Все работники в цеху были одеты в специальную одежду — белые халаты и комбинезоны,

img_9344Мэтай чарговага рэйда пра прадпрыемствах і арганізацыях раёна стала выкананне ўмоў працы ў час спёкі. Не сакрэт, што летам умовы працы на некаторых месцах могуць напамінаць парылку, гарачы цэх, і працяглае ўздзеянне можа самым негатыўным чынам адбіцца на здароўі працаўнікоў. Многія могуць прыпомніць выпадкі, калі работнікі, здаровыя мужчыны, самлелі ад духаты і спёкі.
— Таму важна цяпер наладзіць спрыяльныя, зручныя ўмовы на працоўных месцах, — заўважае памочнік урача-гігіеніста райЦГЭ Наталля Тарасава. – Вядома, гаворка пра кандыцыянеры і асвяжальнікі паветра ў вытворчых і рамонтных цэхах не вядзецца, аднак вентыляцыю, прыток свежага паветра забяспечыць трэба. Як і даступнасць чыстай пітной вады. Гэта элементарныя патрабаванні.
На мехдвары адкрытага акцыянернага таварыства “Лядна” ў вочы адразу кінулася чысціня і парадак, асфальт падмецены, трава падкошана, тэхніка – некалькі глебаапрацоўчых агрэгатаў — выстаўлена роўным шэрагам. Людзей амаль няма, толькі адзін слесар завіхаўся ў майстэрні. На мехдвары засталіся запраўшчык ды работніцы бухгалтэрыі.
На тэрыторыі рамонтна-механічнай майстэрні ААТ “Чарэйшчына” таксама парадак. Спраўная тэхніка стаіць у радзе, няспраўная – рамантуецца ў майстэрні. Хаця ў адным месцы было заўважана бытавое смецце, выкінулі некалькі пустых пачкаў з-пад цыгарэт і брудную замасленую анучу.
У самой майстэрні, як і ў лядненскіх суседзяў, прахалода, тэмпература зручная для працы, у кране ёсць вада. Вадзіцелі Пётр Казлоўскі і Аляксандр Чарныш збіраліся рабіць антыкаразійную апрацоўку толькі што заваранай кабіны МАЗа.
Наступным аб’ектам сталі рамонтныя майстэрні дарожна-будаўнічага ўпраўлення №34. Першае, што кідаецца ў вочы — чысціня. Сцены, столь, жалезабетонныя канструкцыі пабелены.
На месцах для рамонту стаялі ГАЗэль, экскаватар Hynday, франтальны пагрузчык МТЗ. Вакол іх таксама ўсё было падмецена, нідзе не валяліся брудныя анучы, не было пацёкаў машыннага масла.
У такарным цэху таксама чыста, падмецена. Уздоўж сцяны звараны сцелажы, на якіх у пэўным парадку і паслядоўнасці раскладзены інструменты, загатоўкі, метал. Побач, у кутку шафы для пераапранання, стол і табурэты.
— Ці маеце медыцынскую аптэчку? – звяртаецца Наталля Тарасава да токара Уладзіміра Плескача.
— А як жа! – адказвае той і дастае яе з шафы. Камплектнасць поўная.
— Ці часта даводзіцца карыстацца?
— Дастаю хіба раз на месяц, і тое не сабе. Забягаюць часам хлопцы, хто па бінт, заматаць парэз на пальцы, хто па таблетку. Апошнім разам, здаецца, напрыканцы вясны папрасілі ў мяне таблетку анальгіну. А калі штосьці больш сур’ёзнае – звяртаемся да медыкаў. Але гэта ўжо зусім рэдкасць, не прыпомню, калі было апошнім разам.
Па суседству рамонтныя цэхі аўтатранспартнага прадпрыемства №14. Па іх рэйдавую брыгаду праводзіў дырэктар Міхаіл Казімірчык. У цэху на ямах сталі два аўтобусы. Адзін, як патлумачылі рабочыя, спісаны і зараз разбіраецца, спраўныя дэталі і запчасткі ідуць на склад, няспраўныя – у металалом.
— У мінулым годзе мы правялі сур’ёзную рэканструкцыю рамонтнага цэха, — кажа Міхаіл Мікалаевіч, — уклалі больш за мільярд рублёў, столькі ж прыблізна каштуюць два новыя аўтобусы. Затое цалкам перарабілі дах. Пагадзіцеся, нашмат зручней займацца рамонтам, калі за каўнер не цячэ зверху, па падлозе не расцякаюцца лужыны. Адразу стала цяплей зімой. Калі на вуліцы стаялі трыццаціградусныя марозы, у цэху тэмпература не апускалася ніжэй за пяць градусаў цяпла. Па крайняй меры вада не замярзала. На ноч мы заганялі ўсю тэхніку сюды, і раніцай аўтобусы і машыны без праблем запускалі рухавікі і выязджалі на лініі.
Зайшлі і на станцыю тэхнічнага агляду. Там, дарэчы, было непрывычна пуста, двое работнікаў наводзілі парадак, падмяталі падлогу. Начальнік станцыі Вячаслаў Машара патлумачыў:
— Нядаўна чарговая машына праехала. Не будзем жа сядзець у пыле і пяску, пакуль прыбудзе наступная, падмяцём. Увогуле, з колаў насыпаецца шмат бруду, пара машын – і зноў трэба наводзіць парадак.
На другім баку трасы размясціўся аўтасэрвіс індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Парахонькі. Падыходзім да ўваходных дзвярэй. Злева месца для курэння, лавачка, урна. Смецце і недакуркі не раскіданы. У цэху таксама чысціня. Рабочыя працуюць каля дзвюх машын, рыхтуюць іх да фарбавання.
Фарбы, растваральнікі, шпаклёўкі і іншыя расходныя матэрыялы, вядома, маюць спецыфічны пах. Аднак у дадзеным цэху наладжана добрая сістэма вентыляцыі.
Усе работнікі ў цэху былі апрануты ў спецыяльнае адзенне – белыя халаты і камбінезоны, нібыта медыкі, усе таксама забяспечаны рабочымі пальчаткамі, рэспіратарамі.
Памочнік урача-гігіеніста райЦГЭ Наталля Тарасава зазначыла:
— На агледжаных прадпрыемствах, вытворчых аб’ектах у асноўным парадак. Створаны прымальныя ўмовы для працы ў летнюю спёку, наладжаны прыток свежага паветра, у свабодным доступе пітная вада. Работнікам выдаецца спецвопратка, яны забяспечаны належным інструментам. Вядома, не ўсюды карціна ідэальная, заўважаны некаторыя недахопы, але яны не крытычныя, значнага негатыўнага ўплыву на ўмовы працы не аказваюць.

Рэйдавая група:
Наталля ТАРАСАВА,
памочнік урача-гігіеніста райЦГЭ,
Сяргей МАКАРСКІ,
спецыяліст па ахове працы райвыканкама,
Васіль МАТЫРКА,
карэспандэнт.
Фота В. МАТЫРКІ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>