Долгие годы могилу отца-партизана, погибшего во Вторую мировую войну, искала Вера Шайтар

img_0127Доўгія гады магілу бацькі-партызана, які загінуў ў Другую сусветную вайну, шукала Вера Шайтар, што жыве на Урале, за тысячу кіламетраў ад нашых мясцін. Адусюль, куды ні звярталася, прыходзіў лаканічны адказ — прапаў без вестак, месца пахавання невядома. Аднак жанчына жыла з надзеяй, што ў рэшце рэшт яна знойдзе праўду. Некалькі гадоў таму за справу ўзялася дачка Святлана Арэшка, якая жыве ў Маскве. Пошукі прывялі Святлану на Лепельшчыну. Дзякуючы слабадскім следапытам, яна даведалася, што яе дзядуля Віктар Шайтар пахаваны ў Свядзіцы, у брацкай магіле, разам з чатырма баявымі таварышамі.
У адну са студзеньскіх начэй 1944 года група партызан спынілася на ўскрайку Свядзіцы ў хаце Домны Хрол. У гэты самы час з іншага боку да вёскі пад’язджалі народнікі. Вестка пра тое, што ў вёсцы знаходзяцца лясныя бандыты, даляцела да іх хутка, вырашылі акружыць і знішчыць партызан. Не маючы іншага паратунку, як бегчы, партызаны выскачылі з хаты і пачалі ўцякаць у бок выратавальнага лесу. У адказ грымнулі выстралы. Народнікаў было болей. Яны хутка насядалі з усіх бакоў, не давалі сваім ахвярам адступіць. Некалькі ўцекачоў былі адразу забітыя, а з тымі, каго здолелі ўзяць у палон, жорстка расправіліся — павесілі на калодзежным жураўлі каля хаты Хролаў. Вяскоўцам пад страхам смяротнага пакарання было забаронена набліжацца да небаракаў і хаваць па хрысціянскім звычаі. Праз некалькі дзён мясцовыя жыхары, сярод якіх былі Лука Карбоўскі і Домна Хрол, ноччу, употайкі, пахавалі нябожчыкаў на могілках. Магілу рабіць не сталі, каб не наклікаць на сябе бяды. Пасля вайны таксама ніхто не здагадаўся нейкім чынам пазначыць месца пахавання. З цягам часу сведкаў тых падзей станавілася ўсё меней, нямногія маглі паказаць партызанскае пахаванне. Адзіным арыенцірам служыла магіла Лукі Карбоўскага, які завяшчаў пахаваць сябе побач з партызанамі.
Сярод нямногіх, хто памятаў той трагічны эпізод вайны і мог паказаць пахаванне, была Елізавета Пшонка. Нягледзячы на шаноўны ўзрост, жанчына згадзілася завесці на могілкі слабадскіх школьнікаў да месца, дзе былі пахаваны партызаны. Імёны нябожчыкаў былі вядомыя. У 1980 годзе брат аднаго з загінулых партызанаў на франтоне хаты, дзе адбылася трагедыя, прымацаваў памятную шыльду з прозвішчамі, якія адшукаў у архіве. Гэта партызаны восьмага атраду брыгады “Дубава” Якаў Гурко, Міхаіл Ермакоў, Аляксандр Казлоў, Васіль Старавойт і Віктар Шасцітка.
У 2013 годзе юныя слабадскія следапыты аднавілі партызанскае пахаванне — добраўпарадкавалі месца, паставілі металічны крыж і прымацавалі шыльду з імёнамі партызанаў.
Святлана Арэшка ў Беларусь, на радзіму сваіх продкаў, прыехала ўпершыню па наказу маці — наведаць магілу бацькі, якую шукала на працягу ўсяго жыцця. Сустракаемся ў Слабадзе ў школьным музеі, дзе зараз захоўваецца памятная шыльда з хаты Домны Хрол. На ёй, сярод іншых, ёсць імя дзеда Віктара Дзмітрыевіча Шасціткі 1914 года нараджэння.
Па дарозе да Свядзіцы Святлана распавядае нямногае, што ведае ад мамы пра сям’ю Шайтараў, якая перад вайной жыла ў чашніцкай вёсцы Проземле. Маленькая Вера, якой было тры-чатыры годзікі, добра запомніла эпізод апошняй сустрэчы з бацькам. Апрануты ў чорнае паліто, ён развітваўся з сям’ёй, каб ісці ў партызаны. А праз некалькі дзён завіталі немцы, дапытваліся, куды знік гаспадар. Цудам сям’ю не арыштавалі, але спалілі хату. Аксіння, жонка Віктара, перабралася да маці ў вёску Шараі. Акрамя Веры, у Віктара з Аксінняй была дачка Ніна, якая нарадзілася, калі бацька ўжо партызаніў.
Пасля вайны Віктаравы дочкі раз’ехаліся па свеце: Ніна — ва Украіну, Вера — на Урал. З цягам часу згубілася сувязь са сваякамі, якія жылі ў Чашніцкім раёне, але заставалася памяць пра загінулага бацьку, лёс якога так доўга быў невядомы.
Вечарэе. У Свядзіцы пахне чабор, вёска ў квецені сустракае гасцей… Гэтыя цудоўныя кветкі тут паўсюль. Растуць яны і на тым месцы, дзе загінулі Віктар Шасцітка і яго таварышы. У паветры ў той час пахла зусім па-іншаму — порахам, а зямля была палітая крывёю.
Вось яна, доўгачаканая і хвалюючая сустрэча, пад шатамі векавых дрэў на старадаўніх вясковых кладах. Схіліўшыся долу, Святлана ўзіраецца ў магільны грудок, дзе навечна спачыў дзядуля. Набірае ў мяшэчак зямлі — адвезці маме, якая з нецярпеннем чакае яе за тысячы кіламетраў.
На развітанне ў кнізе водгукаў Святлана зрабіла запіс, у якім сказала многае: “Усё жыццё мая маці шукала магілу бацькі і ўжо не спадзявалася знайсці. І — цуд! Я, унучка, прыехала на Радзіму мамы і магілу дзядулі Віктара Дзмітрыевіча Шасціткі. Пакуль захоўваецца памяць пра загінулых, якія нас абаранялі, мы — Людзі!”

На здымку: Святлана Арэшка з памятнай шыльдай.
Фота аўтара.
Валерый ТУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>