы Уліцінкі мелася 23 падвор’і, 42 жыхары”.
Такія маленькія вёсачкі раскінуліся па ўсёй Лепельшчыне. І кожная мае нейкія свае асаблівасці. Напрыклад, Юшкі стаяць у лесе на беразе рэчкі Свядзіцы, Захоціна, што за Ірынполлем, увогуле ледзьве не край свету, за ёй пачынаецца вялікі лясны масіў. А вось Уліцінкі стаяць амаль пасярод поля. Здаецца, няма там асабліва за што воку зачапіцца, аднак менавіта гэтае месца выбралі продкі, засялілі яго, апрацоўвалі зямлю, расцілі хлеб, гадавалі дзяцей.
Адкуль пайшла такая назва — Уліцінкі? Пакуль што ў пісьмовых крыніцах дакладнага адказу не сустрэў, ды і мясцовыя жыхары таксама гэтым пытаннем асабліва не задаюцца, жывуць сабе патроху. На думку аўтара, найбольш верагодным бачыцца паходжанне назвы ад рускамоўнага слова “улитка” — слімак, смоўж. Хаця, варта прызнаць, за тыя амаль паўдня, што праходзіў па вуліцы Уліцінак, ніводнага слімака не пабачыў. Людзі ж займаліся сваімі справамі, былі добразычлівымі, некаторыя нават гаваркімі.

Карэннае прозвішча

img_0985Карэннае ва Уліцінках прозвішча — Кулаковы. У сярэдзіне мінулага стагоддзя амаль усе жыхары вёскі насілі яго. Цяпер жа людзей з гэтым прозвішчам ва Уліцінках засталося няшмат. Вось што расказваў пра гісторыю свайго роду Віктар Канстанцінавіч Кулакоў:
— Наша радавое прозвішча не Кулаковы, а Кулакі. Захоўваю дома дакументы 1953 года, дзе мой дзед Міхалка (так яго ў вёсцы называлі) запісаны па прозвішчы Кулак. І яго сын, мой бацька, — таксама. А хто такія кулакі? Гэта найперш гаспадары на сваёй зямлі, старанныя працаўнікі. Старэйшыя расказвалі, што дзед Міхалка і яго бацькі валодалі амаль усёй навакольнай зямлёй.
Віктар Канстанцінавіч усё жыццё прысвяціў земляробскай працы, да самай пенсіі шчыраваў на трактары ў калгасе імя Тэльмана, сеяў і ўбіраў збожжа, вырошчваў бульбу, даглядаў жывёлу.
І зараз, нягледзячы на вельмі паважаны ўзрост, поўны сіл і жыццёвай энергіі. Сам ён жыве ў Чарэйшчыне, але мае ва Уліцінках бацькоўскую хату, куды перанёс пчальнік. Што такое пчалярская праца, вядома даўно. Гэты занятак патрабуе даволі шмат увагі і глыбокіх ведаў. Многія пчаляры старэйшага ўзросту маюць цэлыя бібліятэкі са спецыяльнай літаратурай, а маладзейшыя ў дадатак выкарыстоўваюць інтэрнэт. Вось і цяпер Віктар Кулакоў, выбраўшы з вулля некалькі рамак, вёз іх дахаты.
Пры пад’ездзе да Уліцінак дарога разыходзіцца на два бакі. Злева стаіць пара старых хат, а за імі — яшчэ чатыры новыя, узведзеныя пад час будаўніцтва аграгарадка. Там жывуць маладыя сем’і, якія, хутчэй за ўсё, на момант прыезду карэспандэнта былі на працы, таму дома дарослых не заспеў.

Тутэйшыя і прыезджыя

img_0982У старой частцы Уліцінак жывуць па большай частцы пенсіянеры. Уладзімір Чыстаў ішоў па вуліцы, высока трымаючы ў руцэ букет палявых кветак.
— Добры дзень. Што за гербарый?
— Прыгледзьцеся ўважлівей, гэта ж зверабой. Я яго высушу і буду выкарыстоўваць як заварку для чаю. Ужо даволі шмат гадоў не купляю ў краме чай, а карыстаюся дарамі прыроды, збіраю карысныя травы, сушу іх — і атрымліваюцца выдатныя напоі. І для здароўя карысней, і для кашалька эканомней.
— Чыстаў — не прыпомню такога лепельскага прозвішча…
— Яно і не лепельскае. Я мінчанін. Больш за 20 гадоў на Мінскім мотавелазаводзе. Адпрацаваў у ліцэйным цэху, на пенсію выйшаў у 50 гадоў і пасяліўся на Лепельшчыне. Жыў з жанчынай, якая нядаўна, на жаль, памерла. Цяпер адзін, дзеці ў Мінску, але пераязджаць туды не збіраюся, не хачу, прывык.
Прайшоў па сядзібе Уладзіміра Пятровіча — і цалкам пагадзіўся. Ну куды з’язджаць ад такой прыгажосці і ўтульнасці? Дом стары, але трывалы, дагледжаны, гаспадар не так даўно ўставіў пластыкавыя вокны, таму стала яшчэ зручней і ўтульней. Хаця з бягучага года на агародзе ўжо нічога не саджаў, аднак тэрыторыя падкошана, пустазеллем не зарастае.
— Аднаму мне агарод без патрэбы, — тлумачыць Уладзімір Пятровіч, — у прынцыпе пенсіі на жыццё мне хапае. Падтрымліваю парадак: дзе сам падкошваю, дзе прашу суседа з бензакасой.
На бліжэйшы час мужчына паставіў сабе задачу абнавіць агароджу перад хатай. Рабіць хоча не глухую, па цяперашняй модзе, а па-ранейшаму, са штыкетніку, каб сонца праглядвала.
Выйшаў на другую вуліцу. Уздоўж яе стаяць старыя драўляныя дамы, збудаваныя ў асноўным адразу пасля вайны і пазней. Вуліца нешырокая, я б нават сказаў, што вузкая, бо на ўсім працягу яе ледзь-ледзь могуць раз’ехацца дзве легкавыя аўтамашыны. А двум вялікім трактарам на такой вуліцы размінуцца будзе зусім праблемна. Магчыма, таму яны праз Уліцінкі і не праязджаюць, выбіраюць для аб’езду іншыя, больш шырокія палявыя дарогі. А ўліцінцам гэта і на карысць! Асфальт цудоўна захаваўся, няма на ім ямін і выбоін.

Вясковыя сады

Вуліца ўся патанае ў зеляніне. Ад сядзіб і хат амаль да асфальту падступаюць слівы, вішні, яблыні, бэз, ліпы. Месцамі складаецца ўражанне, што ідзеш па зялёным тунэлі. На такой вуліцы, дарэчы, вадзіцелю варта быць асабліва асцярожным і абачлівым.
Уліцінскія сады вартыя асаблівага ўпамінання. Як і амаль паўсюль на Лепельшчыне, да Вялікай Айчыннай вайны садоў у вяскоўцаў амаль не было, садоўніцтва стала развівацца ў пасляваенныя дзесяцігоддзі. Сяляне здабывалі саджанцы, многія навучыліся рабіць прышчэпы. Цяпер жа сады радуюць вішнямі, слівамі, яблыкамі і грушамі самых розных сартоў. Амаль кожны ўліцінец старэйшага веку, праводзячы па садзе, можа распавядаць пра кожнае дрэва, калі яно было пасаджана, як яго даглядалі, як пладаносіць. Напрыклад, Аляксандра Андрэеўна Аўтух як толькі выйшла замуж ва Уліцінкі, у першы ж год пасадзіла чатыры яблыні.
— Родам я з вёскі Двор Бабча, гэта тут, блізка, — успамінае жанчына. — Доўгі час працавала ў нашым калгасе імя Тэльмана ў паляводчай брыгадзе. Апошнія некалькі гадоў, каб атрымаць большую пенсію, даіла кароў. А хату гэтую яшчэ да жаніцьбы мой муж Анатоль пабудаваў, яны ў ёй з мамай жылі.
Аляксандра Андрэеўна жыве адна, сын Юрый у Лепелі. Маму не забывае, рэгулярна прыязджае, праведвае. Абавязак яго — насекчы дровы. Жанчына выпісвае іх у мясцовым лясніцтве папілаванымі, сын сячэ, а маці потым застаецца толькі скласці.
Дачка Вольга жыве ў Забароўі, а працуе побач, прадаўцом у краме ў Чарэйшчыне, таму мае магчымасць наведваць маму часцей.
— Няблага жывецца, усяго, здаецца, хапае, — кажа жанчына і скрушна дадае, — адно дужа непакоіць, што народ алкаголем злоўжывае, выпіваюць без меры…
Суседка з другога боку вуліцы Ганна Віктараўна Пятрова родам з Селішча, распавяла пра гісторыю сваёй сям’і:
— Мае бацькі Віктар і Марыя Лейчанкі пажаніліся і жылі спачатку ў Селішчы. Захацелі жыць асобна ад бацькоў, звярнуліся да начальства з просьбай аб выдзяленні зямельнага ўчастка пад хату. Кіраўніцтва тадышняга калгаса “Перамога” забараніла будавацца ў Селішчы і выдзеліла зямлю толькі ў Зацякляссі. Жылі мы там з бацькамі, потым і я, як замуж выйшла. Муж Ягор Аляксандравіч шмат гадоў адпрацаваў трактарыстам спачатку ў Зацякляссі, а потым у Стаях.
Ва Уліцінкі жанчына пераехала ў 2006 годзе, купілі з мужам дом, забралі маму Марыю Уладзіміраўну. Бядуе хіба трошкі з-за таго, што лес расце далекавата, каб па ягады ці грыбы выбрацца, трэба хвілін 10-15 на ровары ехаць, а ў Зацякляссі лес пачынаўся, лічы, адразу за агародам. Звярнуў увагу, што ў садзе сёлета шмат яблыкаў.
— А куды іх дзяваць? — са скрухай кажа суразмоўца. — Цана за іх зараз мізэрная, капеечная. Некалькі гадоў таму, памятаю, адбыўся непрыемны выпадак. Дамовілася з камерсантам, што ён прыедзе і прыме ў мяне яблыкі. Да агаворанага часу сабрала 46 мяхоў. Сабранае ўзважылі, загрузілі ў машыну. Каб не перасыпаць, мне ён аддаў свае мяхі. Я потым перагледзела — амаль усе яны аказаліся з дзіркамі. На выручаныя грошы я нават мяхі цэлыя купіць не змагла б — кругом у стратах засталася.

Бацькі і дзеці

Хата Яўгеніі Антонаўны Кулаковай прыгожая, дагледжаная, на двары збудавана невялікая альтанка. Госця перад дзвярыма сустракаюць старыя сабака і кот. Відаць, што яны выраслі разам, таму не кідаюцца адзін на аднаго, нават сябруюць.
— Коцік мой добры, мышэй ловіць, — хваліць любімца Яўгенія Антонаўна, — летась шмат шэрых шкоднікаў развялося, а сёлета — не відаць.
Працягвае:
— Гаспадар Леанід Паўлавіч у калгасе працаваў кавалём. Шкодная праца была, адназначна вам скажу. Як прыходзіў увечары з кузні — ад яго дыхаць не было чым. А ён жа ў тых умовах цэлымі днямі шчыраваў! Магчыма, таму і памёр зарана, 20 гадоў таму.
Нарадзілі і выхавалі чатырох дзяцей, двух сыноў і дзвюх дачок. Сын Сяргей чатыры гады таму трагічна памёр, Васіль прайшоў праз гарніла афганскай вайны.
— Завуць мяне дзеці да сябе на зіму жыць, а я не хачу. Ну як мне пакідаць маю хатачку!
А хата ў Яўгеніі Антонаўны сапраўды адметная. Вялікая, прасторная, гаспадар калісьці будаваў яе, укладаў усю душу. І ацяпляецца арыгінальна: топка на кухні ў трысцене, а шчыт — у жылых пакоях. Атрымліваецца, што дровы, попел, смецце застаюцца ў гаспадарчым памяшканні, а ў жылым — толькі чысціня і цяпло.
— Бядую хіба толькі з таго, што дровы ў лясніцтве можна набыць толькі папілаваныя, дома іх трэба яшчэ секчы, гэтым сын займаецца. Вось каб прадавалі адразу пасечаныя…
Даў жанчыне нумар гарпалівазбыту, прадпрыемства па дамоўленасці рэалізуе насельніцтву і пасечаныя дровы.
— Агарод у вас дагледжаны, толькі, бачу, бульбу і гуркі фітафтора нішчыць…
— Затое, глядзіце, хрэн ніякая хвароба не бярэ, бачыце, як лісты разрастаюцца! — парыравала з гумарам жанчына. — А ўвогуле, дзеці мне ўшчуваюць, кажуць, каб не займалася агародам, маўляў, толькі стамляеш сябе, мы табе і так прывязём усё, што трэба. А я не магу, трэба, каб хоць пара градак была зроблена.
Анатоля Голубева застаў за працай, мужчына на тачцы перавозіў пасечаныя дровы. Яго тата быў родам з Кубані, а мама — мясцовая. Анатоль Іванавіч і сам шмат гадоў аджыў на поўдні Расіі, сюды пераехаў у 2005 годзе. І, хаця сам ужо пяць гадоў як на пенсіі, усё ж працуе, даглядае цялушак у ААТ “Чарэйшчына”. Гаспадарка выдзеліла яму дом, і зараз мужчына займаецца зборам дакументаў для прыватызацыі. “Сваё ёсць сваё”, — падводзіць рысу мужчына.
Анатоль Іванавіч разам з жонкай Людмілай Аляксандраўнай трымаюць неблагую гаспадарку, на двары падаюць голас куры, качкі, раней трымалі яшчэ і авечак.
Звярнуў увагу, што на двары каля дома расце маладая сасна. Спытаў, адкуль такая прыгажосць?
— Сам прынёс з лесу і пасадзіў, — адказаў суразмоўца, — сад з яблынямі, вішнямі, слівамі ёсць — захацелася і дэкаратыўнае дрэва.
Варта заўважыць, што ва Уліцінках расце даволі шмат старасвецкіх, векавых дрэваў. Уздоўж вуліцы раскінулі свае шаты ліпы, якіх нават удвух не абхапіць у камлі. На краі вёскі расце вялізны ясень, а ў некаторых дварах дамінуюць над усім наваколлем векавыя дубы. Хто, калі іх пасадзіў — ніводзін вясковец так і не змог даць адказу. Распавядалі, што памятаюць, калі самі былі малымі, дрэвы ўжо былі вялікімі, вышэй за ўсе хаты.

Сведка ваеннага ліхалецця

img_1017Апошняй суразмоўцай стала старэйшая жыхарка Уліцінак Таццяна Кірылаўна Манух, да замужжа — Чэкліна. Жанчыне зараз 89 гадоў. Яна перажыла вайну, добра памятае акупацыю. Яе брат Васіль падаўся ў партызаны. Баючыся помсты з боку паліцаяў, сям’я ўцякла з вёскі, хаваліся ў лесе, не сядзелі на месцы, пастаянна пераязджалі. Пад час апошняй карнай аперацыі і блакады загінулі брат і мама Ганна Макараўна.
Таццяна Кірылаўна, нягледзячы на свой узрост, не сядзіць склаўшы рукі, нават трымае каня Лыску.
— Зараз травы на полі шмат, ёсць дзе навязаць, а сена на зіму нарыхтаваць мне дапамагаюць.
Калі толькі прыехаў ва Уліцінкі, вузенькая вуліца была амаль пустая, адзінокія вяскоўцы праходзілі зрэдку. Як выязджаў, некалькі вясковых жанчын, сабраўшыся на лавачцы перад хатай, вялі гутарку, абмяркоўвалі апошнюю падзею — прыезд карэспандэнта.
Васіль МАТЫРКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>