Об отставке лепельчанин Анатолий Яковлевич рассказывает по-военному лаконично

img_8445 Генералы былымі не бываюць. Гэта ўжо дакладна. Ва ўсім — і ў паходцы, і ў выпраўцы, і ў манеры гаварыць, і нават у тоне размовы — у майго суразмоўцы адчуваецца вайсковасць. Больш за тое — вайсковая элітарнасць. А гэта ёсць ваенная выпраўка плюс генеральскі інтэлект. Я і сапраўды размаўляю з ветэранам чыгуначных войскаў і ДТСААФ Анатолем Сцепуком, генерал-маёрам у адстаўцы.

Пра адстаўку Анатоль Якаўлевіч распавядае без вялікай ахвоты і па-вайсковаму лаканічна. Ну, ды куды ж дзенешся. Чалавеку семдзесят чатыры гады. Ці не час ужо камандаваць пчалінымі вуллямі вунь у Камені… Хацеў сказаць “на дачы”, ды язык не паварочваецца назваць дачаю гэты спрытны домік на Бацькаўшчыне, які Анатоль Якаўлевіч наведвае разы два на тыдзень зусім не ў якасці дачніка, а гаспадаром. Пчолак развёў і сабе слодыччу для душы, і каб справу бацькаву ды дзедаву прадоўжыць, справу ўсяго славутага роду Сцепукоў. А пра “вясельнага генерала” нават і слухаць не хоча. Крыўдна гэта для яго, чалавека высокай самаарганізацыі, які быў і працягвае заставацца ў страі. Вунь і зараз, нават пакінуўшы ДТСААФ, які ўзначальваў пяць гадоў, і сышоўшы з пасады дырэктара цэнтра павышэння кваліфікацыі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў ДТСААФ, выступае ў вайсковых часцях, вядзе актыўную грамадскую працу. Так што па-ранейшаму адчувае сябе генералам.
Ледзьве вольная хвілінка, адразу свае пчалярскія даспехі апранае — і на пасеку.
— Калі б такая арганізацыя жыцця, якая ёсць у пчолак, была ў грамадстве, мы даўно жылі б пры камунізме, — кажа Анатоль Якаўлевіч.
У камунізм ён, мабыць, верыць і дагэтуль. Што значыць, мабыць! Верыць. Інакш бы не “прытуліў” у сябе на лецішчы маладога Валодзю Ульянава, які стаў непатрэбным у роднай вёсцы. Адчыняеш брамку на генералаву дачу і першым цябе сустракае… юны Ленін, гіпсавы, з мілымі, знаёмымі нам, людзям тае эпохі, кудзеркамі. Акурат такі быў на нашых акцябрацкіх зорачках. Ленін схаваўся ў зеляніне дачных насаджэнняў і арганічна прыжыўся тут, зусім як у шалашы ў Разліве, адчувае сябе ў поўнай бяспецы.
Пра палітыку мы з генералам Сцепуком гаварыць не будзем, бо, магчыма, дзе і разыдземся ў поглядах, а пагаворым лепей пра жыццёвае.
Найперш ён мне раскажа пра свой жыццёвы шлях, настолькі багаты фактураю, што нават і не ведаю, ці ўся яна арганічна ўпішацца ў маю лірычную нататку і змесціцца на газетнай паласе. Біяграфія перамены месцаў і вандровак па свеце, шлях па кар’ернай лесвіцы, дакладны і ўпэўнены, тыповы для большасці вайскоўцаў. Аднак ёсць і сваё, эксклюзіўнае, непаўторнае, характэрнае толькі для гэтага чалавека, напрыклад — нейкае дачыненне да касманаўтыкі. І гэта па-сапраўднаму цікава. Аднак пра ўсё па парадку.
-2-
img_8459У Сцепукоў ёсць дзве вызначальныя якасці: яны працавітыя і ўпартыя. Упартыя не ў сэнсе ўпёртыя, а ў сэнсе паслядоўныя ў дасягненні мэты. Напэўна, таму і выбіліся ў людзі. Анатоль — генерал, брат яго Леанід — прафесар, доктар тэхнічных навук і г.д.
Анатоль у школе, здавалася б, не быў выдатнікам, але ж пасля роднай Каменскай, якую скончыў у пяцьдзясят першым, была іншая школа — жыцця. І вось тут ён вучыўся паспяхова. Усё прыйшло спакваля: атрымаў правы трактарыста, папрацаваў. Паехаў вучыцца на токара ў Саратаўскую вобласць, потым там працаваў. А зараз — пра касманаўтыку. Мала таго, што на іх заводзе рабілі нейкія “вінцікі” для касмічнага карабля, дык яшчэ і Анатоль ледзьве не стаў сведкам прызямлення Юрыя Гагарына.
— Бачылі нейкія шарыкі на парашуце, — вобразна распавядае Анатоль Якаўлевіч, — хтосьці прызямліўся на бахчавае поле, ды нас туды не пусцілі. Толькі пасля ўжо з навін даведаліся.
Бываюць цікавыя моманты ў жыцці людзей. Адзін са Сцепукоў вазіў сына Сталіна — таксама цікавы факт.
-3-
Вярнуўшыся з Саратава, працаваў Анатоль токарам на станкабудаўнічым заводзе імя Камінтэрна ў Віцебску. Пасля вучыўся ў Печах на механіка-вадзіцеля, наводчыка гарматы і камандзіра танка — такі вось узаемазамяняльны танкавы экіпаж. У шэсцьдзясят пятым паступіў у Ленінградскае вучылішча чыгуначных войскаў і ваенных зносін, закончыў яго з адзнакаю. Два гады службы курсавым афіцэрам у вучылішчы на вучэбным палігоне “Луга” — і зноў вучоба. На гэты раз — у Ваеннай акадэміі тылу і транспарту. Накіравалі ў Куйбышаўскую чыгуначную брыгаду горада Сызрань, дзе служыў начальнікам штаба аддзялення рамонтнага чыгуначнага батальёна. Адтуль паехаў у Манголію, а жонка — у Цюмень, раджаць ужо другога сына.
З Раісай яны былі аднакласнікамі. Пажаніліся і нарадзіўся першы сын, калі яшчэ Анатоль быў курсантам. Старэйшы сын Ігар закончыў ваенна-палітычнае вучылішча, юрфак і банкаўскую справу. Малодшы, Ілья, — БНТУ, інжынер па рамонце і эксплуатацыі аўтатэхнікі.
Пасля Манголіі быў Казахстан, пасля Казахстана — Цюмень, Сургут, Урэнгой, Табольск, Свярдлоўск, Омск і іншыя гарады — “обыкновенная, судьба нелёгкая военная”. Быў прызначаны ў Маскву намеснікам начальніка ўпраўлення механізацыі чыгуначных войскаў СССР, лічыўся там, а па сутнасці працаваў на БАМе — Ад Тынды да Камсамольска-на-Амуры. Служыў у Вільнюсе і Львове. У Мінск вярнуўся ўжо толькі ў дзевяностых. Стаў начальнікам упраўлення чыгуначных войскаў, пасля ўзначаліў упраўленне транспартных войскаў. Менавіта яго намаганнямі ўдалося ў тыя нялёгкія часіны зберагчы чыгуначныя брыгады і батальёны, якія яшчэ засталіся ў нашай краіне, дзеля гэтага спатрэбілася пераконваць у парламенце дэпутатаў у жыццёвай неабходнасці чыгуначных войскаў для адраджэння эканомікі краіны.
-4-
А затым былі плённыя гады працы ў ДТСААФ. Толькі летась пакінуў генерал-маёр Сцяпук кіраўнічыя вайсковыя пасады. Было ўжо за семдзесят, падводзіла здароўе, ды і ўсё болей, чым далей, цягнула да Бацькаўшчыны. Куды б ні плаваў карабель, а ўсё роўна прычаліць у сваю бухту. І дачу будаваў тут вандроўны генерал, каб тое самае прыстанішча для душы мець, і сад тут, на Бацькаўшчыне, садзіў — яблынькі, грушы, вінаград “Ізабела”. Прышчапляў сам дрэўцы. Увогуле ж, за жыццё сады тры ці чатыры пасадзіў. Успамінае, як з бацькам у пяцідзясятыя гады выкопвалі ў лесе дзічкі і прышчаплялі. Яблыньцы вунь — грапштэйну — больш як паўстагоддзя. А якія ж яблыкі: крамяныя, сакаўныя, з душою. Не тое, што цяперашнія — прыгожыя, а на смак аднолькавыя і без душы. Прыстань тут абсталяваў на беразе — і пакупацца, і рыбку палавіць. Ён аматар. “Вось толькі не разумеюць людзі, — скардзіцца, — ні прыгажосці, ні эстэтыкі. Зрабілі вам прыстань — карыстайцеся, радуйцеся. Ды не — здратуюць, паламаюць”.
Пчолкамі займацца пачаў, калі цешча аднойчы пазваніла. Даўно было, гадоў мо дваццаць таму. Пазваніла, што рой да хаты прыляцеў. Прымчаў з Мінска, рой той уначы пасадзіў у вулей, і з таго часу пачалася салодкая яго пчаліная эпапея. Які ж ён будзе Сцяпук, калі будзе без пчол! А пад старасць, хоць сабе і імі, чаму б не пакамандаваць! Пчолкі — гэта чысціня, парадак, жыццё. А жыццё генерал Сцяпук заўсёды любіў і любіць. І сам ён зрабіў жыццё сваё, бо жыццялюб вялікі.
Уладзімір МІХНО.
На здымках: лецішча на Бацькаўшчыне; генерал ля пчаліных вулляў.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Можно использовать следующие HTML-теги и атрибуты: <a href="" title=""> <abbr title=""> <acronym title=""> <b> <blockquote cite=""> <cite> <code> <del datetime=""> <em> <i> <q cite=""> <s> <strike> <strong>