Школу она закончила с золотой медалью

img_9279Іншыя пачуваюць сябе камфортна паўсюль, куды б ні закінула жыццё. У іх свае крытэрыі: дастатак, сям’я, перспектывы на службе. А іншым гэтага недастаткова для душэўнага камфорту, а то і не абавязкова. Ім, бачыце, падавай свой куточак, да якога часцей усё жыццё вельмі прывязаны і ў якім пусцілі глыбокія карані. Падавай, хай сабе нават і непрэстыжную, але родную мову, любімую працу, з якой маюць не столькі матэрыяльныя выгоды, колькі маральнае задавальненне. Адны – прагматыкі, другія – рамантыкі. Першых болей і ў іх усё ў жыцці атрымліваецца, яны “ўмеюць жыць”, другіх жа значна меней, як правіла, яны лічацца дзівакамі, аднак, самі ад гэтага не пакутуюць, ім менавіта так камфортна, хаця і значна цяжэй жыць.
Да якой катэгорыі – да рамантыкаў, ці прагматыкаў – адносіцца чалавек, пра якога збіраюся распавесці, меркаваць чытачу. А я тым часам шчыра распавяду тое, што пра яго ведаю.
Пад час нашай мінулай сустрэчы з Жаннай Карусевіч нам абодвум было, як кажуць, не па сабе. Я не ведаў, што ёй сказаць. Трэба было, напэўна, сказаць нешта разважлівае і падтрымаць чалавека, які апынуўся на раздарожжы. А што тут разважыш, як падтрымаеш? У яе жыцці вось-вось павінен быў адбыцца круты паварот. Школа, у якой яна так доўга і плённа працавала, церпіць рэструктурызацыю. Трэба шукаць новую працу – і ёй, і мужу. Хоць ты мяняй месца жыхарства ды выязджай з Баброва, дзе ўжо прыжыліся, асвоіліся. Шчыра кажучы, тут не пазайздросціш. Не ведала і яна, што мне сказаць. Не самы прыдатны час для размовы.
Гэтай сустрэчы і гэтым нататкам трэба было адбыцца раней. Аднак я чамусьці ўсё цягнуў, адкладваў. Далей адкладваць было ўжо нельга, і я паявіўся ў Баброве, бо лічыў сваім абавязкам расказаць пра гэтага годнага цікавага чалавека.
Цікава, што мы знаёмы так даўно, а пагутарыць грунтоўна, няспешна, шчыра не ставала ўсё часу. Мы знаёмыя ажно з таго часу, калі мой сябар Валера Тухта яшчэ вучыўся ў Горскай школе, а Жанна Віктараўна была яго класным кіраўніком. Яшчэ ў іх класе вучыўся Андрэй Бародзіч. Хлопцы даўно павыраслі, у Валерыя вунь колькі ўжо педагагічнага стажу, кніжкі свае выдае. Андрэй узначальвае Лепельскі лясгас. Добрыя, разумныя хлопцы – першая яе педагагічная ўдача. Цікава, ці ўспамінае Жанна Віктараўна пра той свой першы выпуск?
-2-
Памятаю яе ў Горках. А потым нашы сцежкі неяк разышліся, у яе была свая праца, у мяне свая. І сустрэліся зноў, калі я прыйшоў на працу ў нашу “раёнку”. Гэта была даволі нечаканая сустрэча. Жанна працавала намеснікам дырэктара ў Баброўскай школе. Я шмат пішу пра школы, пра выхаванне, і нам давялося, як кажуць, творча супрацоўнічаць. Працаваць з гэтым чалавекам было адно задавальненне. Прыемна здзіўляла яе надзвычайная адказнасць, дасведчанасць ва ўсіх школьных справах і – творчы падыход. Пра такіх, як Жанна Карусевіч, кажуць – чалавек на сваім месцы. Такія, як Жанна Віктараўна, педагогі “са знакам якасці”. Бо яны вельмі прывязаны да дзяцей, шчыра іх любяць і паважаюць. А наколькі важна для настаўніка любіць і паважаць дзяцей, казаць не прыходзіцца. Дзеці – як лакмусавая паперка прафесійных якасцяў педагога. Перад імі не схібіш і не прыхарошышся. Падлеткі “раскусваюць” настаўніка ўжо пры першай сустрэчы і такім ён і застаецца ў іх вачах назаўсёды. Адных паважаюць, другіх баяцца і ненавідзяць, з трэціх пацвельваюцца і не ставяць ні ў грош. Жану Карусевіч дзеці любяць і глыбока паважаюць, бо яна і сапраўды чалавек, варты павагі.
Ведаючы, як педагога, я можа меней ведаў яе як маці, як гаспадыню. Мы ўсё за справамі, за справамі, пра асабістае ж ніколі і не гаварылі – рукі не даходзілі. І таму я нават не ведаў, што сама яна не тутэйшая, а з Магілёўшчыны. Вельмі ж гарманіруе яе натура з паняццем аселасці. Аказалася, Жанна не з тых, хто ўвесь час жыве на адным месцы.
Бацькі пазнаёміліся ў Віцебску, дзе маці вучылася ў педагагічным, а бацька – у ветэрынарным інстытутах. А пасля паехалі на бацькаву радзіму на Быхаўшчыну. Там у Грудзінаўцы маці працавала настаўніцай хіміі і біялогіі, а бацька быў ветэрынарным урачом. Жанна кажа, што бачылася з татам мо раз у суткі, настолькі ён быў заняты. У кожнай вёсцы была ферма, а ён на ўвесь калгас адзін.
Бацькі былі надзвычай адказнымі людзьмі, што, напэўна, перадалося і дачцы. Яны былі камуністамі. І Жанна гэтым ганарыцца, кажа – усе б былі гэткімі камуністамі! І любіць паўтараць бацькаў лозунг: “Няма такіх перашкод, якія б не пераадолелі бальшавікі”.
Школу яна закончыла з залатым медалём. Вядома ж, не таму, што была настаўніцкай дачкою. Маці ўвогуле працавала ў іншай – у санаторскай школе-інтэрнаце. Там вельмі прыгожыя мясціны – стаяў маёнтак графіні Талстой, дальняй сваячкі вядомага пісьменніка. Вялікае возера і прыгожы парк у выглядзе дзвюх літар – “ХТ” (Харытон Талстой). Дзяўчынка паступіла на рускі філфак Магілёўскага педінстытута. Вучыцца было цікава, група моцная. Сем чалавек закончылі з чырвонымі дыпломамі. Ездзілі і ў калгас на лён – вязалі, грузілі, вазілі здаваць.
Так атрымалася, што апошні год і вучылася, і працавала ўжо. У нашай Горскай школе пяць гадоў выкладала беларускую мову. Вось тады мы і сустрэліся ўпершыню.
-3-
Першы шлюб быў няўдалым. Пераехала ў Баброва, дзе ўжо тым часам жылі бацькі. Маці выкладала ў пачатковых класах, а бацька, зноў жа, быў галоўным ветурачом гаспадаркі. Спаткала мясцовага хлопца Васіля Карусевіча, пажаніліся, купілі дом у Баброве. Нейкі час вялі фермерскую гаспадарку сумесна з яго бацькамі. Ды і зараз ёсць трактар і нават камбайн, сеюць збожжа, бульбу. Праўда, у гаспадарцы засталіся хіба што куры. Часу няма на гаспадарку: яна ў школе, увесь час дзецям аддае, і ён таксама ў школе – рабочым.
Вось толькі на любімыя кветкі Жанна часу не шкадуе. І квітнеюць у палісадніку ў Карусевічаў ірысы, цвітуць півоні, шмат сартоў лілій, лілейнікі.
З асаблівай цеплынёю распавядае маці пра ўласных дзяцей. У іх два хлопчыкі: Максім у пятым, Слава ў шостым. Большы ад таты не адыходзіць, мрояцца яму трактары, марыць як найхутчэй правы атрымаць. А ўвогуле, казаў, будзе ваенным урачом, мае свайго хамячка Сонечку. А старэйшы і зусім – юны натураліст. У яго свая маленькая гаспадарка, дзе хораша пачуваюць сябе тры каты, сабака, кітайскія шаўковыя куры, чарапаха. А яшчэ хлопчык лепіць дні і ночы. Маленькі скульптар-самавучка.
У школе ў Славы з Максімам ўсе прызы і ўсе дыпломы. Ніводнага школьнага мерапрыемства не прамінуць.
Вельмі любяць Карусевічы падарожнічаць. Кожны год яны ўсёй сям’ёю ў вандроўках па Беларусі. Былі ў Дудутках на фестывалі “Наш Грунвальд”. Любаваліся начным боем на “Лініі Сталіна”. Дзеці былі ў захапленні. Мінулы год ездзілі ў Сулу, што за Дзяржынскам. Каталіся на караблі вікінгаў, ласаваліся сульскім блінам, вялікім, з малінамі, прама з агню. Дзеці каталіся вярхом на кані, скакалі праз вогнішча. Былі таксама ў Міры і Нясвіжы. На Валожыншчыне наведалі фестываль “Залатая шпора”.
Дык хто яны, Карусевічы – рамантыкі ці прагматыкі? Меркаваць вам. Скажу толькі, што гэтая сям’я прагне жыць не столькі багата, колькі цікава. І ў адначассі Карусевічы ствараюць свой непаўторны свет, у якім ім хораша і добра тым, хто побач. А такога свету не бывае без зямлі сваёй, роднага кутка, роднай мовы – “таго, што лягло назаўсёды ў аснову святыні народа…” І такое іх імкненне да арыгінальнага, адметнага, свайго выклікае павагу.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: Жанна Віктараўна Карусевіч.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>