Дотык да сівой даўніны

Сёлета на Лепельшчыну завіталі археолагі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Максім Чарняўскі, Зоя Харытановіч і Марат Клімаў. У папярэднія гады гэтыя навукоўцы ўжо даследавалі старажытныя паселішчы.
Аб’ектам даследаванняў Марата Клімава стала гарадзішча і селішча ў наваколлях Кастрыцы. Менавіта тут у 1960-я гады праводзіў маштабныя раскопкі Георгій Штыхаў. Правёўшы дэталёвую разведку мясцовасці, Клімаў прыйшоў да высновы, што

ў будучым варта прадоўжыць даследаванне дадзеных помнікаў.

Зоя Харытановіч з Максімам Чарняўскім вывучалі наваколлі Верабак, дзе ў апошнія гады краязнавец Васіль Хацкевіч знайшоў унікальныя археалагічныя помнікі. Археолага найбольш цікавілі берагі ракі Бярэшчы, якія паводле яго гіпотэзы і навуковага абгрунтавання маглі быць кампактна заселены людзьмі прыкладна восем тысяч год таму назад. Трэба адзначыць, што на сённяшні час у нашым рэгіёне адкрыты помнікі, якія налічваюць не больш за пяць тысяч гадоў.
На працягу дня Максім Чарняўскі разам з Васілём Хацкевічам, пераадольваючы шэраг прыродных перашкод, яшчэ не паспеўшыя высахнуць ад вясновай паводкі тванныя берагі Бярэшчы, парослыя хмызам і балотнай травой выспы ў пойме ракі, даследавалі навакольную мясцовасць. На адным з пясчаных пагоркаў, зрытым кратамі, даследчыкам трапіўся невялікі каменьчык. Менавіта гэты прыродны матэрыял, старанна апрацаваны тысячы гадоў назад якімсьці нашым далёкім продкам, аказаўся наканечнікам стралы. На думку археолага, знойдзены прадмет налічвае каля сямі — васьмі тысяч гадоў і адносіцца да Кундскай культуры (8000 — 5000 гг. да н.э.). Археалагiчная культура эпохі мезаліту на ўсходзе Прыбалтыкі і на поўначы Беларусі. Назва паходзіць ад паселішча каля г. Кунда (Kunda) ў Эстоніі. Адметнай рысай культуры з’яўляецца шырокае выкарыстанне прылад працы і зброі з косці і рогаў, а таксама пласцінкавых наканечнікаў стрэл.
Асноўны занятак тагачаснага насельніцтва — паляванне і рыбалоўства. Сярод прылад працы і зброі — крамянёвыя сіметрычныя наканечнікі стрэл, скрабкі, каменныя сякеры, долаты і цёслы, касцяныя гладкія коп’і, гарпуны, рыбалоўныя кручкі, касцяныя кінжалы. На тэрыторыі Беларусі вядома тры пасяленні Кундскай культуры: два — у Полацкім раёне, адно — у Верхнядзвінскім.
Знойдзены каля Бярэшчы наканечнік стралы наводзіць на думку, што і на Лепельшчыне магло ў поўнай меры існаваць паселішча, магчыма, і не адно, падобнай археалагічнай культуры. Аднак пра гэта можна будзе гаварыць пасля правядзення археалагічных раскопак.
Дарэчы, верабскае гарадзішча ў народзе называюць Плоская гара. Зоя Харытановіч пачала даследаваць яго летась. Тады быў закладзены невялікі шурф. Сёлета, маючы добраахвотных памочнікаў, вучняў Слабадской сярэдняй школы, археолаг змагла правесці найбольш грунтоўныя даследаванні. Трэба адзначыць, што юныя археолагі Слабадской школы і Зоя Харытановіч маюць даволі даўнія трывалыя сувязі сумесных археалагічных даследаванняў — раскопкі гарадзішчаў у Валосавічах і Старым Лепелі. Вось і сёлета сумеснымі намаганнямі даследчыкі выявілі багаты навуковы матэрыял. На працягу двух дзён шчыравалі рыдлёўкамі і скрабкамі дзеці пад кіраўніцтвам прафесійнага археолага. Старанна перабіраючы рукамі грунт, выяўлялі артэфакты, якія праляжалі ў зямлі каля двух тысяч гадоў. Асноўныя знаходкі — фрагменты ляпной керамікі, а таксама жалезнае шыла і фрагмент прасліца — грузіка, які выкарыстоўваўся ў ткацтве. Хлопчыкаў і дзяўчынак найбольш уразіла тое, што на кавалках глінянага посуду захаваліся сляды чалавечых рук. Хто яго ведае, можа нехта з іх дакрануўся не проста да археалагічнай знаходкі, а адчуў дотык свайго далёкага продка.
Валерый ТУХТА,
няштатны карэспандэнт.
На здымку: вучні Слабадской школы на верабскім гарадзішчы.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>