В июне вступили в силу изменения в правилах сдачи экзаменов на право управления мотоциклами

da-mat-zdacha-ekzamena%d1%9eУ чэрвені ўступілі ў сілу змены ў правілах здачы экзаменаў на права кіравання матацыкламі. Пра іх расказвае начальнік Лепельскага міжраённага рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзялення (МРЭА) капітан міліцыі Мікалай Куранны:
— Спачатку давайце ўнясём яснасць у паняцці і вызначэнні. Дзеючымі нарматыўнымі актамі катэгорыя “А” дзеліцца на тры падкатэгорыі: “АМ” — скутары і мапеды з аб’ёмам рухавіка да 50 кубічных сантыметраў і максімальнай канструкцыйнай хуткасцю да 50 кіламетраў у гадзіну, “А1” — лёгкія матацыклы з аб’ёмам рухавіка да 125 кубічных сантыметраў (сюды адносіцца такая папулярная мадэль, як “Мінск”), уласна катэгорыя “А” — усе астатнія віды і тыпы матацыклаў, у тым ліку і цяжкія, такія як МТ-10, МТ-11, “Урал”, хуткасныя імпартныя “Yamaha”, “Kawasaki” і іншыя. На катэгорыі “АМ” і “А1” можна здаваць экзамены і кіраваць такімі транспартнымі сродкамі з 16 гадоў, на катэгорыю “А” — сярэднія і цяжкія матацыклы — толькі з 18 гадоў.
— Калі не памыляюся, ужо некалькі гадоў дзейнічае правіла аб тым, што грамадзяне, прапісаныя ў вёсцы, могуць здаваць экзамены на катэгорыю “А” ўсіх падкатэгорый без вучобы…
— Такое правіла дзейнічала раней. Зараз падыходы памяняліся. На падкатэгорыі “АМ” і “А1” можна здаваць экзамены без вучобы як вяскоўцам, так і гараджанам. Прычым, для атрымання пасведчання з адзнакай “АМ” дастаткова здаць экзамен па правілах дарожнага руху на камп’ютары ў МРЭА. Для атрымання катэгорыі “А1” трэба здаць яшчэ экзамен па практычным ваджэнні.
— А як атрымаць катэгорыю “А”?
— Ёсць некалькі варыянтаў. Калі чалавек увогуле не меў вадзіцельскіх правоў, але мае ўзрост 18 гадоў і вышэй, ён можа адвучыцца на курсах і пасля здачы экзаменаў, тэарэтычнага і практычнага, атрымаць патрэбнае пасведчанне. Другі варыянт прыдатны, калі чалавек не хоча выдаткоўваць грошы на вучобу. Маючы катэгорыі “АМ” або “А1” і два гады вадзіцельскага стажу, кіроўца можа паспрабаваць атрымаць правы катэгорыі “А”. Для гэтага яму дастаткова будзе паспяхова здаць практычны экзамен па ваджэнні. Дарэчы, такі варыянт даволі зручны. Скажам, малады чалавек па дасягненні 16 гадоў здаў экзамены і атрымаў вадзіцельскае пасведчанне катэгорый “АМ” і “А1”. Далей набыў скутар або мапед і два гады ездзіў на іх, напрацоўваў патрэбны стаж, а як толькі споўнілася 18 гадоў, здаў наступны экзамен і атрымаў ужо паўнавартаснае пасведчанне катэгорыі “А”.
— У свой час, мяняючы вадзіцельскае пасведчанне катэгорый “В” і “С”, такую працэдуру трэба выконваць раз на дзесяць гадоў, я заадно адкрыў і катэгорыю “А”, здаваў экзамен па ваджэнні.
— І цяпер такая норма захавана.
— У чым тады змяненні?
— У форме правядзення практычнага экзамену па ваджэнні. Пастановай вызначаны абавязковыя да выканання элементы, фігуры. У прыватнасці, гэта праезд “змейкай”, роўнага адрэзка і іншыя. Самае ж галоўнае, што цяпер іх выкананне будзе ацэньвацца яшчэ і на час. Уявіце сабе: малады чалавек, а большасць прэтэндэнтаў на правы матацыклістаў — гэта моладзь ва ўзросце да 20 гадоў, вельмі хвалюецца, а пры здачы час хваляванне ўзрастае яшчэ больш. І тут важна навучыцца авалодваць сабой, пераадольваць стрэс.
Экзамены міжраённае рэгістрацыйна-экзаменацыйнае аддзяленне прымае кожны дзень, акрамя нядзелі і панядзелка. Тэарэтычны па правілах дарожнага руху — з 10.30 да 12.00 і ў другой палове дня з 14.30, звычайна па меры камплектавання групы (па дзесяць чалавек). Ваджэнне прымаем двойчы на дзень, з 11.00 і з 15.00.
— Наколькі ў лепяльчан высокае жаданне атрымаць вадзіцельскія пасведчанні матацыклістаў?
— Мы вядзём пэўную статыстыку. Так, у мінулым годзе пасведчанні катэгорыі “АМ” атрымалі 54 прэтэндэнты, “А1” — 65 чалавек. З пачатку бягучага года катэгорыю “АМ” адкрылі 23 жадаючыя, “А1” — дзевяць. Зазначу, што зімой і ранняй вясной з прычыны неспрыяльнага надвор’я такіх не было, але як толькі пацяплела і сышоў снег, матацыклісты актывізаваліся.
Васіль МАТЫРКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>