Хозяйственность еще никому не мешала

img_9293 Вуліцы ў Баброве акуратныя, прыемна праехацца. Прыемна паглядзець і на дамы, большасць з якіх дагледжаныя, акультураныя: кветнікі, шмат дзе ўжо новага тыпу агароджа з металапрофілю. Людзі як бы спаборнічаюць, пахваляюцца перад суседзямі, хто прыгажэй аздобіць падворак. І гэта добра, бо гаспадарлівасць яшчэ нікому не замінала.

Аднак ёсць і іншага кшталту гаспадарлівасць, больш характэрная для традыцыйнага вясковага ўкладу жыцця. Справа ў тым, што спрадвеку дбайныя вясковыя гаспадары пахваляліся не “наваротамі” ў выглядзе агароджы з металапрофілю, не камяніцамі — чыя вышэй, а багатым падвор’ем, урадлівым агародам, парадкам ва ўсім і абавязкова душою шчырай, адкрытай. Прызнайцеся, ці заўсёды вам прыемна бачыць двор, дзе шчыльная агароджа хавае вокны? Душа міжволі пытаецца, што хаваюць і ад каго? А вось сустрэўшы, асабліва па цяперашнім часе, гаспадара з кароўкай, хочацца яму ўсміхнуцца ўслед і прыязна прывітаць.
Прыклад такой “традыцыйнай гаспадарлівасці” — сям’я Марозаў з Баброва. Жывуць Іван Паўлавіч і Таісія Іларыёнаўна на ўскрайку аграгарадка, на вуліцы Міру. Ёй — за семдзесят, яму — за семдзесят пяць. Жывуць амаль на выгане — як раней бы сказалі. Цяпер — які ж выган! Кароў ужо ў поле не ганяюць, іх вунь па ўсім сельсавеце крыху за паўсотні набярэцца, а ў Баброве і таго меней. Рагуляў зараз проста навязваюць, балазе ржышчаў заліўных хапае, травы ў дастатку, а няма каму есці. Вось і Марозы кожнага разу досвіткам вядуць сваю кароўку на пашу.
“Вядзеш іншым разам, а дыхавіцу сціскае, — прызнаецца бабуля Таіса, — паветра не хапае, але ж трэба. Звычка. А пасля разыдзешся — і хваробы, здаецца, адступаюць”.
Вось так, па звычцы, і жывуць дзед Іван з бабуляй Таісай — шчырыя сябры нашай газеты — у спрадвечных сялянскіх клопатах. Так ужо здавён вядзецца, што гаспадарка для іх — не пусты гук. Так жылі іх бацькі. У Івана бацька на фронце загінуў, маці з двума сынамі засталася. Хоць і адна, без гаспадара, а ўсё роўна і карову, і свіней, і гусей трымала. У Таісы бацька таксама быў франтавіком. Сястрычка ў вайну пад час блакады ад тыфу памерла. У бацькоў не толькі карова была, а і авечкі. Маці і прала, і вязала. А як у той час можна было без гаспадаркі, калі ў калгасе амаль нічога не плацілі, у магазіне каб і было што, не купіш. Проста памерлі б без гаспадаркі. Жыццё змушала дбаць пра ўсё сваё.
Зараз, вядома, крыху не так. Можна пайсці ў магазін і купіць, чаго няма. І ўжо ў вёсцы многія прызвычаіліся жыць з магазіна. Ды не ўсе. Тыя, асабліва са старэйшага пакалення, у каго працавітыя гены, не спяшаюцца расставацца з гаспадаркаю. Запас бяды не чыніць. Вось і ў Марозаў ёсць на вуліцы студня, якую выкапалі самі. Калі сышліся, перавезлі з Падаліц хату Таісіных бацькоў і пачалі яе паціху даводзіць да ладу. Як жа даўно гэта было! Ужо болей за паўвека разам. Студню выкапалі, хлявы паставілі. Сад пасадзілі. Вунь якая ўжо вішня разлапушылася! Ён увесь час у калгасе працаваў трактарыстам, яна і ўчотчыцай была, і кароў даіла, і ў садзіку нейкі час нянечкай працавала, і малако збірала. Здавалася б, і гаспадаркай той ці быў час займацца, але ж па звычцы ўсё неяк і вялося. А калі ўжо пенсіянерамі сталі — дык і сам Бог ухваліў іх занятак. Карова, два кабаны, куры. На агародзе бульба, капуста, морква. Як жа без памідораў! Парнічок зрабілі. Расада свая. На падаконніках не хоча расці, дык бабуля Таіса выходжвае яе наўпрост на вуліцы, пад плёначкай у адмысловым маленькім парнічку. Балазе сёлета вясна была дружная і цёплая.
Малачко сваё. Хапае самім, сын вунь побач з сям’ёю жыве, унукам малачко добра, і на продаж застаецца.
— А што там, — разважае бабуля Таіса, — здаваць усё роўна трэба аж за бугор несці, дык я лепей на базар. Збяру смятанкі, тваражку, сыру нараблю, падкіне Сяргей на машыне да аўтобуса — і раз на тыдзень у Бешанковічы. Грошы патрэбны і дроўцаў купіць, і таго-сяго іншага.
Сена на карову сын накасіць дапамагае. Ён у ахове працуе ў Бароўцы, а нявестка — бухгалтарам на прыватным сельгаспрадпрыемстве.
Грошы сапраўды лішнімі не бываюць. Ды не толькі дзеля іх трымаюць Марозы карову. А, як самі прызнаюцца, хутчэй па звычцы. Сялянскія гены. Ды і ад хваробаў праца добра лечыць.
Па добрай звычцы выпісваюць доўгія гады і нашу газету. “Дзед без прэсы жыць не можа, — кажа гаспадыня, — чытае ўсё да “корачкі”.
Добрыя традыцыі і звычкі заўсёды суправаджалі вясковае жыццё, рабілі яго адметным і непаўторным.

 На здымку: Таісія Іларыёнаўна і Іван Паўлавіч Марозы.

Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>