После отца пчелиное занятие перенял сын

img_9287Калі шчасце ў тым, каб мець сям’ю, тады вы не па адрасе. Мікалай Азаронак з Баброва пад катэгорыю сем’яніна ніяк не падыходзіць, бо ў свае пяцьдзясят шэсць гадоў — закаранелы і безнадзейны халасцяк. Бабыль, як раней казалі. Расказваюць пра яго бабылёўства цікавыя гісторыі: маўляў, у юнацтве меў нераздзеленае каханне. Дзяўчына не дачакалася з войска, а хлопец на ўсё жыццё так і застаўся адналюбам. Кажуць-вяжуць. На кожны раток не накінеш платок. А Мікалай толькі смяецца, слухаючы тыя байкі, махае рукою і пераходзіць на іншыя тэмы.

Дык вось, сям’і ў яго няма, а шчасця, падазраю, што поўны дом. Зрэшты, чаму гэта я кажу, што няма сям’і, калі ў чалавека восемдзесят сем’яў… пчаліных. І шчасце ў яго — салодкае: мядовае, пахучае, як майскі мёд. У розных людзей — рознае шчасце.
Спрабавалі калі-небудзь першы майскі мядок, сатканы з нектару першацветаў? Калі не — значыць, і не ведаеце вы на смак сапраўднага шчасця.
Жылі яны ў Падаліцах — гэта за сем кіламетраў ад Баброва. Коля хадзіў у Сушанскую школу, пасля вучыўся ў прафтэхвучылішчы на механізатара, служыў у арміі механікам. А бацька ўжо ў той час пачаў будаваць хату тут, у Баброве, дзе зараз, па смерці бацькоў, жыве сам Мікалай. Пчол вадзіў яшчэ бацька. Было ў яго пяць-сем пчаліных сем’яў. І Колю даводзілася, вядома ж, дапамагаць на пасецы. Як сам прызнаецца, рабіў ён гэта “з-пад палкі”.
Бортніцтва — справа далікатная. Пакуль самога не закране за душу, не чакай аддачы. Пасля бацькі пчаліны занятак пераняў сын. Паціху-памалу разгарнуў справу да прамысловых маштабаў. А гадоў дзесяць таму пазнаёміўся з салігорскім таварыствам “Бортнік”. І з таго часу стаў глядзець на сваё рамяство зусім іншымі вачыма.
— Да гэтага часу было цяжка з пчоламі, — кажа Мікалай, — бо я думаў, што ведаю ўсё. Як высветлілася, не ведаў амаль нічога. Езджу ў Салігорск вучыцца. Да нас запрашаюць лепшых пчаляроў Еўропы. Завёў вельмі цікавую элітную пароду пчол “Бакфаст”, якія вывеў брат Адам у Бакфасцкім манастыры. Яны не раяцца.
— І не кусаюцца?
Смяецца:
— А ведаеце, гэта сапраўды разумныя пчолы. Можна сказаць, што так. Бывае часам прыціснеш незнарок — уджаліць.
— І пчолы не любяць п’яных?
— І таксама не зусім дакладна. Пчолы не любяць нязвыклага для іх водару. А да свайго гаспадара прывыкаюць. Ведаў аднаго пасечніка, які моцна курыў. Пах нікаціну яго пчолкі прымалі. А вось калі пачуюць пот і чужы — лепей не рызыкаваць.
— Што для вас бортніцтва: бізнес, захапленне?
— Зараз гэта маё жыццё. Вядома ж, і бізнес таксама. Мёд прадаю. У нас у таварыстве ёсць свой магазін. Аднак я і працягваю працаваць — у Бароўцы ў ахове. Дзень працы, тры выхадныя, а ўсё роўна часу не хапае.
— У вас, напэўна, няма тэлевізару? Калі ж вам яго глядзець?
— Чаму ж, тэлевізар гляджу… зімою. Ды зараз якія навіны. І камп’ютарам пчолы прымусілі абзавесціся, бо як будзеш падтрымліваць стасункі з калегамі-пчалярамі?
Мікалай — з нашага, сярэдняга, яшчэ савецкага пакалення, якое не ўяўляе, як гэта ўвогуле не хадзіць на працу.
— Пчолы пчоламі, а патрэбны стабільны заробак, — разважае ён. — Раптам не год — і няўрод выйдзе, прападуць пчолкі. Вунь і сёлета амаль палова сем’яў слабыя. Паляцелі на пасевы, а тыя пратручаны. Не ведаеш жа, куды яны паляцяць.
Не ведаеш, куды паляцяць, а таму гаспадарлівы бортнік сее меданосы на ўласным агародзе. На сямідзесяці сотках у Азаронка расце мардоўнік, фацэлія, сельфія. Сёлета пасеяў грэчку. Пасека ў яго не толькі ля хаты, але і перасоўная — у Залессі.
А на астатнім агародзе расце ўсё тое, што і ў іншых людзей. Каб не думалі, што жыццё Мікалая праходзіць выключна на пасецы і абмяжоўваецца рамкамі пчаліных сотаў. Ёсць парнік з памідорамі. Дружна зазелянеў вунь вінаград “Ізабела”. Гаспадар аддае перавагу менавіта гэтаму, болей устойліваму да маразоў, сорту. Па падворку гуляюць індыкі. Не скажу, што няма ля хаты кветак. Можа, іх меней, чым у каго іншага. Аднак вунь кусты півоняў ужо зацвітаюць.
І калі ён усюды паспявае? Прыязджае, дапамагае сястра Людміла з Віцебска. Яна, дарэчы, повар. Ды што там сястра, Мікалай і сам няблага прыгатуе, было б што і быў бы час.
Час кожны выкройвае на свой густ. Адны праводзяць яго ля магазіна, бо “гараць трубы”. “Таксама занятак, — смяецца Мікалай, — толькі ж жыццё адно…”
Жыццё адно, ды розныя ў людзей катэгорыі шчасця. Каму што Бог даў. Адны шукаюць яго ў бутэльцы, другія — у сям’і, трэція, як наш герой, — на пасецы. Дарэчы, удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе “Самы смачны мёд” і атрымаў дыплом трэцяй ступені. Чым не шчасце? Салодкае — і сваё.
Уладзімір МІХНО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>