Веселая лепельская компания, гармонь звонко играет, девушка в слезах

img_9257

Сэлфі на памяць з салдатам.

 Вясёлая кампанія, гармонік звонка грае, дзяўчына ў слязах — такая прыблізна карціна назіралася ў савецкія часіны ля ваеннага камісарыята пад час адправак маладога папаўнення ў армію.

— Ці гучыць гармонік цяпер? — пытаюся ў начальніка аддзялення прызыву ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў маёра Дзмітрыя Заікіна.
— На змену гармоніку зараз прыйшлі мабільныя тэлефоны і кампактныя калонкі. З гэтых прыстасаванняў “Развітанне славянкі” гучыць тут перыядычна. Пад час мінулага прызыву, напрыклад, выпраўлялі ў войска двух хлопцаў з дома паблізу, па вуліцы Інтэрнацыянальнай. Іх праводзіла кампанія каля пятнаццаці чалавек — музыка са смартфонаў канцэртам гучала.
У вайсковыя часці з Лепельшчыны накіраваны 27 чалавек, з іх восем — у вайсковыя школы 72-га аб’яднанага вучэбнага цэнтра ў Печах, пад Барысавам.
— Салдатам, якія асабліва вызначыліся ў асваенні вайсковых спецыяльнасцяў, не мелі парушэнняў вайсковай дысцыпліны, у выключных выпадках, наколькі ведаю, даецца права выбару, дзе служыць далей, — кажа Дзмітрый Заікін. — Па маіх звестках, лепельскі прызыўнік такім чынам пасля Печаў праходзіць службу ў Заслонаве, бліжэй да дому.
Яшчэ шасцёра лепяльчан накіраваны на службу ў 103-ю паветрана-дэсантную брыгаду ў Віцебск. Камандаванне вайсковай часці даўно ведае лепельскіх прызыўнікоў, кожны раз туды накіроўваюцца нашы хлопцы.
Да элітных адносіцца і пятая брыгада спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы, куды паехалі яшчэ двое лепяльчан.
Трое прызыўнікоў заступаюць на ахову дзяржаўнай мяжы, двое накіраваны ў вучэбную часць пагранічных войскаў у Смаргонь, адзін — у Гомельскі пагранічны атрад.
Адзін прызыўнік сам пажадаў служыць у брыгадзе спецпрызначэння Міністэрства ўнутраных спраў.
У 19-ю асобную гвардзейскую механізаваную брыгаду з кожным прызывам прыбывае на службу да ста чалавек. Прыязджаюць не толькі з усёй вобласці, а і з аддаленых куткоў Беларусі. Пад час апошняга прызыву ў Заслонава накіраваны трое лепяльчан, будуць мотастралкамі.
— Аднак, наколькі ведаю, асноўнай ударнай сілай механізаваных брыгад лічацца танкавыя падраздзяленні…
— Парадокс, але ў апошнія гады ўзнікаюць пэўныя цяжкасці з камплектаваннем танкавых часцей. Адно з галоўных патрабаванняў — рост танкіста. Трэба, каб чалавек быў ніжэй за 175 сантыметраў, бо больш высокім у абмежаваным аб’ёме танка вельмі цесна. Між тым хлопцы нашы вырастаюць за 1.80, 1.90, па два метры — здаровыя хлопцы! І такая сітуацыя характэрная не толькі для Лепельшчыны. У размовах калегі з іншых раёнаў выказваюць такую ж занепакоенасць.
Адзін лепяльчанін прызваны ў 52-гі асобны пошукавы батальён. Туды прызвалі Яўгена Бісюкова, які працаваў інжынерам па тэхніцы бяспекі ў СВП “Пражэктар”. У гаспадарцы, дарэчы, вельмі не хацелі адпускаць патрэбнага спецыяліста.
Двое будуць служыць у патрульна-паставой службе Віцебскай міліцыі, адзін — у радыётэхнічных войсках у Мачулішчах.
— Пра Печы даўно ідзе нядобрая пагалоска, асабліва пасля расследавання апошніх інцыдэнтаў. З якім настроем ішлі туды прызыўнкі, ці выказвалі занепакоенасць бацькі?
— Апошні прызыў прайшоў як ніколі спакойна. У мінулым, зімовым, прызыве адна маці вельмі непакоілася. Я сам, ваенны камісар гутарылі з ёй, расказвалі ім з сынам пра часць, куды хлопец накіроўваецца, давалі тэлефоны камандзіраў. Наколькі ведаю, салдат зараз служыць спакойна, мае нават поспехі ў авалоданні вайсковай спецыяльнасцю.
А сёлета быў вельмі паказальны эпізод. Адзін з прызыўнікоў тут, у калідоры, патэлефанаваў сябру, які якраз служыць у Печах, папрасіў расказаць пра ўмовы службы, наўпрост спытаў, ці ёсць дзедаўшчына. Той расказаў, што ў часці з боку камандавання наладжаны самы строгі кантроль. Усюды, на ўсіх работах, занятках, у вольны час салдатаў суправаджаюць афіцэры. Ноччу ў казарме на кожным паверсе таксама дзяжурыць афіцэр. І нават наяўныя грошы салдатам на рукі зараз не выдаюць, а пералічваюць на пластыкавую картку.
— Як ахарактарызуеце стан здароўя сучаснай прызыўной моладзі?
— Здавальняючы. Медкамісію праходзяць у цэнтральнай раённай бальніцы, але пры любым падазрэнні будучых воінаў накіроўваюць у спецыялізаваныя дыягнастычныя цэнтры. Міністэрства абароны заключыла прамыя дагаворы з дзесяццю профільнымі медыцынскімі ўстановамі, якія і аказваюць дадзеныя паслугі.
Працягваецца традыцыя падрыхтоўкі вадзіцеляў для Узброеных сіл у аўташколах сістэмы ДТСААФ. Такая справа выгадная найперш для саміх прызыўнікоў, якія могуць бясплатна вывучыцца на вадзіцеляў машын катэгорый “В” і “С”. На сёння курс навучання каштуе больш за паўтары тысячы рублёў.
Да веснавога прызыву ў Лепельскай аўташколе ДТСААФ па накіраванні ваенкамата адвучыліся Уладзіслаў Сілкоў (зараз служыць у 103-й паветрана-дэсантнай брыгадзе ў Віцебску), Аляксей Жылінскі (5-я брыгада спецыяльнага прызначэння ў Мар’інай Горцы), Міхаіл Цынгель і Яўген Баранавіцкі (абодва накіраваны ў 72-гі аб’яднаны вучэбны цэнтр у Печах).

Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>