По количеству населения Боровский сельсовет занимает первое место в районе

img_0626

Старшыня Бароўскага сельвыканкама Валерый Кляшторны абмяркоўвае план работы з кіраўніком справамі

Па колькасці насельніцтва Бароўскі сельскі Савет займае першае месца ў раёне. На яго тэрыторыі пражывае дзве тысячы 978 грамадзян. Усе яны з’яўляюцца жыхарамі вёскі Бароўка. Добраўпарадкаванне населенага пункта, дапамога ў вырашэнні сацыяльных, бытавых праблем грамадзян — гэтае і многія іншыя пытанні знаходзяцца ў полі зроку кіраўніка сельвыканкама. Як наладжана работа ў гэтым накірунку, пойдзе наша размова ў інтэрв’ю са старшынёй Бароўскага сельвыканкама Валерыем Кляшторным.

— Валерый Віктаравіч, безумоўна, асноўнай задачай органаў мясцовага кіравання з’яўляецца вырашэнне пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва. Раскажыце, калі ласка, аб рабоце ў гэтай галіне.
— З мэтай паглыблення статуса сельвыканкамаў створаны Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб павышэнні ролі органаў мясцовага кіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва”. Гэты Указ значна паглыбіў адказнасць мясцовых органаў самакіравання перад людзьмі, прадаставіў права больш самастойна прымаць рашэнні па ўзніклых праблемах.
Сёлета адбылося шэсць пасяджэнняў сельвыканкама, на якіх былі разгледжаны разнастайныя пытанні, што датычацца асноўнай дзейнасці ўсіх структурных падраздзяленняў, размешчаных на тэрыторыі сельскага Савета. Так, у студзені на пасяджэнні сельвыканкама было разгледжана пытанне “Аб стане работы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, выкананне адміністрацыйных працэдур па заяўным прынцыпе “Адно акно” ў Бароўскім сельвыканкаме за 2017 год”. У лютым на пасяджэнні сельвыканкама былі абмеркаваны вынікі агляду супрацьпажарнага стану домаўладанняў грамадзян, аб’ектаў з масавым знаходжаннем людзей, а таксама арганізацыя прафілактычнай работы з насельніцтвам па папярэджанні пажараў і гібелі на іх людзей. Аб рабоце ўстаноў адукацыі на тэрыторыі сельсавета па выхаванні дзяцей і моладзі ў плане захавання правілаў і норм паводзін у грамадскіх месцах вялася размова ў сакавіку. Тэме рэалізацыі плана мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на землях Бароўскага сельсавета на бягучы год было прысвечана пасяджэнне сельвыканкама ў красавіку. Стан воінскага ўліку ў Бароўскім сельвыканкаме і арганізацыях, размешчаных на тэрыторыі сельсавета быў разгледжаны ў маі. Аб рэалізацыі суб’ектамі прафілактыкі мерапрыемстваў, накіраваных на забеспячэнне занятасці непаўналетніх у перыяд летніх канікул, вялася размова ў чэрвені.
img_0623У сельскім Савеце стала добрай традыцыяй у пачатку года сумесна з работнікамі кіравання па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама праводзіць абследаванні ўмоў пражывання адзінокіх пажылых грамадзян, шматдзетных сем’яў. Па выніках абследавання складаецца план мерапрыемстваў, які ажыццяўляецца ў кароткі тэрмін. У свой час былі заменены электрычныя разеткі, выключальнікі ў кватэры адзінокай пажылой жанчыны Галіны Раманавай. Работа па абследаванні ўмоў жыцця адзінокіх пажылых грамадзян працягваецца і ў цяперашні час.
— Кожны раз пры наведванні вёскі Бароўка звяртаю ўвагу на акуратныя дамы, прыгожыя пышныя клумбы, парадак і чысціню. Тэрыторыю сярэдняй школы ўпрыгожваюць алеі маладых дрэўцаў. Як бачна, рабоце па добраўпарадкаванні ўдзяляецца шмат увагі…
— Гэта сапраўды так. Добраўпарадкаванне з’яўляецца адным з галоўных накірункаў нашай работы. У гэтай галіне мы цесна супрацоўнічаем з сярэдняй школай, арганізацыямі і ўстановамі, размешчанымі на тэрыторыі сельсавета.
Так, у мінулым годзе, напярэдадні 90-годдзя стварэння піянерскай арганізацыі на тэрыторыі школы вучнямі, настаўнікамі і работнікамі сельвыканкама было пасаджана 90 маладых дрэўцаў. На школьнай тэрыторыі былі абноўлены лаўкі, устаноўлены арэлі. Пры фінансавай падтрымцы ваеннай часці №73498 у прыбярэжнай зоне ўстаноўлена новая альтанка. У будучым тут плануецца ўстанавіць кабіну для пераапранання,арэлі і лавачку.
Перыядычна ў вёсцы Бароўка вядзецца ямачны рамонт.
Сёлета завершаны капітальны рамонт дома №10, што знаходзіцца насупраць будынка сярэдняй школы, запланаваны капітальны рамонт дома №5/2. У раёне выселак плануецца будаўніцтва новага 60-кватэрнага дома для грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні ўмоў жылля. Працягваецца будаўніцтва новага корпуса КУП “Дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Жамчужына”. Работнікі ўстаноў і арганізацый, размешчаных на тэрыторыі Бароўскага сельсавета, сочаць за парадкам на замацаваных тэрыторыях, даглядаюць клумбы. Жыхары дамоў наводзяць парадак ля пад’ездаў. Да таго ж мясцовыя жыхары актыўна ўдзельнічаюць ва ўсіх суботніках.
— Не менш важным аспектам з’яўляецца і работа гандлю…
— На тэрыторыі сельсавета размешчана дастаткова гандлёвых аб’ектаў, якія могуць задаволіць патрэбы пакупнікоў. Прадукты, тавары паўсядзённага попыту можна набыць у гандлёвых кропках філіяла “Ваенсэрвіс” РУП “Гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны”. Два прадпрыемствы размешчаны на тэрыторыі вёскі Бароўка і адзін — на тэрыторыі ваеннага санаторыя. Да таго ж у Бароўцы дзейнічае пяць гандлёвых аб’ектаў Лепельскага райспажыўтаварыства, адзін — філіяла “Лепельскі МКК” ААТ “Віцебскі мясакамбінат”, адзін — ТАА “Вітконпрадукт”, працуе два кіёскі “Белсаюздруку”. Вялікі асартымент тавараў прадстаўлены таксама ў магазінах індывідуальных прадпрымальнікаў.
— Валерый Віктаравіч, якім чынам вядзецца медыцынскае абслугоўванне грамадзян?
— Комплекс неабходных медыцынскіх паслуг прадстаўлены ў Бароўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі, дзе працуюць урач агульнай практыкі, стаматолаг, фельчар, педыятр, фельчар-лабарант, фельчар агульнай практыкі, акушэрка, медсёстры і г.д. У амбулаторыі вядзецца абслугоўванне не толькі бараўчан, а і жыхароў бліжэйшых вёсак.
— Раскажыце, калі ласка, аб рабоце з няўдалымі сем’ямі.
— На ўліку ў сельвыканкаме — тры сям’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. З усімі імі праводзяцца сустрэчы, вядуцца прафілактычныя гутаркі. На савеце грамадскага пункта аховы правапарадку і прафілактыкі пры Бароўскім сельвыканкаме разглядаюцца асобы, схільныя да ўжывання спіртных напояў, сямейныя скандалісты.
Прыемна адзначыць, што добраахвотная народная дружына сёлета прызнана адной з лепшых у вобласці. Асабіста мне была ўручана Ганаровая грамата начальніка Лепельскага РАУС Аляксандра Дуранава за актыўны ўдзел у рабоце па забеспячэнні аховы грамадскага парадку.
— Вельмі прыемна, што ў Бароўцы праводзіцца шмат культурных мерапрыемстваў. І пажылыя, і моладзь маюць магчымасць цікава і змястоўна праводзіць свой вольны час.
— Многія культурныя мерапрыемствы ў Бароўцы становяцца яркай, запамінальнай падзеяй і заўсёды збіраюць шмат гледачоў. Незабыўнай падзеяй стала сёлетняе святкаванне Купалля. Сцэнарый свята на беларускай мове напісала работнік Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу Алёна Матузава. Шмат гасцей сабрала раённае маладзёжнае свята “Белыя росы”, якое сёлета адзначыла свой 25-гадовы юбілей. Заўсёды запамінальным становіцца святкаванне Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і Дня Перамогі. Мітынгі, канцэрты да святаў рыхтуюць вучні сярэдняй школы пры падтрымцы работнікаў культуры. Пастаяннымі ўдзельнікамі святаў становяцца юныя выхаванцы філіяла дзяржаўнай установы дадатковай адукацыі “Лепельскі раённы цэнтр дзяцей і моладзі”, якія рыхтуюць да святаў цудоўныя выставы.
Вельмі палюбіліся гледачам выступленні ўдзельнікаў вакальнай групы “Сударушка” пры аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ДУ “ТЦСАН Лепельскага раёна” пад кіраўніцтвам Ніны Бяздзенежных. Шмат прыемных уражанняў у прыхільнікаў самадзейнага мастацтва пакідаюць спевы ўдзельнікаў вакальнай групы “Аколіца” Бароўскага Цэнтра культуры і вольнага часу.
Кожны год у Бароўскім цэнтры культуры і вольнага часу з удзелам Уладзіміра Кажаноўскага, настаяцеля храма іконы Божай Маці “Неўпівальная чаша”, праводзяцца дабрачынныя велікодныя кірмашы. У мінулым годзе сродкі, сабраныя ў час кірмашу, былі накіраваны ў аддзяленне кругласутачнага знаходжання састарэлых “Святліца” дзяржаўнай установы “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага асблугоўвання насельніцтва”, а сёлета іх атрымалі сем’і Лепеля, якія пацярпелі ад пажараў.
Сёлета салдаты тэрміновай службы, якія былі прызваны на службу ў часці Заслонаўскага гарнізона, упершыню ўрачыста давалі прысягу на вернасць Радзіме ля будынка Бароўскага цэнтра культуры і вольнага часу. Пабачыць гэту падзею атрымалі магчымасць многія жыхары і госці Бароўкі. Такія мерапрыемствы папулярызуюць службу ва Узброеных Сілах.
Як і ў папярэднія гады, сёлета мы рыхтуемся прыняць удзел у святкаванні Дня горада — рыхтуем падвор’е сельсавета, на якім будуць прадстаўлены непаўторныя вырабы нашых майстроў, госці змогуць пачаставацца свежаспечанымі пірагамі і паслухаць цудоўныя спевы нашых вакалістаў.
Безумоўна, у цэнтры ўвагі нашай работы з’яўляецца чалавек, яго жыццёвы дабрабыт. Мы працуем дзеля таго, каб для бараўчан, сярод якіх нямала перадавых работнікаў у розных галінах, былі створаны выдатныя ўмовы жыцця, каб кожны з мясцовых жыхароў адчуваў клопат і падтрымку з боку мясцовай улады.
— Вялікі дзякуй, Валерый Віктаравіч, за змястоўнае інтэрв’ю.
Інтэрв’ю правяла Святлана ВАЗНЯК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>