Духмяныя пракосы

— Што ад нас, трактарыстаў, на касавіцы можа залежыць? — перапытвае Мікалай Дзёмка, і тут жа адказвае: — Толькі жалеза. За гатоўнасць і надзейную працу трактароў і ўсіх агрэгатаў мы адказваем, былі б толькі запчасткі. Дарэчы, з камплектуючымі апошнім часам няма ніякіх праблем, па заяўках наша кладаўшчыца выдае і рамяні, і грабліны, і падшыпнікі — словам, усё, што трэба, толькі працуйце. Ад нас не залежыць надвор’е. Заліе зямлю нябесная канцылярыя — пра якую

нарыхтоўку сена можна гаворку весці? Хіба што пра сянаж. Дачакаўшыся пагодлівых дзён, працаўнікі СВП “Пражэктар” дружна выехалі на нарыхтоўку сена. Зладжаным звяном працуюць трактарысты Мікалай Дзёмка і Віктар Цыганоў.

— Вы з гэтымі граблямі працуеце? — пытаю ў Мікалая Аляксанравіча.
— Не, мая тэхніка — прэс-падборшчык. Я проста дапамагаю мяняць рамяні.
Неўзабаве падышоў і Віктар Васільевіч. Мужчыны спрытна скінулі рэмень з агрэгата і пачалі на яго месца ўстанаўліваць новы. Рэмень даўгі, больш за сем метраў, нацягваецца на чатыры шківы, але трактарысты ўправіліся хутка. Другі быў таксама не ў лепшым стане, пачалі мяняць і яго. Віктар Цыганоў між тым расказваў:
— Гэтым граблям ГВР-6 больш за 15 гадоў, напэўна, самыя старыя ў раёне. Паўсюль працуюць на навейшых мадэлях. У нас таксама такія ёсць, але пры належным доглядзе і ГВР-6 могуць працаваць доўгія гады, толькі своечасова мяняй расходныя матэрыялы: рамяні, падшыпнікі, грабліны.
— Памятаю, у 90-ых — першай палове 2000-ых гадоў была праблема з якасцю запчастак і камплектуючых.
— Так, памятаем тыя гады і тыя запчасткі. Рамяні на граблях і сезона не адпрацоўвалі, расслойваліся, рваліся. У выніку даводзілася купляць яшчэ і яшчэ. Атрымлівалася, як у той прымаўцы пра скнару, які плаціць двойчы. Аднак у апошнія гады нараканняў на запчасткі і расходныя матэрыялы менш. Вось гэтыя рамяні, якія сёння мяняем, адпрацавалі сезонаў з пяць, надышоў іх час.
— Вось вы замянілі рамяні. Зараз можна выязджаць у поле?
— Можна. Але навошта? Цяпер — дзявятая гадзіна раніцы, травы пакрыты расой, сена — сырое ад зямлі. Няхай яго сонейка прагрэе, ветрык прашургае, а дзесьці бліжэй да адзінаццаці гадзін можна і з граблямі ехаць, варушыць. І толькі ў поўдзень час будзе выязджаць прэсу. Скруціш у рулон сырое сена — яно згніе.
— Вялікі аб’ём працы за дзень адольваеце?
— З граблямі варушу скошаныя травы на васьмі — дзесяці гектарах, — адказвае Віктар Цыганоў. — Можна было б і больш, але — калеі. Увесну, калі зямля была мокрая, пад час падкормкі тукамі трактары на палях нарэзалі слядоў, так што асабліва не разгонішся. Хаця пры добрым полі за дзень можна абысці і дзесяць, і пятнаццаць гектараў, да дваццаці нават.
— А я за дзень скручваю да 100 — 120 рулонаў сена, — далучаецца Мікалай Дзёмка. — На саломе болей — да 300 рулонаў за дзень, але там іншая маса. Добра працуецца, толькі б надвор’е не падвяло, як учора. Выехалі на поле, ды раптам неба хмарай зацягнула, маланка бліснула…
— Калі не сакрэт, якія заробкі на касавіцы ў “Пражэктары”?
— Не сакрэт, — прызнаецца Віктар Васільевіч. — За апошні месяц я атрымаў на рукі два з паловай мільёна рублёў.
— А я — чатыры мільёны, — адказвае Мікалай Аляксандравіч. — Заробак залежыць ад віду работ. Між іншым, ёсць трактарысты, якія зарабляюць і больш. Я ж заробкам задаволены, мне хапае.
Васіль МАТЫРКА.
На здымку: Мікалай Дзёмка і Віктар Цыганоў мяняюць рэмень на граблях.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>