Подростки «ВКонтакте» раскрываются ярче, чем в реальной жизни

img_8800І ўсё ж генетыка — навука сур’ёзная. Гэтак падумаў я, калі пабачыў на эстакадзе разам двух маладых людзей. Адзін — малады не малады, але і не стары, гадоў, мабыць, за сорак, другі — і ўвогуле юны. Другога, зрэшты, ведаю ўжо далёка не першы год, праўда, пераважна завочна. Ды аб гэтым яшчэ распавяду. А пакуль скажу, што аднаго з іх завуць Рыгорам Дзмітрыевічам, а другога, наадварот, — Дзмітрыем Рыгоравічам. А прозвішча ў іх адно — Голуб. Як вы ўжо здагадаліся, гэта бацька і сын.

Аб’ектыў фотаапарата злавіў іх на эстакадзе ў машынным парку цэнтральнай раённай бальніцы. І таму трэба патлумачыць, што працуюць яны абодва вадзіцелямі.
Вадзіцель “хуткай дапамогі” доўга на месцы не затрымліваецца. Вось і Голуб-старэйшы неўзабаве выкаціў машыну з эстакады ды некуды знік, напэўна, адправіўся ў рэйс. Распавесці пра сябе і пра бацьку застаўся сын.
Дык вось, хачу сказаць, што з Дзімкам мы ўжо ведаемся не першы год. Дзе пазнаёміліся — ужо і не памятаю. Напэўна, калі ён яшчэ вучыўся ў ліцэі. І з таго часу даволі доўга сябравалі “УКантакце”. Хтосьці скажа, што сацыяльныя сеткі — гэта нешта не зусім сур’ёзнае і не зусім рэальнае. Вось сапраўднае жыццё… Нічога падобнага. Бывала, пазнаёмішся з чалавекам рэальна, раз пабачышся, а потым пачынаеш кантактаваць у віртуальнай прасторы. І што? Праз год-два знаёмства вы ўжо амаль свае людзі. Што ж тут кепскага? Падлеткі “УКантакце” раскрываюцца ярчэй, чым у рэальным жыцці. І там ёсць магчымасць слухаць голас іх душы кожны вечар (а дакладней, кожную ноч, бо менавіта ўначы іх віртуальнае жыццё больш актыўнае). І чаго толькі ў гэты час ад іх не выслухаеш! І расповеды пра першае каханне, і складаныя жыццёвыя калізіі, і іх музычныя густы, і цёркі-міжсабойкі ў розных тусоўках. І кліпаў розных прыкольных нагледзішся, і псіхолагам у іх набудзешся. О! Які гэта рознакаляровы свет — сацыяльныя сеткі! Як цікава і хораша раскрываюцца ў ім людзі!
Праўда, не ўсе. Ёсць падлеткі, цікавыя сваёй загадкавасцю і закрытасцю. Менавіта такім быў шаснаццаці-сямнаццацігадовы Дзімка (Калашнікаў альбо Калаш — яго камп’ютарны “нік”). Хлопец часценька падкідваў мне загадкі і рэбусы свайго юнацкага жыцця, разгадваць якія нам даводзілася разам. І чым больш мы кантактавалі, тым больш яскрава бачыў я, што па той бок манітора хоць і няпросты, яршысты, дастаткова замкнуты падлетак, але ж мэтанакіраваны, з рамантычнай марай, шустры, прадпрымальны, гарэзлівы. І дзяўчаты яго любілі, і ён адказваў узаемнасцю. Адным словам, цікава было кантактаваць з Калашом. Толькі пазней я даведаўся яго сапраўднае прозвішча.
А потым неяк ён знік, выдаліўся з “Кантакта” і з сяброў, растварыўся ў жыцці. Так бывае: падлеткі сталеюць, сыходзяць у дарослае жыццё.
І раптам іду я аднойчы па вуліцы горада, спыняецца лімузін:
— Куды цябе падвезці?
Што такое? Не пазнаю я вадзіцеля. Прыгледзеўся:
— Калаш, гэта ты?
Ну чым не свае людзі! І як прыемна, што ён, мой віртуальны сябар, пазнаў вось, спыніўся, падабраў па дарозе. Падлеткі бываюць вельмі ўдзячнымі, калі да іх ставішся з павагаю.
Нядаўна зноў на горадзе сустрэў Дзімку і на гэты раз вырашыў не ўпускаць шанец даведацца пра яго цяперашняе, ужо амаль сталае жыццё. Так і прывяла мяне сцежка ў гаражы цэнтральнай раённай бальніцы.
— Раскажы пра бацьку.
— Бацька з Забаення. Заканчваў СШ №2, затым ПТВ-175, быў адным з першых выпускнікоў. Там атрымаў правы трактарыста і на грузавую. Тэрміновую служыў у Польшчы камандзірам танка. Працаваў вадзіцелем. У бальніцу прыйшоў спачатку сантэхнікам, а пасля перасеў за руль “хуткай дапамогі”.
— А сам як аказаўся за рулём?
— Дык жа гены пальцам не сатрэш. Памятаеш, мяне ўвесь час цягнула да тэхнікі. У ліцэі атрымаў катэгорыю “С”, а таксама слесара і трактарыста. Калі васямнаццаць стукнула, самым першым у групе пайшоў здаваць на катэгорыю “В”. Паўгода развозіў прадукты ў райспажыўсаюзе, пасля прыйшоў сюды — вадзіцелем на медтэхніку. Выязджаем па выкліках.
— Чакай, ты ж заўсёды марыў пра сваё аўто, той раз ты ўжо на ўласным ехаў?
— Не, той раз яшчэ на бацькавым. А зараз ужо і свой “Мерседэс” маю.
— Збылася ўсё ж юначая мара. Аднак табе толькі дваццаць чацвёрты. Адкуль грошы?
— Працую. І ў Расію з бацькам ездзіў, і тут. Круціцца трэба.
— А ты і сапраўды ўпарта дабіваешся мэты. А чым у вольны час займаешся?
— Машынай. Гадоў у чатырнаццаць хацеў мапед. І быў у мяне мапед “Дэльта”, пасля — матацыкл “Усход”, МТ. Зараз — машына.
— Любіш вандраваць?
— Вядома! Ездзіў у Крым да сваякоў, часта бываю ў бабулі ў Вілах. Хачу адправіцца ў падарожжа… Не скажу куды, а то як скажаш, тады не атрымліваецца.
— А ты як быў, так і застаўся загадкавым… Што ў жыцці найбольшая каштоўнасць?
— Бацькі і… здароўе. Астатняга можна дасягнуць.
Вылецеў Голуб з гнязда ў жыццё самастойнае, пакінуў сацыяльныя сеткі. А мне неяк сумна без таго “Dmitry Kalashnikov”, з якім доўгімі зімовымі вечарамі спрачаліся, марылі, радаваліся, сумавалі, дзяліліся асабістым “УКантакце” і так сябравалі!
Уладзімір МІХНО.
На здымку: Рыгор і Дзмітрый Голуб — бацька і сын.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>